Ля гарадской Ратушы была ўсталявана спецыяльная канструкцыя “з сакрэтам”. Рэпрадукцыя знакамітай “Зорнай ночы” нідэрландскага мастака канца ХІХ стагоддзя Ван Гога, у якога цяперашнія даследчыкі прасочваюць прыкметы расстройстваў аўтыстычнага характару, была намалявана… без зорак: іх месца занялі адтуліны, куды кожны мог утыркнуць атрыманую ў арганізатараў святладыёдную лямпачку. Такое інтэрактыўнае далучэнне да жывапіснага шэдэўра павінна было сімвалізаваць неабходнасць удзелу грамадскасці ў лёсе аўтыстаў, магчымасці пошукаў узамеапаразумення і супрацоўніцтва з такімі людзьмі.
Рэалізацыю гэтага на практыцы прадэманстравала прэм’ера спектакля “Восем пачуццяў, ці Нараджэнне чалавека”, што прайшла на сцэне Рэспубліканскага Палаца прафсаюзаў. Спектакль пра тое, якія эмоцыі авалодваюць чалавекам і што з імі рабіць, быў падрыхтаваны Сямейным інклюзіў-тэатрам “І” на чале з Ірынай Пушкаровай і мастацкім кіраўніком галандскага тэатра Kazou пры тамтэйшым цэнтры даследавання аўтызму — Хансам Салемінкам, які паставіў некалькі сцэн. Наступны паказ плануецца ў маі, магчыма стварэнне відэаверсіі.