Раней усім гэтым займаліся рэдакцыі радыё і тэлебачання. І там, дарэчы, таксама працавалі асобы, спецыялісты экстракласа ў галіне музыкі і эстрады. Яны гуртавалі вакол сябе лепшых творцаў, скіроўвалі іх у неабходны бок, замаўлялі тэмы, зводзілі разам кампазітараў, паэтаў і артыстаў. Іншымі словамі, працавалі разам з творцамі не проста над асобнымі песнямі, а над развіццём гэтага жанру, тым самым рухаючы наперад усю культуру. Сёння ж электронныя СМІ ажыццяўляюць асобныя праекты: больш удалыя, менш удалыя. Але асобныя праекты надвор'я не зробяць! Да таго ж, тыя ініцыятывы, вельмі часта - сярэдняга і ніжэй сярэдняга ўзроўню- выдаюцца за шэдэўры...
Не думайце, што раней, маўляў, "шэрасці" не было або яе было меней. Не! Але яна была не такая заўважная на фоне яркіх, адметных асоб. Спытаецеся: дзе ж іх знайсці? Наўрад ці на конкурсах. Конкурсаў цяпер шмат, але на іх далёка не заўсёды можна вызначыць менавіта асобу. У лепшым выпадку - узровень падрыхтоўкі, спрактыкаванасць, прыродныя даныя. Яшчэ горш, калі менавіта па конкурсах (прычым нават не па перамогах, а - па саміх удзелах у спаборніцтвах) пачынаюць складаць уражанне аб адоранасці чалавека.