Гендырэктар паведаміў, што за мінулы год тэатрам было зладжана больш за 400 мерапрыемстваў. Лічба значна перавышае ўсталяваны нарматыў, што стала магчымым дзякуючы пастаноўцы спектакляў разнастайных жанраў.
— Пры планаванні рэпертуару мы ўлічваем такія крытэрыі, як узроставыя групы, камерцыйны поспех, стварэнне якаснага фестывальнага прадукту, — распавёў Вячаслаў Іванавіч.
Тэатр штогод ладзіць найстарэйшы ў Беларусі міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”. За 24 гады свайго існавання ён прыняў больш за 600 калектываў з 57 краін свету. Між іншым, сёлетні фэст стане адным з вядучых мерапрыемстваў у рамках святкавання тысячагоддзя Брэста. Акрамя гэтага, праходзяць міжнародныя фестывалі класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары” і майстроў мастацтва “Стракаты цюльпан”.
Па словах выступоўцы, летась дзякуючы мэтаваму фінансаванню, а таксама за кошт асабістых сродкаў, установа палепшыла сваю матэрыяльна-тэхнічную базу і аднавіла вялікую глядзельную залу. Пры гэтым, тэатр працягвае шукаць магчымасці дадатковага даходу. Прыцягвае да супрацоўніцтва рэкламадаўцаў, пашырае спектр паслуг: напрыклад, з’явіліся такія новыя кірункі камерцыйнай дзейнасці, як экскурсіі па закуліссі і тэатральная студыя для дарослых. У выніку, памер няпрофільных даходаў за мінулы год узрос больш чым у паўтара разы. Гэта адбілася на заробку супрацоўнікаў тэатра.
— Канешне, ён яшчэ далёкі ад жаданага, але мы працягнем рух у тым кірунку, — зазначыў гендырэктар.
Летась быў праведзены рэбрэндынг сайта: ён набыў сучасны дызайн, функцыянал, англамоўную версію. Тэатр прадстаўлены ў найбольш папулярных сацсетках, абвесткі пра будучыя прэм’еры суправаджаюцца тызерамі спектакляў.
— Адзначу, група нашых падпісчыкаў ва “УКантакце” налічвае больш за пяць тысяч чалавек і з’яўляецца самай вялікай сярод беларускіх тэатраў краіны, — сцвярджае спадар Гарбузаў. — Штомесяц на старонку заходзіць каля 800 унікальных наведвальнікаў. Асноўная частка — маладыя людзі ва ўзросце 25 — 30 гадоў. Той самы кантынгент, за які мы павінны змагацца. Актыўная дзейнасць у інтэрнэце дае нам хуткую зваротную сувязь, якая выкарыстоўваецца пры планаванні далейшых высілкаў, а таксама для аналізу якасці праведзеных мерапрыемстваў.
У рамках прафесійнага развіцця трупы на працягу года быў праведзены шэраг майстар-класаў спецыялістаў тэатральнага мастацтва, а брэсцкія акцёры прынялі ўдзел у ХІІ Міжнароднай летняй тэатральнай школе ў Падмаскоўі. На гэты год запланаваны ўдзел калектыву ў як мінімум чатырох міжнародных фестывалях. Робяцца крокі па захаванні памяці пра людзей, якія свой талент аддалі служэнню тэатру: арганізаваны збор сродкаў, каб летам усталяваць у Брэсце ганаровыя дошкі народным артыстам БССР Анатолю Логінаву і Таццяне Зарынок.
Як і многія абласныя тэатры, брэсцкі калектыў сутыкнуўся з праблемамі ў фарміраванні трупы: прасочваецца гендарны дысбаланс, не хапае маладых спецыялістаў, дасведчанага тэхнічнага персаналу. Для вырашэння гэтай праблемы Вячаслаў Гарбузаў прапануе аднавіць у Брэсцкім музычным каледжы акцёрскі курс.