Упэўнена, што публіка зацікаўлена ў творах, якія, з аднаго боку, артысты пяюць шчыра, а з іншага, - пра якія памятаюць слухачы. Напрыклад, мая песня "Солнце" стала амаль народнай, бо за яе галасавалі прыхільнікі, яе палюбілі, яе пяюць разам са мной на кожным канцэрце. Немалую ролю ў песенным жанры выконвае эмацыйнасць падачы: такі твор мусіць несці праз артыста радасць. А калі і сум, дык - светлы.
Іншая справа - як данесці ўсе названыя рысы да слухача ў адзіным комплексе. Тут вялізную ролю выконваюць СМІ. Абавязкова неабходна зняць годнае відэа, каб візуальна дапоўніць прыгажосць твора. Адразу падкрэслю: кліп можа і нашкодзіць, калі яго зняць няякасна... Канешне, для ўсяго гэтага неабходны рэсурсы, у тым ліку і матэрыяльныя, якія робяць песню папулярнай, даюць ёй "пуцёўку ў жыццё".
Для мяне песні- як дзеці: мне важна не толькі "вынасіць" іх, але і "паставіць на ногі", прычым такім чынам, каб яны былі ва ўсіх на слыху. У такой справе без медыя-падтрымкі - аніяк. Песня ж павінна быць, не раўнуючы, паўсюль: на радыё, тэлебачанні, у аўтамабілях, цягніках, самалётах... Здараліся і такія выпадкі, калі добры, здавалася б, твор праз недахоп увагі да яго не станавіўся хітом. Як прадзюсер я разумею, што трэба надаваць вялікую ўвагу гэтаму аспекту: будаваць масток паміж артыстам і гледачом, які набудзе білет на мой канцэрт.