Іван Салярцінскі, чыё імя носіць імпрэза, быў мастацтвазнаўцам шырокага профілю. Таму актуальны сёння сінтэз мастацтваў працінае ўсю праграму фестывалю. А распачала яе адкрыццё выстава плакату “Гульня ў класіку. Варыяцыі № 3”. У сваіх работах маладыя дызайнеры выходзяць за рамкі двух вымярэнняў у пошуках новых вобразаў, натхнёных музыкай.
— Кожны год да нас на фестываль прыязджаюць вядомыя музыканты. Гэта дае нам невычэрпную тэму для творчасці, — падзялілася з журналістамі куратар выставы Наталля Тарабука.
Гэтым жа вечарам прайшоў сольны канцэрт заслужанага артыста Расіі, аднаго з самых запатрабаваных піяністаў свету Барыса Беразоўскага. Дзякуючы садзейнічанню сына мастацтвазнаўцы Дзмітрыя Салярцінскага, які доўгія гады дапамагае ў арганізацыі і правядзенні фестывалю, знакаміты музыкант упершыню ўключыў Віцебск у спіс гастрольных гарадоў — нягледзячы на свой шчыльны канцэртны графік.
А 5 снежня віцяблян чакаў вечар камернай музыкі. Лаўрэат міжнародных конкурсаў і самы перспектыўны скрыпач свайго пакалення Гайк Казазян уразіў гледачоў выкшталцонай тэхнікай і глыбокім гукам. Разыначкай канцэрта стала саната Джузэпэ Тарціні “Пакінутая Дыдона”, якая выконваецца вельмі рэдка і таму стане сюрпрызам для большасці слухачоў.
Тэатральна-музычны праект “З жыцця насякомых”, які будзе паказаны ў гэтую суботу, спалучае паэзію рускага паэта-аберыута Мікалая Алейнікава і музыку сучаснага беларускага кампазітара Валерыя Воранава. Думаецца, такі інструмент, як тэрменвокс, што выкарыстоўваецца ў музычна-вакальным цыкле, многія віцебскія меламаны пачуюць ўпершыню. Традыцыйным для фестывалю будзе выступ знакамітага калектыву “Класік-Авангард” пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Байдава.
Заключным акордам фестывалю стане канцэрт Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь, які пройдзе 12 снежня. У праграме прагучыць твор маладога беларускага кампазітара Канстанціна Яськова “Кросны Макошы”. Інструментальную партытуру гэтага незвычайнага складання дапоўніць народны голас Эвяліны Шчадрыной. У другім аддзяленні канцэрта выступіць вядомы французскі скрыпач Франсуа Піно-Бенуа.
Асаблівай увагі заслугоўваюць ХХ Навуковыя чытанні. Сёлета выйдзе ўжо другая кніга пра фэст — гэта своеасаблівы летапіс, які распавядае пра апошнія дзесяць гадоў яго насычанай мастацкімі адкрыццямі гісторыі.
Вікторыя АВІК