Другая сімптаматычная рэч: дзве прапанаваныя і важныя тэмы для культуры краіны — “Буйныя гістарычныя дзеячы” і “Гераічная барацьба савецкага народа супраць нямецка-фашыскіх захопнікаў” — засталіся без вызначаных пераможцаў. Пра што гэта сведчыць? Крызіс ідэй? Адсутнасць сапраўды моцнага сцэнарыя? Адсутнасць канкурэнтнай барацьбы? У той час, калі тэлеканал “АНТ” дэманструе расійскі тэлесерыял “Арлова і Аляксандраў” аб славутай пары савецкага кінематографа, ды, да слова, рэкламуе прэм’еру драмы пра паэтэсу Марыну Цвятаеву — “Люстэркі” рэжысёра Марыі Мігуновай, — у дачыненні да постацей беларускай культуры таго ж ХХ стагоддзя анічога падобнага не назіраецца.
Магчыма сапраўды не было годнай заяўкі, але на дадзены момант маем тое, што маем: беларускія гістарычныя постаці ў маленькіх і вялікіх эфірах саступаюць месца расійскім. І беларуская нацыянальная ідэнтычнасць па-ранейшаму канструюецца збольшага дакументальным і на траціну анімацыйным кіно.
Конкурс выявіў яшчэ адзін недахоп — годных праектаў на ваенную тэматыку. У год 70-годдзя Перамогі тое, магчыма, асабліва прыкра, але сучасны кантэкст патрабуе новага і тонкага падыходу па падобнай тэмы, якая мае шмат падводных камянёў: ад залішняй заангажаванасці — да гламурызацыі. У гэтым выпадку няўдача будзе ў разы больш прыкрай, таму, магчыма, падобная паўза — з ліку не толькі вымушаных, але і разумных.
***
Міністэрствам культуры краіны падведзены вынікі Адкрытага рэспубліканскага конкурсу кінапраектаў на вытворчасць фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў.
У конкурсе прынялі ўдзел 35 кінапраектаў (27 ігравых, 8 неігравых) ад 15 арганізацый кінематаграфіі.
У адпаведнасці з Палажэннем аб Адкрытым рэспубліканскім конкурсе кінапраектаў на вытворчасць нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў, зацверджаным Пастановай Савета Міністраў ад 24 лютага 2012 г. № 174, конкурснай камісіяй вызначаны наступныя пераможцы Адкрытага рэспубліканскага конкурсу кінапраектаў на вытворчасць нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў:
Кінапраекты ў ігравой форме
Па тэме “Сацыяльная маладзёжная праблематыка, якая раскрывае праблемы наркаманіі”:
“Участак лейтэнанта Качуры. Фільм 4. “Чорнае павуцінне” — УП “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”;
Па тэме “Дзейнасць сучасных абаронцаў Айчыны па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”:
“Дзяржаўная мяжа. Фільм 12. “Ілжывая мэта” — УП “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”;
Кінапраекты ў неігравой форме
Па тэме “Найноўшая гісторыя незалежнай Рэспублікі Беларусь”:
“Летапіс. Самае важнае” — УП “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”;
Па тэме “Дасягненні Рэспублікі Беларусь у разнастайных галінах і сферах дзейнасці”:
“Рэспубліка Беларусь. ХХІ стагоддзе” — УП “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”;
Па тэме “Настаўнікі беларускай школы”:
“Педагагічная паэма” — УП “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”.
Па прапанаваных тэмах “Буйныя гістарычныя дзеячы — ураджэнцы Беларусі” і “Гераічная барацьба савецкага народу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў” конкурсная камісіяй пераможцы не вызначаны.
Улічваючы важнасць тэм, звязаных з айчыннай гісторыяй, для развіцця сучаснага беларускага кінематографа і неабходнасць іх увасаблення на самым высокім ідэйным і мастацкім узроўні Міністэрства культуры разгледзіць пытанне аб вынясенні тэм, звязаных з гістарычным мінулым беларускага народа, на чарговы конкурс кінапраектаў, якія плануецца аб’явіць у 2015 годзе.
Інфармацыя аб правядзенні наступнага конкурсу кінапраектаў будзе размешчана на сайце Міністэрства культуры і ў газеце “Культура”.