В.Сумараў. “Мой дом”.
Унікальнасць і значнасць акцыі ў тым, што гэта першая персанальная выстаўка майстра, чыё імя запалілася на мастацкім небасхіле яшчэ на рубяжы 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Але гледачы, мусіць, упершыню ўбачылі такую вялікую колькасць карцін мастака, сабраных разам, у тым ліку новыя варыянты палотнаў цыкла “Горад майго дзяцінства”, творы апошніх гадоў. Усе яны раскрываюць творчасць жывапісца з розных бакоў. Тое характэрна для Сумарава— нястомнага працаўніка, пазбаўленага самалюбавання, для якога мастацтва не на словах, а на справе з’яўляецца галоўным сэнсам жыцця. Мо таму ён палічыў мэтазгодным выставіць свае работы побач з тымі, каго ён і сёння працягвае называць “мае дзеці”.
Менавіта яго студыя, куды прымаліся ўсе ахвотныя, дзе не было падзелу на таленавітых і “не вельмі”, адкрыла дарогу ў свет мастацтва цэлай плеядзе вядомых цяпер як у Беларусі, так і за яе межамі мастакоў, архітэктараў, дызайнераў, мастацтвазнаўцаў, культуролагаў, і гэта заслуга Сумарава як педагога. Для Васіля Фёдаравіча навучанне дзяцей заўсёды было не проста дзеяннем — а і ўзаемадзеяннем: ён вучыў іх маляваць, знаёміў з жыццём праз мастацтва, ды сам, працуючы побач з дзецьмі, вучыўся адчуваць законы іх ўспрымання, якія забараняюць мастаку прыблізнасць і фальш. Нездарма Сумараў лічыць гады, якія правёў у студыі, лепшымі ў жыцці: праз адносіны з дзецьмі ён знайшоў і здолеў захаваць у сваім жывапісе невычэрпную крыніцу творчай энергіі, спалучэнне неспатольнай увагі да ўсяго навакольнага асяроддзя і чыста юначага запалу з той сур’ёзнасцю, з якой ён ставіўся і да дзяцей, і да прафесіі. У экспазіцыі прадстаўлены кераміка (А.Леантовіч, І.Леантовіч, А.Маркаўцаў), тэкстыль (М.Голубева, Э.Малішэўская, А.Каралёва), лялькі (А.Савелічава), дызайн (Д.Сурскі), жывапіс і графіка (Г.Балаш, А.Дзямідаў, А.Задорын, І.Бархаткоў, Р.Заслонаў, М.Шматава, Л.Шчасная, Д.Сумарава-Копач і К.Сумарава ды інш.). Але, незалежна ад індывідуальнай манеры кожнага аўтара, агульным аказваецца галоўнае, чаму вучыў іх Настаўнік, — мастацкі густ і прафесійная культура выканання.
Чысціня дзіцячага ўспрыняцця і цяпер працягвае быць для Сумарава крытэрыем шчырасці і творчым стымулам новых пошукаў ды эксперыментаў: у сваёй сям’і ён навучае ўнукаў (ужо трэцяе пакаленне мастакоў), з’яўляецца старшынёй журы дзіцячых і юнацкіх мастацкіх выставак. Ці не таму жывапіс сталага майстра ўражвае вострай сучаснасцю, сюжэтнай і колеравай раскаванасцю, шчырасцю эмоцый, поўнай самааддачай? Ён нічога не можа рабіць напалову. І гэтая выстаўка, якая прадоўжыцца да 15 лютага, стала яшчэ адным удалым эксперыментам і новым этапам творчага шляху.
Марына ЭРЭНБУРГ