Я скончыў культасветвучылішча ў Магілёве, потым завочна — Універсітэт культуры і мастацтваў. Працую ў бабруйскай Дзіцячай школе мастацтваў на музычным аддзяленні. Граем з вучнямі ў тым ліку і яўрэйскія мелодыі. Самі сабе прыдумалі прадмет, дзе ў дадатак да асноўнай праграмы вучым дзяцей пераймаць музыку без нот — на слых. Не ўсе спраўляюцца, але ў некаторых атрымліваецца.
Яўрэйскія мелодыі шукаю ў Інтэрнэце, дзе на гэтую тэму вельмі шмат інфармацыі. У этнаграфічныя экспедыцыі не езджу, таму нейкай беларускай спецыфікі ў музыцы ансамблю “Тхея” няма, хіба што ўсходнееўрапейская наогул. Назваць нас гуртом клезмерскай музыкі ў поўным сэнсе слова нельга. Клезмер — гэта той, хто выконвае музыку ўсходнееўрапейскіх яўрэяў-ашкеназі, засвоеную на слых. У нашым жа ансамблі — людзі з акадэмічнай адукацыяй. У рэпертуар уваходзяць і сусветна вядомыя мелодыі, без асаблівай лакальнай прывязкі. Імкнемся па меры сваіх фінансавых магчымасцей удзельнічаць у конкурсах, нядаўна былі на фестывалі клезмерскай музыкі ў Адэсе. Чулі пра польскія фестывалі, але туды пакуль не ездзілі. Ведаю, што клезмерская музыка вельмі папулярная ў ЗША…
Канешне, этнаграфічныя яўрэйскія мелодыі — гэта сапраўдны скарб. На жаль, я невялікі спецыяліст у гэтай галіне. Кантактаваць з патомнымі клезмерамі мне не даводзілася. Нават не ведаю, ці магчыма зараз адшукаць яўрэйскага музыканта, які б у свой час засвоіў рэпертуар на слых. Але ведаю, што яшчэ на пачатку 2000-х зацікаўленыя даследчыкі, пераважна непрафесійныя, аматары, запісвалі ў Беларусі найгрышы ад патомных музыкантаў. Дарэчы, насуперак стэрэатыпам, яўрэйскія музыканты гралі разам з хрысціянскімі, чаму ёсць гістарычныя сведчанні.
25 ліпеня нас запрасілі суправаджаць інсцэніроўку вяселля Шагалаў у Віцебску. Арганізоўвала ўсё віцебская абшчына: шукалі спонсараў, замаўлялі касцюмы. Цудоўную вясельную сукенку Бэлы зрабіла дызайнер Ірына Красоцкая. Цырымонія ж праходзіла ў дворыку Дома-музея Марка Шагала. Усё адбывалася на вуліцы, невыпадкова і мае гістарычныя карані: яўрэйскае вяселле, хупа, часта праводзілася на вольным паветры. Некаторыя нават лічаць гэта абавязковай умовай легітымнага яўрэйскага шлюбу. Часамі, калі цырымонію хацелі правесці ў памяшканні, над балдахінам рабілі адтуліну ў страсе, каб выканаць рэлігійнае прадпісанне.
На сапраўдным яўрэйскім вяселлі нашаму ансамблю пашчасціла граць толькі аднойчы. Нягледзячы на шматлікасць бабруйскай абшчыны, традыцыйныя вяселлі ўжо амаль ніхто не ладзіць. А клезмерская музыка развівалася менавіта як музыка вясельная. Дык вось, адзін наш зямляк з’ехаў працаваць у Маскву, стаў паспяховым бізнэсмэнам. Калі вырашыў адгуляць вяселле, то прыехаў у родны Бабруйск, каб зладзіць традыцыйную цырымонію. Нас запрасілі з музычным суправаджэннем. Было вельмі прыгожа, для ўсёй абшчыны тое сталася вялікай падзеяй.
Збольшага наш ансамбль грае ў рэстаранах і на канцэртах яўрэйскай самадзейнасці. Запрашаюць нас па ўсёй Беларусі.