А цяпер уявіце, што атрымліваецца, калі гатовыя нумары - ёсць, а магчымасці іх паказаць - няма. Да 65-годдзя Перамогі мы падрыхтавалі шмат ваенных песень, а запатрабаванымі аказаліся толькі двое юных салістаў. Дзе ж паказаць астатнія нумары?
На радыёстанцыях дзіцячыя песні - "не фармат". Дзіцячага тэлеканала ў нас няма. Ды і дзіцячых музычных праграм - таксама! Адна такая, якую вяла Ксенія Сітнік, была колькі часу таму на тэлеканале "ЛАД". Потым яе закрылі, а ўзамен - нічога! Тыя ж Андрэй Кунец, Аляксей Жыгалковіч - дзе іх можна ўбачыць і пачуць? У лістападзе ў нас пройдзе дзіцячае "Еўрабачанне". Каго з нашых артыстаў мы там убачым? Нават у якасці вядучай запрасілі замежную выканаўцу: пераможцу 2004 года Марыю Ізабэль з Іспаніі. Вы можаце ўявіць, каб у той жа Іспаніі "Еўрабачанне" праходзіла з... беларускай вядучай? Таму, каб развівалася наша песня, наша эстрада, трэба, найперш, навучыцца заўважаць і паважаць сваё.
Цяпер вельмі важна "не ўпусціць" маладое пакаленне. Тады праз дзесяцігоддзе мы маглі б атрымаць публіку, узгадаваную не на расійскай "папсе", а на нашых, беларускіх песнях. Што слухаюць людзі сталага веку? Тую музыку, з якой звязана іх маладосць, іх пазітыўныя эмоцыі. Дык давайце правядзём тынейджарскі фестываль, віктарыны, створым цікавыя дзіцячыя, падлеткавыя тэлепраграмы! Сёння ў гэтай сферы - сапраўдны вакуум. Цяпер Ксенія Сітнік ездзіць па рэспубліцы з праектам "Гукі школ", - збіраюцца поўныя залы! Пасля кожнага канцэрта, нават калі яна спявае ў ім усяго адну песню, - па паўгадзіны аўтографы раздае. Дык, значыць, ёсць попыт на нашу дзіцяча-падлеткавую эстраду! Чаму ж тады нам яго не скарыстаць? Чаму не папулярызаваць сваіх юных зорачак?..