Гадоў 15 таму мясцовы калгас вырашыў узводзіць гаспадарчым спосабам клуб. Час пасля распаду Савецкага Саюза быў супярэчлівы і не надта просты ў эканамічным плане — аб’ект пакрысе займеў вызначэнне “даўгабуд”. Толькі сцены і паспелі ўзвесці. Гаравалі не вельмі, бо праз дарогу месцілася будыніна паўвекавога “ўзросту”, якую і выкарыстоўвалі пад сельскі клуб. Хоць і старэнькі дамок, але высілкамі аддзела культуры і стараннямі загадчыка ўстановы Людмілы Краўчэні выглядаў і дзейнічаў як мае быць.
Вясковая дзятва і моладзь вакол Людмілы Іванаўны так і раілася. Хоць і маленькая глядзельная зала (яна ж — танцавальная), хоць і не ставала месца для работы гурткоў і краязнаўчага аб’яднання (вынік дзейнасці — клубны пакой-музейчык сялянскага побыту), але СК план па аказанні платных паслуг заўжды выконваў, — летась, да прыкладу, зарабіў мільён рублёў...
На вуліцы Садовай аграгарадка “Хадакі”. |
Справа вось у чым: паколькі грошы на Івацэвіччыне выкарыстоўваюцца без прамаруджванняў, улады раёна нязменна выдаюць Фосцікавай карт-бланш, а пад выплату на рамонт і ўзвядзенне бяруць крэдыты. І яшчэ: неасвоеныя па рэспубліцы грошы напрыканцы кожнага года размяркоўваюцца па больш разваротлівых ды кемлівых аддзелах культуры раёнаў. У ліку іх, безумоўна, і Івацэвіцкі, бо няма большай крыўды для начальніка мясцовага аддзела культуры, чым пачуць, што нейкая арганізацыя не ўпраўляецца, мякка кажучы, з асваеннем грошай. Маўляў, гэтыя сродкі — ды на культуру б раёна... Вельмі падрабязна пісаў пра азначаную фінансавую стратэгію ў артыкуле “Навука асвойваць грошы”. (Каго з начальнікаў аддзелаў культуры за жывое зачапіла — перачытайце для агульнадзяржаўнай карысці!)
Дык вось, загадчыца Хадакоўскага СК Людміла Краўчэня рыхтуецца стаць дырэктарам Хадакоўскага СДК.
І года не мінула, як недабудаваныя сцены ператварыліся ў сапраўдны палац. Ведаючы аўтарытэт клубніцы, рабочыя “Івацэвічыкапбуда” нават колер пакояў у новым будынку штодня ўзгаднялі менавіта з ёю...
Работа выканана вялізная. Праведзена сур’ёзная карэкціроўка маральна састарэлага праекта, у выніку рэалізацыі якога з’явіліся ў сельскім Доме культуры зала на 250 месцаў, фае з функцыяй дыскатэчнай залы (ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва Краўчэня літаральна з усімі пазнаёмілася, каб дапамаглі прыдумаць арнамент каванага аздаблення дзі-джэйскага “закутка”, дзе стацыянарна будзе захоўвацца ўся музычная апаратура), а таксама пяць пакояў для гуртковай работы, у тым ліку і памяшканне артыстычнай для будучых гастралёраў — калектываў і салістаў. І бібліятэка магчымасці пашырыла: займела чытальную залу, кнігасховішча... Ёсць у СДК выгоды для інвалідаў-калясачнікаў. Словам, СК — у мінулым, будучыня — за СДК. Статус памяняла не толькі вёска, але і клуб...
А старэнькі будынак СК, які сумна пазірае маленькімі аканіцамі на шыкоўныя
Праз навюткі шклопакет Хадакоўскага СДК бачны Хадакоўскі СК. |
Карацей, “Хадакі” хады прыбавілі. І статус памянялі, і маштабы адказнасці перад народам. Аддача цяпер ад мясцовых культасветнікаў чакаецца двайная-трайная. І не толькі ў фінансавым плане. Людміла Краўчэня цяпер, пакрысе забываючыся на клопат галоўнага хадакоўскага будаўніка, думае над пашырэннем уласных творчых магчымасцей. Адна з ідэй — наладзіць на базе музейчыка і гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва выраб адмысловых і дэфіцытных на сёння кошыкаў. Дай Бог, каб ідэі гэтыя доўжыліся бясконца і рэалізоўваліся з карысцю для ўсіх.
Ці бывае шмат грошай?
Гаворка сённяшняя не столькі пра “Хадакі” і крэатыўнасць тамтэйшых клубнікаў, колькі — пра гнуткасць стратэгіі развіцця нашай культуры. І грунтоўнасць будаўніцтва тут з эканамічнай мэтазгоднасцю — дзве родныя сястры, якія жыць адна без адной не могуць.
Да прыкладу, хтосьці можа запытацца: ці не маглі б патрываць “Хадакі” (пры наяўнасці хоць і старога, але досыць дыхтоўнага СК), бо асваенне мільярда не пашкодзіла б пасёлку Косава?! Ён хоць і не аграгарадок, але, маючы такія знакавыя аб’екты, як палац Пуслоўскіх ды дамок Касцюшкі, заўжды прыцягвае да сябе безліч гасцей, турыстаў, аматараў даўніны з усёй Беларусі і замежжа. А развіццё адпаведнай інфраструктуры тут робіць ужо першыя, хоць і ўпэўненыя, крокі...
Пытанне слушнае, але на першы, мабыць, не надта дасведчаны, погляд. Справа ў тым, што наяўнасць любога даўгабуда, у тым ліку і колішняга хадакоўскага, абкладаецца немалымі штрафнымі санкцыямі, і ліквідацыя гэткай “чорнай фінансавай дзіркі” з’яўлялася для раёна задачай першачарговай. І на сёння гэтае пытанне паспяхова знята з парадку дня.
Перад тым, як павесці больш падрабязную гаворку пра Косава, хачу падкрэсліць вось яшчэ што.
Па-мастацку аформлены “закуток” дзі-джэя і месца захоўвання музычнай апаpатуры. |
А наконт таго, мрояць тут ці не пра мільярды на пашырэнне маттэхбазы, шчыра зазначу: мрояць. І правільна робяць. Зусім не банальная на сёння выснова, што сквапны плаціць нават не двойчы, а тройчы, становіцца ў сферы нацыянальнай культуры ці не зыходным прынцыпам — і ў эканамічным, і ў духоўным значэннях. І ад паўсюдных, але кропкавых і капеечных уліванняў сэнсу, шчыра скажам, аніякага. Хто яшчэ сумняваецца — узгадайце Мір і Нясвіж, іншыя аб’екты культуры, якія даводзіліся да ладу сістэмна.
Таму і палітыка ў начальніка аддзела культуры Івацэвіцкага райвыканкама Любові Фосцікавай ніяк не звязана з фінансавымі аб’ёмамі “чайнай лыжкі”. І толькі ёй адной, напэўна, вядома, якіх высілкаў, і маральных і фізічных, вымагае рэалізацыя штодзённых фінансава-будаўнічых планаў. Адзін з галоўных — далейшая рэканструкцыя Косаўскага ГДК.
Косава, Мілейкі: патрэбна дапамога вобласці
Клуб у гарадскім пасёлку Косава месціўся да пэўнага часу ў будынку, узведзеным яшчэ ў 1920-я — 30-я.
Быў прыняты аптымальны варыянт пераезду ўстановы культуры ў будынак былога мэблевага вытворчага аб’яднання. Слова не разышлося са справай, і ўжо на карэнную рэканструкцыю гарадскога Дома культуры было асвоена 180 мільёнаў рублёў. Але грошай хранічна не стае. Як вы думаеце, колькі сродкаў, па падліках Любові Фосцікавай, спатрэбіцца, каб не сорамна было глядзець у вочы айчынных і замежных турыстаў, што нязменна цікавяцца косаўскай даўніной? Больш за мільярд рублёў. Але і аргумент у галоўнага “культурніка-будаўніка” раёна самы што ні ёсць жалезны: “Займаемся не толькі аграгарадкамі, але і вёскамі, пасёлкамі!” І гістарычнае Косава тут — ледзь не на першым месцы, бо ягонае аблічча і сацыякультурная структура — прэстыж не толькі раёна і вобласці. І калі б не фінансавыя праблемы са штрафнымі санкцыямі па даўгабудзе ў вёсцы Хадакі, мільярд з гакам быў бы выкарыстаны, безумоўна, у гарпасёлку Косава. Але мільярды — не грыбы, самі па сабе не з’яўляюцца. Аднак у Івацэвічах спадзяванняў не губляюць: маўляў, губернатар Брэстчыны Канстанцін Сумар у Косаўскім палацы бывае, мясцовыя праблемы да драбніц ведае не з чужых слоў...
Косаўскі палац. |
Падкрэслю яшчэ раз: “Культура” не вышуквае недахопы, а імкнецца да далейшага ўзаемакарыснага, канструктыўнага дыялога з раёнамі і абласцямі, хоча дапамагчы не толькі прачулым журналісцкім словам, але і канкрэтнай справай. У гэтым, дарэчы, — адзін з найпершых прафесійных абавязкаў СМІ...
А наконт магчымых пярэчанняў на месцах — “Вось гэтак, з грашыма, і мы б маглі працаваць!” — зазначыць магу хіба што адзінае: “Вось гэтак, спадарове, і працуйце, як у Івацэвіцкім раёне!”
Ад дыхтоўнага клуба і аддача — не капеечная
У “Гошчаве” будынак СДК не пазнаць: калгаснае памяшканне 1960-х гадоў ператварылася ў сучасную культурную ўстанову з прыбудовай. Тэрыторыя — добраўпарадкаваная. Вакол — ажурны каваны плот (характэрная адмысловасць ледзь не ўсіх клубаў Івацэвіччыны). Натуральна, і фінансавая аддача ад рэалізацыі планаў па аказанні платных паслуг значна павялічылася. А ці можа быць інакш?! Не кажу ўжо аб фактары чалавечага даверу, які нашых культработнікаў літаральна акрыляе і натхняе на новыя творчыя пошукі.
Пра “Даманава” пісаў у чэрвеньскім артыкуле. І там на сёння СДК нагадвае гарадскі Палац культуры. І дзяўчаты — баявыя і нястомныя...
А вось на аграгарадку “Целяханы” хацелася б спыніцца больш падрабязней. Надта ўжо тут нестандартныя падыходы да выкарыстання матэрыяльнай базы прасочваюцца. І справа зусім не ў люстраной столі дыскатэчнай залы — хоць гэта і досыць арыгінальная з’ява. ДК пасля рамонту пераўтварыўся тут у Цэнтр культуры і адпачынку. Але гаворка пра бібліятэкі — дарослую і дзіцячую. Месціліся яны ў прыстасаваных хатках і штодня чакалі аграгарадоцкіх пераўтварэнняў. Сістэмны падыход будаўнічага перапрафілявання і эканамічнай мэтазгоднасці і на гэты раз спрацаваў вельмі вынікова...
Хадакоўскі сельскі дом культуры. |
Словам, нездарма начальнік аддзела культуры Любоў Фосцікава вольна аперыруе такімі будаўнічымі тэрмінамі, як “бетонная сцяжка”, “калор”, “працэнтоўка” і г. д., а эканаміста аддзела лічыць сваёй правай рукой...
Замест заключэння
Перадкамандзіровачная згадка. На мінскім прывакзальным пляцы нейкі дзядзька з няўздымнымі валізкамі запытаўся па-руску: “А гэта вашы тралейбусы, беларускія?” — “Нашы”, — адказаў я. “А аўтобусы таксама вы самі робіце?” — “Мы...” Той нават валізкі на лаўку апусціў...
Зараз пішу гэтыя радкі і думаю: вось гэтага госця з Расіі — ды на экскурсію б у Хадакі. Здзіўленню не было б межаў! Новыя аўтобусы ў гарадах і СДК у вёсках — рэчы, здавалася б, розныя, але сведчаць пра адно: у выніку сістэмнага падыходу кроўны рубель напоўніцу працуе на беларускі дабрабыт і нашу прэстыжнасць у свеце.
Яўген РАГІН,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Івацэвіцкі раён — Мінск
Фота аўтара