— Год быў для нас сапраўды насычаным, — распавёў галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Беларусі Віталь Кульбакоў. — І атрыманне аркестрам прэміі выклікала самыя ўзвышаныя пачуцці, бо гэта сведчанне таго, што наша праца была заўважана і адзначана. Асабліва хваляўніча было атрымаць узнагароду з рук Кіраўніка дзяржавы.
Падводзячы вынік нейкім уласна творчым здабыткам, назапашаным летась, узгадаю сустрэчу з народнай артысткай Грузіі і Расіі Тамарай Гвердцытэлі. Як удзельнік аркестра, я сустракаўся з ёй і раней: яна часта прыязджае ў Беларусь і ўжо выступала з нашым калектывам. Але як дырыжор я быў уражаны тым, што літаральна з першай хвіліны рэпетыцыі ўзнікла такое пачуццё, быццам мы правялі з ёй ужо не меней як тысячу канцэртаў. Мы разумелі адно аднаго з паўслова, і сама рэпетыцыя праляцела, бы адно імгненне. Дый па сваёй працягласці яна не перавышала час самога канцэртнага выступлення, бо мы не паўтаралі нумары, неабходныя дэталі з’яўляліся непасрэдна ў працэсе выканання. Сам канцэрт таксама атрымаўся вельмі душэўным — і паводле атмасферы, створанай спявачкай, і па тым рэпертуары, які яна абрала. Была закранута не толькі любоўная лірыка, найбольш характэрная для рамансаў і эстрадных кампазіцый, але і сацыяльная тэматыка, песні пра вайну.
Тэма Вялікай Айчыннай, Дзень Перамогі застаюцца для аркестра вельмі важнымі. Летась ім таксама быў прысвечаны шэраг канцэртаў, уключаючы тэлепраекты “Народжаныя вайной”, “Подзвіг народа несмяротны” і іншыя, запісаны сацыяльны ролік да Дня Незалежнасці.
Вельмі запомніўся канцэрт “Ганна Герман — 85. Рэха кахання…”, прысвечаны творчасці спявачкі. Яна і сама пісала песні, але супрацоўнічала з самымі выбітнымі кампазітарамі і паэтамі, якія стваралі яе рэпертуар. Выконваць песні, што сталі класікай жанру, — вялікае задавальненне.
Своеасаблівым музычным адкрыццём стала выступленне нашага калектыву ў святочнай праграме Дня беларускага пісьменства ў Капылі. Мы падрыхтавалі музыку да мультфільмаў, і многія не толькі гледачы, але і артысты аркестра здзіўляліся, што раней ці не ведалі гэтых твораў, ці не здагадваліся, што яны нашы, беларускія. А тое, што канцэрт адбываўся на вуліцы, у фармаце open air, прыцягвала да яго самую размаітую публіку: не толькі тых, што свядома хацеў патрапіць на наша выступленне і паслухаць беларускую музыку, але і звычайных мінакоў.
Другі год запар на “Славянскім базары ў Віцебску” маладыя спевакі, што прыязджаюць змагацца за перамогу ў Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні, выступаюць у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра. Такія стасункі з творчай моладдзю розных краін надаюць нам свежае дыханне, асабліва ў перыяд пандэміі, калі непасрэдныя жывыя кантакты аказаліся звужанымі. Бо ў кожнага з іх — свае разыначкі выканання, свой музычны светапогляд, свае падыходы да той ці іншай абранай кампазіцыі. Некаторыя ўпершыню спяваюць з аркестрам, і гэта дадае ім імпэту, а нам — адказнасці.
Сёлетняе лета ўвогуле аказалася для нас даволі спякотным. У жніўні, на які ў многіх прыпадае адпачынак, у нас за 10 дзён было 12 канцэртаў. І гэта далёка не мяжа! Падрабязна згадваць можна ўсе нашы выступленні, бо кожнае мае асаблівасці. Гэта і канцэрт у рамках Усебеларускага народнага сходу пры ўдзеле Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча і артыстаў беларускай эстрады, і сімфарок у выкананні калектыву разам з Джо Лін Тэрнерам як частка праекта “Легенды сусветнага року”. А таксама “Песні маёй краіны” ў Александрыі, праграмы да Дня хіміка і Дня шахцёра ў Салігорску, “Класіка савецкай эстрады” на адкрытай пляцоўцы ў сталіцы ў Верхнім горадзе, удзел у Рэспубліканскім спартыўна-масавым фестывалі “Вытокі. Крок да Алімпу”, у Дні горада ў Мінску. Асаблівай старонкай стала наша супрацоўніцтва з тэатральным праектам “ТрыТфармаТ”: спектаклі “Не вожык!”, “Княжна Мэры” і іншыя, пастаўленыя маладым расійскім рэжысёрам Таццянай Самбук, ідуць з жывой музыкай, а не з інструментальнай фанаграмай.
Не менш насычаным абяцае быць і 2022 год, бо сёлета спаўняецца 20 гадоў нашаму аркестру і 25 гадоў — Палацу Рэспублікі, калектывам якога мы з’яўляемся. Такі падвойны юбілей будзе адзначаны суцэльнай серыяй канцэртаў, дый іншых імпрэз звычайна бывае багата. На гэтыя святы мы таксама працавалі: удзельнічалі ў многіх мерапрыемствах, ігралі на Навагоднім маладзёжным балі ў рамках акцыі “Нашы дзеці” ў Палацы Незалежнасці. Расслабляцца няма калі.