Юрый Язан. "Митрапаліт міласэрны"
— Спадар Глеб, коратка раскажыце пра пленэр і выставу.
— Пленэр праходзіў з 3 па 17 верасня на Маладзечаншчыне. Базай была абрана аграсядзіба, да якой мы ўжо даўно прызвычаіліся, бо не першы раз ладзім там творчыя акцыі. Мастакам былі створаны вельмі спрыяльныя для працы ўмовы. Побач, дарэчы, Валожыншчына — а гэта мясціны Фердынанда Рушчыца. Усё наваколле надзвычай маляўнічае. Я мяркую, што там самыя прыгожыя ў Беларусі аблокі.
На выставе па выніках пленэру прадстаўлена 45 твораў. Магло быць і болей, але мы зыходзілі з той экспазіцйыйнай прасторы, якую мог нам прапанаваць Нацыянальны мастацкі музей. Дарэчы, дзеля нашай выставы знялі частку пастаяннай экспазіцыі. Мы ўсведамляем, які гонар нам аказаны і спадзяемся, што наша выстава вартая гэтых, як прынята казаць, намоленых сцен.
У пленэры бралі ўдзел 23 мастакі з трох краін — Беларусі, Малдовы, Расіі. Самаму старэйшаму ўдзельніку 81 год. Самаму маладому — 24 гады. Усе яны маюць вышэйшую прафесійную адукацыю. Так мы для ўдзелу ад Беларусі ў пленэры адабралі лепшых выпускнікоў кафедры жывапісу і кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Ад кожнай кафедры па двое. Былі і тыя, хто адвучыўся даўно і ўжо мае творчае імя. Мы не рабілі ўзроставых межаў. Наадварот — дбалі пра творчую пераемнасць пакаленняў.
Асаблівасцю гэтага пленэру было тое, што разам з мастакамі ў звыклым разуменні ў ім бралі ўдзел таксама іканапісцы. І яшчэ пленэр спрыяў усталяванню трывалых кантактаў паміж святарствам і людзьмі мастацтва. Зрэшты, адну справу робім.
— Іканапіс і жывапіс, як мы яго разумеем, гэта розныя эстэтычныя сістэмы. У адным выпадку вызначальны канон, у другім — здольнасць даць новую трактоўку традыцыйным каштоўнасцям. Як гэта спалучалася ў супольнай творчай працы?
— Як я ўжо згадаў, адну справу робім. І менавіта гэта вызначальнае. На выставе не толькі эцюды, што для пленера было б натуральна, але і кампазіцыйныя творы, сюжэтныя карціны, іконы. Вельмі цікава было назіраць, як мастакі ўваходзілі ў тэму, як праца над творамі наўпрост ці ўскосна рэлігійнымі змяняла людзей нават вонкава. Калі праца робіцца з малітвай, яна абавязкова будзе плённай.
Асвячалі наш пленэр два архірэі — мітрапаліт Веніямін і маладзечанскі ўладыка Павел. А яднала нас асоба Філарэта. Я ведаю, як уладыка любіў жыццё і людзей. Думаю, гэта і іншыя ўдзельнікі пленэра адчулі праз знаёмства з ягоным жыццяпісам і ўсведамленнем ролі, якую ён адыграў у гісторыі нашай краіны. І па магчымасці адлюстравалі гэта адчуванне, разуменне ў сваіх творах.
— Тут, у Нацыянальным мастацкім музеі, побач з экспазіцыяй твораў пленэру знаходзіцца выстава дзіцячай творчасці. Тут таксама нададзена ўвага асобе ўладыкі Філарэта і ўвогуле рэлігійнай тэматыцы. Я так разумею, што гэта не выпадкова?
— Так. Падчас нашага пленэру мы абвясцілі конкурс дзіцячага малюнка. І дзеці з усёй краіны дасылалі нам работы. Набралася каля двухсот прац. У адборы работ для выставы, што зараз экспануецца побач з выставай пленэру, бралі ўдзел дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, іканапісец Павел Жараў і я. Скажу шчыра, вылучыць лепшыя работы было даволі складана. Адабрана было 24 работы. Але паколькі галасы ў нас падзяліліся, і кожны меў пункт гледжання адрозны ад сваіх калег, мы вырашылі зрабіць потым асобную выставу, дзе будуць прадстаўлены ўсе дасланыя на конкурс творы. А пакуль мы плануем вылучыць з гэтых дваццаці чатырох работ дзесяць лепшых і ўзнагародзіць іх аўтараў. Тут розныя ўзроставыя катэгорыі. Ёсць тыя, каму чатырнаццаць; тыя, каму шэсць гадоў. Малюнкі юных мастакоў мяне асабліва ўразілі, таму што мы, прафесіяналы, ці то не дацягваем да той шчырасці, якую дэманструюць дзеці, ці то згубілі яе праз сталенне і жыццёвыя варункі.
— Рэлігія вельмі сур’ёзная справа. Чалавек можа ісці да веры ўсё жыццё. А што ж можа сказаць пра гэта дзіця — асоба якая яшчэ не мае адпаведнага жыццёвага досведу і не можа паўнавартасна асэнсаваць, што ёсць вера, у поўнай меры зразумець значнасць асобы мітрапаліта Філарэта?
— Ведаеце, немаўлят, увогуле дзетак да пэўнага ўзросту называюць анёлкамі, бо яны яшчэ не паспелі начапіць на сябе грахі. Дзеці яшчэ не сапсавалі свой чысты зрок, не разбесцілі розум. Яны проста робяць тое, што адчуваюць. І гэтае адчуванне, як я мяркую, ёсць у іх працах.
Калі гаворка ідзе пра дзіцячую творчасць, дык ўсё падаецца мне цікавым і годным. Але ж мы былі вымушаныя абраць самыя лепшыя работы. А гэта значыць, мусіў быць нейкі крытэрый. Мы вылучылі тыя творы, дзе аўтар ставіў перад сабою сур’ёзную задачу, хацеў выявіць вобразы, асэнсаванне якіх патрабуе разумовай працы. Дарэчы, датычыць гэта не толькі дзяцей, але і дарослых.
— Як вы ставіцеся да выразу, “Прыгожа як ранняе хрысціянства”?
— Добра стаўлюся. Ранняе хрысціянства гэта ў нейкім сэнсе сінонім шчырасці, пра якую мы з вамі вядзем гаворку. Згадваю, як мне давялося наведаць Кападокію. Я там тройчы быў на міжнародных пленэрах. Там мноства хрысціянскх святынь. Я шмат што бачыў там і мог параўнаць роспісы чацвёртага, шостага, восьмага, дванаццатага стагоддзяў. Там бачна, як мастацтва зыходна эмацыйнае, пачуццёвае паступова трансфармуецца ў канон. Натуральны, зрэшты, працэс.
Сярод ранніх роспісаў мне запомнілася выява серафіма. Ён намаляваны адной лініяй, як дзеці малююць. Вось такое мастацтва, падобнае на дзіцячае, і ўвасабляе для мяне раніцу хрысціянскай цывілізацыі. Цяжка захаваць дзіцячую чысцыню ў варунках жыцця. Але некаторым гэта дадзена.