А другое, без чаго ў нас ніколі не будзе на эстрадзе добрых вынікаў, і што, дарэчы, не патрабуе грашовых укладанняў,- гэта само стаўленне да нашых зорак. Знайсці таленты можна заўсёды: яны - ёсць, і шукаць іх мы ўжо больш-менш "навучыліся". Мы павінны па-сапраўднаму, незалежна ад нашага стаўлення адно да аднаго, любіць і цаніць нашых зорак. Бо чалавечыя адносіны могуць быць рознымі. Хтосьці табе сімпатычны як чалавек, хтосьці - не вельмі: ну не сышліся, як кажуць, характарамі. Але ж навошта перашкаджаць адно аднаму? Працуючы з Лікай, мы пастаянна сутыкаліся з непаразуменнем і нават зайздрасцю. Як толькі ты становішся крыху лепшым за астатніх, з'яўляецца небяспека трапіць у вакуум. А таленту трэба дапамагаць. Не толькі матэрыяльна, але і духоўна, маральна, каб ён не страціў веры ў свае сілы, каб разумеў, што рухаецца па правільным шляху, каб увогуле не расчараваўся ў сваёй справе. І прыклад тут, лічу, можа паказваць сама дзяржава. Павінен выпрацавацца сапраўдны гонар за кожную сваю зорку!
Трэці складнік поспеху я акрэсліла б так: усё пачынаецца з дзяцінства. Менавіта гэтаму прысвечаны наш праект "Зорны сад". Бо справа не толькі ў тым, як знайсці юныя таленты, але і як з самага пачатку стварыць вакол іх спрыяльныя ўмовы, каб юных зорачак ведала ўся краіна. Іншымі словамі, да зорак ставіцца - пазорнаму, незалежна ад іх узросту. Кажуць, тое можа іх "сапсаваць", адбіцца на характары, прывесці да "зорнай хваробы". Гэта не так! Наадварот: добрае стаўленне, насамрэч, выхоўвае. "Зорная ж хвароба" ўзнікае якраз як рэакцыя на непаразуменне: маўляў, вы не бачыце ўва мне зорку, дык я прымушу вас гэта зрабіць!
А яшчэ мне хацелася б пажадаць усім цяперашнім і будучым зоркам: нягледзячы ні на што, стаўце сабе новыя планкі і рухайцеся наперад. Калі бачыце на шляху перашкоду, калі вам наўмысна ставяць падножкі- не спыняйцеся. Я называю гэта так: карабель - плыве!