Важную ролю ў творчасці Галіны Крываблоцкай, у станаўленні яе як асобы з выразнай грамадзянскай пазіцыяй адыграла сацыяльная тэматыка. У 1980—1990-х гадах у яе габеленах знайшлі адлюстраванне Вялікая Айчынная вайна, Чарнобыльская катастрофа, паўстанне 1863 года ды іншыя лёсавызначальныя для Беларусі падзеі. Сёння на змену гістарычнаму асветніцтву і грамадскім актуаліям у яе творчасць прыйшлі філасафічнасць ды засяроджанасць на пазачасавых з’явах і паняццях. Выстаўка мае назву “У пошуках вясны”. Мастачка разумее пад вясной не толькі пару года і стан прыроды, але найперш — стан душы, які не залежыць ні ад узросту, ні ад надвор’я за акном. Вясна — гэта тое, што непазбежна будзе пасля зімы, гэта вечнае адраджэнне. Вясна — гэта калі ўсё наперадзе. Мяркуючы па творчасці Галіны Крываблоцкай, гэты стан для яе самой — натуральны.