Лаўрэат І прэміі Мацвей Круцікаў з Оршы з настаўніцай Л.Каровінай.
Дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вераніка Сахарава, да прыкладу, паведамляе, што пераможцамі вярнуліся з французскага Міжнароднага музычнага конкурсу навучэнцы сталічных школ мастацтваў № 10 і № 17: пяць піяністаў, якія выступалі ў катэгорыях "сольнае выканальніцтва" і "фартэпіянны ансамбль". Іван Пракушэнкаў, Кацярына Гарыновіч, Паліна Танасевіч, Анастасія Макглінчы, Крысціна Абламейка заваявалі на пяцярых шэсць Гран-пры ў розных катэгорыях, два першыя месцы і спецыяльны прыз выдавецтваў за лепшае выкананне. Самаму малодшаму ўдзельніку — шэсць гадоў, самаму старэйшаму — трынаццаць.
Французскі конкурс — адзін з прэстыжных. У арганізацыйны камітэт уваходзяць вядомыя грамадскія і музычныя дзеячы, а ў журы — знакамітыя піяністы. Заключны тур сабраў 449 фіналістаў з Францыі, Бельгіі, Італіі, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Аўстраліі, Латвіі, Літвы, Германіі, Украіны, Беларусі…
Пра чарговую нашу перамогу піша настаўнік Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў № 3 Наталля Дайнэка. Справа ў тым, што пяты год запар Орша прымае ўдзельнікаў Міжнароднага конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці "Ружа вятроў у Беларусі". Свята, якое доўжыцца чатыры дні, дае добры стымул для далейшага ўдасканалення… Сёлета асабліва напружаная конкурсная канкурэнцыя назіралася ў намінацыях "Эстрадны вакал", "Выканаўцы на народных інструментах" і "Інструментальная музыка",
Інструментальны ансамбль Аршанскай ДШМ № 3 у складзе Арыны Івановай (флейта) і Сафіі Андросавай (фартэпіяна) атрымаў дыплом другой ступені. А фартэпіянны дуэт Мар’яны Леснінай і Таццяны Ізмайлавай з той жа школы — дыплом трэцяй ступені. Гэткую ж узнагароду атрымала піяністка Паліна Пастаногава. Дыпломам першай ступені ўшанавалі васьмігадовага баяніста Мацвея Круцікава, які ўдзельнічаў у гала-канцэрце пераможцаў. Лаўрэатам першай прэміі стала эстрадная вакалістка Валерыя Суравіцкая.