Усё астатняе - мёртванароджаныя творы, што ўзнікаюць ад неўтаймоўнай прагі лёгкай пажывы, лёгкай славы. Такія "песні" імгненна сыходзяць у нябыт. І ўсё гэта натуральна: мыльная бурбалка - не паветраны шар, на ім не ўздымешся і не залунаеш...
Сапраўднага творцу нельга загнаць у нейкі закаснелы фармат, як немагчыма акіян змясціць у літровым слоіку. Прыкладам нефармальнай песні - мулявінскі "Крык птушкі": тут словы, музыка, аранжыроўка, выкананне, рэжысура - унікальныя. А працягласць гучання даведзена да 9 хвілін.
Я схіляю галаву перад неабдымным талентам Уладзіміра Мулявіна. Аб'яднаная творчая група, якую ўзначальваю, працуе цяпер над новай аранжыроўкай рок-оперы "Курган" паводле паэмы Янкі Купалы. Сёлета, дарэчы, спаўняецца 100 гадоў з моманту яе напісання. Прэм'еру оперы збіраемся прэзентаваць не як шоу, а як трагічны расповед аб прызначэнні творцы. І гэта - наша даніна памяці Уладзіміру Мулявіну.
Што паўплывае на з'яўленне якасных беларускіх песень? На мой погляд, - урэгуляванне адносін паміж аўтарам і выканаўцам. А добрая песня - гэта талент плюс адукацыя. Сённяшняя ж беларуская эстрада, як ні шкада, у горшых у сваіх праявах нагадвае мне часцяком самадзейнасць узроўню піянерскага летніка...