Фестываль традыцыйнай культуры прайшоў у Браславе 29 — 30 мая. Па вядомых эпідэміялагічных прычынах ён не быў такім шматлюдным, як папярэднія. Але прадстаўнікі творчых суполак 17 рэгіёнаў з сямі краін свету даслалі свае віншавальна-канцэртныя візітоўкі ў рамках відэафоруму “Мастацтва без межаў”.
Па-ранейшаму прадстаўнічай ды спеўнай была Браслаўская харавая асамблея. Уражанне было такое, што суладна спявалі разам з выканаўцамі зямля, неба ды азёры браслаўскія. Па-ранейшаму вызначалася маляўнічасцю свята сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава”.
А былі яшчэ канцэрт баянна-акардэоннай музыкі, конкурсы юшкі і народных танцаў. Словам, цягам двух дзён Браслаўскі фальварак не адпускаў гасцей.
Годна падрыхтаваліся да фэсту не толькі клубныя работнікі. Зместу свята адпавядалі экспазіцыі Браслаўскага аб’яднання музеяў. Да паслуг жыхароў і гасцей шмат разынак прыдумалі і бібліятэкары.
Цікава, чым будзе адрознівацца ад папярэдняга фэст, якому споўніцца 55 гадоў? Пажывём — пабачым.