Сёння, калі Міхася Антонавіча не стала, гэтыя размовы прыгадваюцца з асабліва шчымлівым, тужлівым пачуццём.
…Аднойчы я папрасіў Міхася Антонавіча распавесці крыху пра сваіх продкаў.
— Мае бацькі, — расказаў ён тады, — звычайныя земляробы. Тутэйшыя, з Вілейшчыны. Бацька, Антон Іванавіч, родам з Цынцавіч, а маці, Людміла Антонаўна, — з суседняй вёскі Жаўткі. Мая беларускасць ад маці. І ўсе маральныя, духоўныя каштоўнасці таксама ад яе. З дзяцінства вучыла мяне: гэтага не рабі — грэх, так не кажы — сорамна… Малапісьменная вясковая жанчына, яна была сапраўдным інтэлігентам. Старалася не пакрыўдзіць чалавека, памагчы яму. Клапацілася не толькі пра сваё, але і пра грамадскае дабро. Вельмі перажывала, калі дзе што рабілася не так, не па-людску.
А мая музыкальнасць ад дзеда. Іван Антонавіч, ці, як яго называлі ў вёсцы, Янук, выдатна іграў на скрыпцы. Ніводнае вяселле ў акрузе не абыходзілася без яго ўдзелу. А маці цудоўна спявала. У нашай хаце, колькі я сябе помню, заўсёды жыла матчына песня і дзедава музыка. Таму зусім не дзіўна, што я ўжо недзе гадоў з шасці стаў уяўляць сябе музыкам. Браў дошку, набіваў два рады цвікоў і бегаў па іх пальцамі: тува-тува, тува-тува… Бачачы такую маю цягу да музыкі, маці ўгаварыла бацьку купіць для мяне гармонік. Між іншым, гэта была для сям’і немалая ахвяра — ажно пуд жыта, на той час цэлае багацце.
Гармонік я асвойваў самавукам. Падбіраў мелодыі на слых і ў дзесяць гадоў ужо мог выконваць увесь вясковы рэпертуар — вальсы, полькі, прыпеўкі… І, відаць, іграў някепска, таму што ўзялі ў мясцовы ансамбль. Аднак даволі хутка я зразумеў, што на гэтым, вясковым, набытку далёка не заедзеш — трэба вучыцца. І калі мае бацькі ў 1957 годзе пераехалі ў Вілейку, я пайшоў там у восьмы клас сярэдняй школы і паралельна — у першы клас музычнай. Пасля дзесяцігодкі я ўжо цвёрда рашыў для сябе: буду толькі музыкантам. Паступіў у Віцебскае музычнае вучылішча і паспяхова яго скончыў. Ну а далейшы мой шлях ты ўжо ведаеш: з вучылішча — у кансерваторыю, з кансерваторыі — у аркестр народных інструментаў…
Калі аркестру імя Жыновіча споўнілася восемдзесят гадоў, я вырашыў узяць у Міхася Антонавіча невялікае інтэрв’ю для адной з рэспубліканскіх газет. І запытаў у яго: што надае калектыву творчую адметнасць, яркую індывідуальнасць? Ён на нейкі момант задумаўся, як бы шукаючы ў думках найбольш дакладнае, найбольш ёмістае вызначэнне, і адказаў:
— Наш аркестр унікальны сваёй асновай — групай цымбалаў. Дзякуючы гэтаму ў інструментоўцы твораў, якія выконваем, мы можам рабіць вялікае мноства спалучэнняў як чыстых, так і змешаных тэмбраў. Скажам, могуць быць адны цымбалы, альбо цымбалы з габоем, з баянам, альбо цымбалы, габой і кларнет… Колькасць камбінацый, як і ў шахматах, проста фантастычная. І вось ад таго, як усё гэта пачуе і ўвасобіць кампазітар, адчуе і аздобіць, ведаючы магчымасці аркестра, аранжыроўшчык, творча, зыходзячы са свайго мастацкага густу, музычнай фантазіі, прачытае і інтэрпрэтуе дырыжор, — ад гэтага, уласна кажучы, і залежыць прыгажосць гучання аркестра, яго індывідуальнасць. Хаця, безумоўна, ёсць і нейкія агульныя задачы, агульныя правілы. Мы павінны, скажам, дакладна ведаць дыяпазон гучання таго ці іншага інструмента і ў залежнасці ад гэтага ведаць, які голас ён мае, дзе гэты голас будзе лепш гучаць — у верхнім дыяпазоне альбо сярэднім. А можа, паставіць яго гучанне на самую мяжу… Зноў-такі, гэта — цэлая навука, якая называецца інструментоўка.
І яшчэ. У свой час мне ўдалося заахвоціць да супрацоўніцтва лепшых нацыянальных творцаў. Для нас пісалі кампазітары старэйшага пакалення — Мікалай Чуркін, Анатоль Багатыроў, Яўген Глебаў, Генрых Вагнер, Юрый Семяняка, маладзейшыя — Дзмітрый Смольскі, Кім Цесакоў, Валерый Іваноў, Андрэй Мдывані… Дарэчы, апошні за свае сімфоніі “Полацкія пісьмёны” і “Памяць зямлі”, якія прагучалі ў нашым выкананні, атрымаў Дзяржаўную прэмію рэспублікі. Гэткую ж прэмію атрымаў і Віктар Помазаў. Мы выконвалі яго сюіту “Вясковыя музыкі” і “Батлейку”. Хачу сказаць, што ранні адыход гэтага таленавітага кампазітара — вялікая страта для беларускай музычнай культуры.
Міхась Казінец як мастацкі кіраўнік Нацыянальнага аркестра народнай музыкі заўсёды з вялікай пашанай і цеплынёй гаварыў пра музычную творчасць беларусаў, шчодрае багацце фальклору, яго яркую адметнасць.
— Так, ноты ва ўсім свеце аднолькавыя. Але ў кожнага народа ёсць свая інтэрваліка, свой перапеў, што ўласціва толькі гэтаму народу. Музыка, як гэта ні дзіўна, пры ўсёй яе абстрактнасці нясе адбітак, адметнасць, своеасаблівы “водар” той зямлі, на якой яна нарадзілася. Узяць, скажам, славянскія песні — рускія, беларускія, украінскія. Па сваім меласе яны вельмі блізкія, аднак наскую, родную мы пазнаем беспамылкова, сэрцам адчуем. Нашы песні больш мілагучныя, душэўныя, часцей за ўсё журботныя, ціхія. І гэта вельмі важна, бо ў ціхай песні ёсць думка, ёсць пачуццё. Беларус, калі спявае, ён думае, суперажывае. Наогул народнай музыкі дрэннай няма. У кожнага народа — найвыдатнейшая музыка. Таму што музыка — гэта душа народа. Яго гісторыя. Яго культура. Народная мелодыя, тая, што стваралася многімі людзьмі, шліфавалася, удасканальвалася на працягу многіх стагоддзяў, — такая мелодыя заўсёды выдатная.
Што датычыцца прафесійнай музыкі, то яна стала развівацца не так даўно, гадоў 70-80 таму. А раней усё, што ў нас стваралася, вывозілася ў Еўропу і там заставалася. І ўсё ж, нягледзячы на сваю маладосць, беларуская музыка мае значныя дасягненні, годна глядзіцца на еўрапейскім фоне. Асабліва сімфанічная музыка. Кожны раз, калі мы яе гралі за мяжою, яна цудоўна прымалася.
Партрэт Міхася Казінца быў бы няпоўны, калі б я не сказаў пра яго незвычайнае захапленне кнігаю.
— Можна недаесці, недаспаць, — не раз гаварыў ён, — але застацца без кнігі — немагчыма. Люблю літаратуру класічную, рэалістычную. Яна мацней бярэ за душу. Помню, калі чытаў “Людзі на балоце” Мележа — плакаў. Лічу, што гэты раман нават мацнейшы за “Ціхі Дон”. Ва ўсякім разе для мяне. А “Новая зямля” Коласа! Гэта сапраўды энцыклапедыя народнага жыцця, якую можна чытаць і перачытваць бясконца. Асабліва лірычныя, філасофскія адступленні. Захапляюся творамі Шамякіна, Караткевіча, Быкава. Вельмі люблю паэзію Максіма Танка. Яна глыбока хвалюе мяне, прымушае задумвацца над многімі рэчамі. Паэты — гэта пасланнікі Бога, якія выхоўваюць нас не толькі сваімі творамі, але і сваімі ўчынкамі. Праз Танка я прыняў адно важнае для сябе рашэнне. Калі адчую, што прыйшоў мой час, я, як і мой любімы паэт, скажу таксама, каб мяне пахавалі на радзіме, побач з маімі бацькамі. Лічу, што чалавек павінен вяртацца туды, адкуль прыйшоў.
Міхась Казінец сказаў гэта дзесяць гадоў таму. А 31 снежня 2021 года воля Маэстра была выканана.
Зіновій ПРЫГОДЗІЧ, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі
За дырыжорскім пультам.