Сірэны, што ўпрыгожылі культурны кантэкст горада. / Фота аўтара
Узімку ж усё па-іншаму. Выразна праступае і таямніца, і душа, і чароўнасць кожнага горада, з’яўляецца магчымасць адухаўляць урбаністычную прастору падзеямі і ценямі гістарычных герояў, што калісьці жылі тут. Нарэшце, аказваецца, што акрамя турыстаў, ёсць і мясцовыя жыхары. А галоўнае, як для мяне, — няма знясільваючых чэргаў у музеі, выставачныя залы і галерэі.
Гэтай зімой я правяла дзесяць дзён у Каталоніі, на беразе мора ў невялічкім мястэчку Камбрылсе. Здавалася б, нічога асаблівага: курорт. Райскае месца для адпачынку на пляжы з залатымі іскрамі ў пяску. Тут заўсёды пахне морам і рыбай. Ціха, спакойна, манатонна-банальна. Гэта на першы погляд. У мяне ў гэтым мястэчку ёсць добры сябар — сучасны каталонскі жывапісец, скульптар, кераміст Давід Кая Жэнэ. Цяпер яго ведаюць і мае таленавітыя сябры ў Мінску — і крытыкі, і гледачы. Пісала пра Давіда і “К” ў 2013-м.
А пачыналася ўсё колькі гадоў таму вось якім чынам. Паўтара месяца ў Іспаніі. Ну, колькі можна плаваць, загараць, есці ды піць віно? Праз час зрабілася проста сумна. І раптам... На маленькай плошчы старога горада — пустыя рамы на нацягнутых ад даху да даху вяроўках. Афіша з адзіным словам “Выстаўка”. Раптам разумею: ад лёгкіх павеваў ветру рамы… рухаюцца і ўзлятаюць, а “карціны”, “зняволеныя” ў іх, змяняюцца. То гэта балконы з дзіўнымі кветкамі, то фантан на плошчы, то гадзіннік на вежы, то перспектыва маленькай вулачкі — усё жыве і дыхае. Увечары абвешчана адкрыццё выстаўкі. Але раптам пачынаецца моцная, толькі на поўдні магчымая, навальніца. Вырашыла пайсці ў галерэю і пазнаёміцца з мастаком. Чамусьці думала, што галерэйшчыкам акажацца пажылы, пузаты і не вельмі цвярозы іспанец. Ані!
Давід Кая Жэне — малады прыгажун, што размаўляе і па-французску, — добразычлівы, гасцінны, прамяністы. Галерэя, яна ж і майстэрня, — гэта мікра- і макрасвет, і космас, і паралельны свет. У карцінах яркая паўднёвая палітра фарбаў, экспрэсія, стыль і вытанчаны густ. Нечакана высветлілася, што побач з сувенірнымі крамамі, крамкамі з купальнікамі, надзіманымі матрацамі і сонцаахоўнымі акулярамі, у клішаваным курортным гарадку ўсё ж такі ёсць заселены астравок мастацтва. Пагаманілі. Запрасіў на спектакль на набярэжнай.
На наступны дзень адбылося вялікае прадстаўленне: гісторыя Камбрылса, маленькай рыбацкай вёсачкі са сваёй чалавечай трагедыяй. Калісьці ў моры пад час шторму загінулі мясцовыя рыбакі. Музыка — Давіда, тэксты — Давіда, пастаноўка — ягоная ж, як і касцюмы, пастаноўка святла. Такі вось “мульціінструменталіст” у сваёй творчасці. У прадстаўленні ўдзельнічалі акцёры, танцоўшчыцы-русалкі (сірэны), якія ў той вечар сплылі ў мора. Праз паўгода вясной тэатралізаваная дзея працягнулася. Русалкі вярнуліся з мора тады, калі ў порце на набярэжнай усталявалі скульптуры сірэн. Іх дзве — як у Гамера.
Русалкі, сірэны, марскія панны — гэта адно і тое ж. Але мне больш падабаецца “сірэны”. Так іх называе аўтар, гэтак слова гучыць на іспанскай, французскай, італьянскай мовах. Мне больш падабаецца версія аб тым, што яны — дочкі музы танца Тэрпсіхоры і ўвасабляюць сабой марскую паверхню. На мой погляд, менавіта такімі стварыў іх скульптар — высокія, амаль 6 метраў у вышыню, тымі, якія ляцяць, вясёлымі і жыццярадаснымі, з бяздоннымі нябеснымі вачыма. Такім чынам, я пра тое, як таленавіты творца можа змяніць пейзаж і навакольны маленькі правінцыйны свет цудоўным зваротам у свет мастацтва.
А потым Давід двойчы пабываў у Мінску. Прыляцеў, апярэдзіўшы на суткі памятны ўраган Хаўер, правёў тут тры месяцы, працаваў, зладзіў выстаўку сваіх жывапісных беларускіх фантазій, зняўся ў эпізодзе дакументальнага фільма пра Марка Шагала, запрасіў да сябе ў Каталонію з выстаўкай мінскіх мастакоў і фатографаў Ганну Балаш, Аляксея Андрэева, Данілу Парнюка, Таццяну Бембель. Зараз Давід, як, зрэшты, заўсёды, шмат працуе, з поспехам выстаўляецца ў Сарагосе, на Ібіцы, у Гамбургу, у галерэях Парыжа. І марыць зноў прыехаць у Мінск.
…Узімку Камбрылс амаль пусты. Можна цэлы дзень спакойна блукаць па яго вулачках, па набярэжнай, па беразе мора з іскрынкамі ў пяску. Гэта ж усё-такі Коста-Дарада, залаты бераг. Сірэны Давіда ўжо жывуць сваім уласным жыццём: яны зрабіліся сімваламі і знакамі пасёлка, у іх адлюстроўваецца яго мінулае, сучаснасць і будучыня, каля іх прызначаюць сустрэчы і фатаграфуюцца, іх выявы — на календарах і паштоўках. Мне было асабліва прыемна зрабіць фотаздымак на памяць цёплым сонечным лютаўскім каталонскім днём ля гэтых скульптур, таму што пару гадоў таму Давід Кая Жэне яшчэ толькі распавядаў мне пра сваю задуму, а цяпер я бачу яе так таленавіта увасобленай.
Летам усюды добра. А зімой добра там, дзе ёсць мастацтва, культура і стан душы.
Вера САВІНА, кінасцэнарыст, журналіст