Валянціна Лёгкая і яе работы. / Фота аўтара
У яе калекцыі — дзясяткі абрадавых лялек, аднак аднолькавых сярод іх не знойдзеш. Вось тыя, што гукаюць вясну. А тут водзяць карагод ля спелага жытняга снапа. У палатняных сарочках, рознакаляровых спадніцах з вышытымі фартухамі. Гэта імітацыя дажынак.
Педагог дадатковай адукацыі Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Валянціна Лёгкая стварыла ў 1998 годзе студыю народных промыслаў “Вышыванка”, якая шэсць гадоў таму стала “Узорнай”. Падлеткі знаёмяцца з багаццем народнай вышыўкі, разнастайнасцю швоў, асвойваюць вышыўку крыжом, тэхналогію вырабу лялькі-згортыша. Цягам часу работа ўскладняецца — ідзе знаёмства з разнастайнасцю арнаментаў у нацыянальным касцюме, ручніку, народнай вышыўцы, асвойваецца тэхналогія выканання традыцыйнага народнага касцюма і ручнога ткацтва пояса.
З работамі студыі “Вышыванка” і яе кіраўніка можна азнаёміцца на выстаўцы, якая адкрылася ў выставачнай зале Цэнтра дзіцячай творчасці. Дарэчы, “Вышыванка” стварыла сцэнічныя касцюмы для ансамбля танца “Палескія плясуны” і мужчынскай групы аркестра народных інструментаў Столінскай сярэдняй школы № 2.
Валянціна Лёгкая — інжынер-тэхнолаг ткацтва. У свой час працавала ў Доме палескай культуры, дзе атрымала вопыт наладжвання выставак народных умельцаў Століншчыны. У галіне культуры працаваў і муж — Іван Лёгкі, харэограф па адукацыі, цяпер — настаўнік рытмікі сярэдняй школы № 2, кіраўнік узорнага ансамбля танца “Палескія плясуны”. Ім часта даводзіцца бываць разам на адных і тых жа фестывалях і конкурсах, падтрымліваць адзін аднаго і ў жыцці, і ў творчасці.
Галіна ГАШЧУК
Столін