Адкрыла семінар-практыкум намеснік дырэктара Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Ванда Дуброва. Яна пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з новымі кірункамі і прапановамі па формах перападрыхтоўкі спецыялістаў сацыякультурнай сферы. Намеснік начальніка аддзела інавацыйных тэхналогій у сацыякультурнай дзейнасці ІПКПК Лілія Жмачынская адзначыла, што праблематыка, якой прысвечаны семінар-практыкум, разглядалася на канферэнцыях і іншых сустрэчах з практыкамі неаднаразова, але ў такім разгорнутым фармаце сітуацыя аналізуецца ўпершыню.
Тон рабоце семінара задало цікавае і ёмістае выступленне дацэнта кафедры дзяржаўнага будаўніцтва Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Віктара Ярмоленкава. Выступоўца распавёў прысутным пра нашу краіну ў кантэксце пераходу да ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Вывераны баланс "прырода - грамадства", рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў, прадуманае нарошчванне вытворчасці і абавязак перад будучымі пакаленнямі аб захаванні духоўных каштоўнасцей - менавіта на гэтых "кітах" і трымаецца перспектыўная ўстойлівасць нашага развіцця. Немалаважная роля тут належыць аддзелам культуры. Да прыкладу, першая такая стратэгія для сельскай тэрыторыі была распрацавана ў свой час для горада Дзісна Міёрскага раёна. Гэткая ж канцэпцыя рыхтуецца і для Лепельскага рэгіёна.
Кожнае мястэчка павінна мець брэнд, прыродны або гісторыка-культурны аб'ект, вакол якога наладжваецца культурная работа, развіваецца экаі агратурызм. Дарэчы, пра абавязковую анімацыйнасць такіх брэндавых аб'ектаў з актыўным удзелам мясцовых аддзелаў культуры "К" піша далёка не першы год.
Па меркаванні дацэнта кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ Івана Крука, уся беларуская сакральная "геаграфія" - святыя мясціны, капішчы, гаючыя крыніцы і асобныя валуны - таксама павінна стаць эпіцэнтрам брэндавых творчых намаганняў нашых работнікаў культуры. Такая еднасць з прыродай і гісторыяй Беларусі апрача духоўных набыткаў прынясе і грашовыя дывідэнды.
Пра формы працы ўстаноў культуры па экалагічным выхаванні насельніцтва гаварыла прафесар кафедры педагогікі і сацыякультурнай дзейнасці БДУКіМ Надзея Самерсава. А начальнікі аддзелаў культуры Любанскага райвыканкама Васіль Каткавец і Глыбоцкага райвыканкама Рыма Муравей падзяліліся з прысутнымі вопытам работы клубных і бібліятэчных устаноў.
Удзельнікі семінара-практыкума атрымалі на электронных носьбітах нарматыўна-прававыя дакументы па метадычным суправаджэнні працы ўстаноў культуры і аматарскіх калектываў, прыкладныя палажэнні аб стварэнні новых варыятыўных і інтэграваных тыпаў і мадэлей устаноў клубнага тыпу, лепшыя сцэнарыі клубных мерапрыемстваў і сцэнарна-метадычныя матэрыялы па арганізацыі работы з рознымі катэгорыямі сельскага насельніцтва. Удзельнікам семінара былі раздадзены пакеты прафесійнай і сцэнарнаметадычнай літаратуры.
Андрэй СТАРЖЫНСКІ