Ужо тое, што ад задумы да рэалізацыі такога маштабнага праекта, у якім задзейнічаны Міністэрства замежных спраў, нашы пасольствы на еўразійскай прасторы, UNESCO, уладныя структуры і культурныя ўстановы сталіцы, прайшло менш за год, можна лічыць выдатным дасягненнем. Гэта вам скажа кожны, каму хоць раз у жыцці даводзілася хадзіць па кабінетах, збіраючы ўсялякія дазволы ды ўзгадненні. Атрымліваецца, калі трэба, можам працаваць аператыўна і плённа.
Удзельнікі выставы прадстаўляюць далёка не ўсе еўрапейскія краіны, але дакладна ўсе рэгіёны кантынента. А паколькі культурныя працэсы ў краінах-суседзях узаемазвязаныя і ўзаемаабумоўленыя, мы маем падставы лічыць, што ў залах Галерэі Міхаіла Савіцкага прадстаўлены асноўнымі напрамкамі і тэндэнцыямі ўвесь абшар еўрапейскага выяўленчага мастацтва. Так, сербскі мастак Радаван Трнавац Міца можа ў пэўным сэнсе лічыцца тут амбасадарам усёй постюгаслаўскай прасторы. Уласцівае яму памкненне асэнсаваць у глабальным кантэксце драматычныя падзеі найноўшай гісторыі ягонай радзімы блізкае творцам Македоніі, Харватыі, Чарнагорыі, іншых частак колішняй федэрацыі. Няма на выставе Швецыі, Даніі, Нарвегіі, але дух Паўночнай Еўропы выяўлены ў жывапісе фінскай мастачкі Ірыны Шувалаф.
Калі выстава сапраўды аб’ектыўна адлюстроўвае стан сучаснага еўрапейскага жывапісу, дык атрымліваецца, што ў Старым Свеце пік цікавасці да бясформеннай формы і бессюжэтнага зместу ў чарговы раз пройдзены, а грамада зноў шануе фігуратыўнасць, прадметнасць і апавядальнасць. Гэта відаць па работах такіх мастакоў як Дуільё дэ Джэнара Гомэс (Мадрыд), С’юзі Гэмілтан (Лондан), Іван Экснэр (Прага), Міхаэль Фукс (Вена), Марэк Ярота (Браціслава). Але і патэнцыял беспрадметнага жывапісу застаецца нявычэрпным, захоўваючы сваю прывабнасць як сродак творчага асэнсавання быцця. У мастацтве ўвогуле нічога з аднойчы адкрытага не знікае, але адаптуецца да новай рэчаіснасці. Свае эксперыменты па выяўленні сутнаснага праз няўяўнае дэманструюць Луіш Радрыгіш (Лісабон), Тыбо Дырыкс-Вісшэрс (Брусэль), Джузэпэ Атыні (Рым), Ульрых Уфрэхт (Берлін), Карнэліу Васілеску (Бухарэст).
Цікавыя стылёвыя метамарфозы адбываюцца ў мастацтве краін постсавецкай прасторы. Гадоў 20 — 25 таму некрытычнае ўспрыманне пэўных узораў заходняга мастацтва ў спалучэнні са спецыфічнай савецкай ментальнасцю стварыла тут моду на эпатажнасць і дэманстратыўную разняволенасць. Відаць, такое мастацтва было запатрабаваным. Публіка бачыла ў ім эстэтычны адбітак рэчаіснасці, у якой панавалі экстрым і няпэўнасць. Цяпер, калі жыццё больш-менш усталявалася, мастакі вяртаюцца да памяркоўнай стылістыкі і зместу, шчыруюць у рэчышчы крыху падзабытых традыцый. Глядзіш на сучасных мастакоў Балтыі і міжволі прыгадваеш савецкую Прыбалтыку… Ілюстрацыяй да гэтай тэзы я лічу творы Андрыса Эглітыса (Рыга), Мары Роасвальт (Талін), Довіле Тамкуце (Вільнюс).
У мастацтве Беларусі, Расіі, Украіны звыкла шануецца рэалістычная форма. Калі ёсць падставы сумнявацца, што мастак не здольны працаваць у рэчышчы фігуратыўнасці і прадметнасці, публіка можа адмовіць яму ў праве лічыцца прафесіяналам. Таму нават абстрактныя паняцці творцы названых краін звычайна выяўляюць праз канкрэтыку вобразаў, на якія аўдыторыя традыцыйна настроена. Прыкладам такога метаду з’яўляюцца работы Віктара Альшэўскага (Мінск). Варта адзначыць псіхалагізм партрэтаў работы Руслана Кутняка (Кіеў), эфектную дэкаратыўнасць нацюрмортаў Зураба Цэрэтэлі (Масква), жаночыя партрэты Святланы Авінавай (Санкт-Пецярбург), у якіх спалучаецца паэтыка Сярэбранага веку і кідкасць вобразаў “пін-ап”. Уладзівасток, апошняя кропка мастацкай вандроўкі па абшарах Еўразіі, прадстаўлена творчасцю Юрыя Аксёнава — майстра сюжэтнага жывапісу з элементамі настраёвай умоўнасці.
Мяркую, пэўную цікавасць для публікі ўяўляюць раслінныя матывы Ан-Мары Валадось (Парыж), колеравыя экспрэсіі Дорыт Клёмп (Амстэрдам), Зігрыд фон Гунтэн (Берн) і Тудара Збырні (Кішынёў), жывапісныя медытацыі Джузэпэ Атыні (Рым) і Любэна Генава (Сафія), старасвецкія краявіды Марэка Мадэя (Варшава).
Напачатку планаваўся ўдзел у праекце мастакоў шэрагу азіяцкіх краін. Рэальна ж Азію тут прадстаўляе толькі Казахстан — Ерлан Назаркулаў (Астана). Мастака вабяць этнаграфічныя матывы, якія ён трактуе з гледзішча ўрбанізаванай культуры.
Міжнародная выстава сучаснага мастацтва “Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока” стала падзеяй не толькі культурнай, але, відавочна, і сацыяльна-палітычнай. Нездарма ідэя сімвалічна сабраць усю Еўропу (а лепей, усю Еўразію), яе культурныя чыннікі, пад адным дахам, у адзінай экспазіцыйнай прасторы, была падтрымана UNESCO. Будзе крыўдна, калі гэтым разам усё і скончыцца, і аналагічную выставу, толькі з шырэйшым колам удзельнікаў, мы не пабачым праз год. Няхай бы гэта культурная акцыя, якая зыходна задумвалася як разавая, сталася пілотным праектам і ўвайшла ў беларускую, еўрапейскую, еўразійскую традыцыю. На карысць нашай краіне і нашым суседзям па кантыненце.