Прычына - у менталітэце гледача. У Беларусі вельмі цяжка стаць знакамітым, не "засвяціўшыся" за мяжой, нават, калі ўяўляеш з сябе нешта сапраўды цікавае. Згадайма таго ж Івана Вабішчэвіча, вядомага як Дзядзька Ваня: пакуль ён не прыняў удзел у фестывалі "Новая хваля" ў Юрмале, на радзіме нікому не быў цікавы. Або той жа гурт "Атлантыка" спявае на англійскай мове, таму яго першапачаткова палічылі за замежны, і яму было прасцей выступаць на Беларусі.
Сітуацыю можна выправіць пэўным комплексам мер, накіраваных на стварэнне паўнавартаснай музычнай індустрыі. Першы захад тут - планамерная адмена гастрольнага пасведчання для айчынных выканаўцаў. Але такіх, роўных па значнасці, мер дзяржаве трэба прыняць некалькі дзесяткаў, каб значна змяніць сітуацыю ў лепшы бок. Безумоўна, па-за ўвагай не павінна заставацца і абстаноўка ў сферы гуказапісу. Пакуль жа ў гэтым напрамку трэба яшчэ працаваць і працаваць...
Зразумела, сродкі масавай інфармацыі, у першую чаргу - тэлебачанне, могуць зрабіць для нашых музыкантаў шмат карыснага, да прыкладу, прапагандаваць іх творчасць праз свае праграмы. На жаль, апошніх на нашым ТБ не так шмат: не стае музычных шоу, конкурсаў кшталту колішняга "Сярэбранага грамафона". З іншага боку, каб напоўніць эфір новымі, цікавымі выканаўцамі і таленавіта напісанымі кампазіцыямі, даводзіцца прыкладаць вялікія намаганні: глядач стаміўся ад адных і тых жа твараў...