Калісьці тут, па словах старажылаў, “святы праходзілі амаль праз кожную вёску”. Апошнія з’яўляліся ў свой час цэнтрамі бытавання народных святаў і абрадаў, фальклору. Калі доўга не было дажджу, выклікалі яго талакой у Хлупіне, ездзілі на чоўнах, якіх тут — як аўтамабіляў у сучасным горадзе, кахалі, адзначалі сціплыя вяселлі, “білі бабіну кашу”, спявалі, танчылі, верылі ў русалак, вядзьмарак, хатнікаў. Ведалі паходжанні назваў сваіх вёсак.
Фальклорная экспедыцыя ў гэтым пераканала. У вёсках Прыпяцкага запаведніка тэрыторыі Жыткавіцкага раёна калісьці быў сапраўдны “фальклорна-этнаграфічны рай”.
Падаецца важным выяўленне мясцовых лакальных праяў колішніх святаў і абрадаў, якія, на жаль, не захаваліся ў сваёй цэласнай структуры, але ж каштоўнасцю гэтай брашуры з’яўляецца даследаванне менавіта лакальна-рэгіянальных асаблівасцей найбольш значных з’яў каляндарна-абрадавай, фальклорнай традыцый.
Паколькі да звестак пра абрадавыя з’явы дадаюцца песенныя тэксты, то гэта дапамагае стварыць больш-менш аб’ектыўнае ўяўленне пра традыцыйную культуру. Жыццядзейнасць традыцыйнай культуры, абуджэнне цікавасці да яе ў многім залежыць ад узроўню папулярызатарскай работы. Брашура з’яўляецца менавіта такой навукова-папулярнай літаратурай для метадыстаў па фальклоры і этнаграфіі ўстаноў культуры, дырэктараў і загадчыкаў сельскіх дамоў культуры і сельскіх клубаў, дамоў і цэнтраў фальклору, народных традыцый, народнай творчасці.
Фальклорныя матэрыялы вёсак Азяраны, Перароў, Перароўскі Млынок, Хваенск, Хлупін можна выкарыстоўваць пад час правядзення заняткаў па навучанні кадраў (курсаў павышэння кваліфікацыі, семінараў, семінараў-практыкумаў, творчых лабараторый клубных работнікаў), забяспечыць сістэму трэнінгу культработнікаў, якія маюць дачыненне да лакальнай традыцыі.
З дапамогай гэтага выдання і дадатка да яго (дыска з аўдыязапісамі песень ды фотаздымкамі вёсак і носьбітаў, а ў перспектыве — іншых выданняў ды дадаткаў з серыі “Фальклор Прыпяцкага запаведніка”) можна адрадзіць фальклорныя традыцыі некаторых запаведных вёсак Жыткавіцкага, Петрыкаўскага і Лельчыцкага раёнаў Гомельскай вобласці, што паспрыяе і ў развіцці турыстычнай сферы.
Людміла МЕЛЬНІКАВА, вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці
Фота Ірыны ГЛУШЭЦ