А.Панцюк-Жукоўскі. "Мелодыя стагоддзяў".
А.Панцюк-Жукоўскі. "За пражай".
І сапраўды, у экспазіцыі прадстаўлена звыш 60 жывапісных твораў, пачынаючы ад часу студэнцтва аўтара (“Нацюрморт зямлі”, “За пражай”, “Вясковы нацюрморт”) і заканчваючы работамі апошніх гадоў (“Восень”, “Мелодыя стагоддзяў”, “Зімовы вечар”). Прычым трэць — новыя палотны, якія раней не дэманстраваліся. Адразу скажу: экспазіцыя, з майго пункта гледжання, не зусім роўная. Некаторыя фігуратыўныя палотны, дзе пераважае розум, штучная, мала апраўдная алегорыя ці метафара, так бы мовіць, выпадаюць са звыклага стылістычнага і псіхалагічнага “фармату” творчасці мастака, і таму не вельмі пераканаўчыя, асабліва ў параўнанні з удалымі работамі на вясковую тэму, душэўна і духоўна блізкую жывапісцу. Ды і сам мастак кажа: “Выхаваны вёскай (ён нарадзіўся ў Бабунічах Петрыкаўскага раёна, што на Гомельшчыне. — Б.К.), увабраўшы ў сябе яе звычаі, яе культурнае асяроддзе, я не магу ад яго адмовіцца, і ад адной работы да другой зноў ізноў вяртаюся да тэмы малой радзімы...”. Вось тут ён мае рацыю. І таму ў такіх палотнах, як “Ля матчынага парога”, “Мой родны кут”, “У мроях дзяцінства”, “Мелодыя стагоддзяў”, “Бабіна лета. Бульба”, “Ля бабульчынага куфра”, “Пад мірным небам” аўтар з найбольшай адкрытасцю і выразнасцю, эмацыйнасцю і душэўнасцю выяўляе сваё стаўленне да свету, свой строй этычных ды эстэтычных поглядаў. Такая ж канцэпцыя — і ў вясковых нацюрмортах, гранічна адшліфаваных, адточаных, любоўна намаляваных. Некаторыя з іх па сваім вобразным ладзе і прафесійным майстэрстве не саступаюць фігуратыўным палотнам (“Накцюрн”, “Нацюрморт з бульбай і рабінавым напоем”, “Успамін”, “Вясковы нацюрморт”). Сагрэтыя сардэчнай цеплынёй мастака, яны звяртаюцца да чалавека і дапаўняюць створаную пра яго сагу. Іх цяжка назваць “мёртвай прыродай”: у нацюрмортах жывапісца яўнае адчуванне натхнёнасцю рэчамі, іх складаным самастойным жыццём. Наогул, у лепшых палотнах, як правіла, няма вонкавых эфектаў — мастак не гоніцца за нязвыклымі сюжэтамі ды сітуацыямі: усё ў яго прыкмечана і вывучана ў жыцці, усё адлюстравана вельмі дакладна. Але верагоднасць у творы рэдка пераходзіць у праславутую жанравасць. Не назіранне за жыццём, але спасціжэнне яго — вось што ён лічыць сваёй задачай.
Маляваць для Аляксея Панцюка-Жукоўскага — гэта пранікаць у глыбінны, часам патаемны, сэнс рэчаў і з’яў, у іх сутнасць. Маляваць — гэта думаць над тым, як агульныя з’явы суадносяцца з адзінай жыццёвай плынню. Вось менавіта пра гэта і можна казаць. Гэта значыць — пра тое, што ўсё ж лепшыя вынікі ў кожнага творцы атрымліваюцца там, дзе лёс прызначыў яму сваё, толькі яму ўласцівае, мастакоўскае месца…