Не збіраюся абмяркоўваць фармат і «насычанасць» новага канала. Гаворка — пра тую тэматыку, якую мне па першым часе даручылі распрацоўваць. На мой погляд, вельмі цікавая тэма для інтэрактыўных стасункаў з гледачамі, ад якіх праз вядомы беларускі партал і атрымліваем тыя пытанні, што хвалююць кожнага.
Чаму я пагадзіўся стаць вядучым? Лічу, што ўрачы (людзі, што змагаюцца за фізічнае і маральнае здароўе нацыі) — неабыякавыя да культуры: многія выпускнікі Медыцынскага ўніверсітэта разбіраюцца ў культуры не горш за яе дзеячаў і лепш за пэўных студэнтаў-гуманітарыяў. Для мяне ў свой час гэта было нечаканым адкрыццём. Моладзь наогул — менш чытае, не надта разбіраецца ў кіно і тэатры, а Інтэрнэт ніяк не спрыяе інтэлектуальнаму развіццю юнакоў і дзяўчат. Урачы ж падтрымліваюць культуру на ўзроўні з’явы, на ўзроўні рэальнага жыцця...
Наш канал дае магчымасць выказацца інтэлігенцыі, тым людзям, што кроўна зацікаўлены ў стварэнні і развіцці «культурнага слоя», якога нам, як падаецца, хранічна не стае. Толькі адзін прыклад у доказ маіх меркаванняў: у нас ёсць аўтары, што пішуць песні для расійскай эстрады, песні цудоўныя, а вось на Беларусі яны — людзі абсалютна невядомыя. І мы ніяк не ўдзельнічаем у абмеркаванні гэтых працэсаў… Кепска ці добра, але «культурны слой» развіваецца. І «трэцяя кнопка» тут павінна адыграць сваю важкую ролю. Пэўны дыялог, мяркую, ужо наладжаны. Праект «Ды@блог», як вы ведаеце, утрымлівае некалькі блокаў, і апрача «Пра вечнае» гутарка вядзецца таксама пра мову, літаратуру, пра прыгожае.
Спроба наладжвання такога дыялога — крок наперад. Раскатурхаць грамадскую ўвагу — найпершая задача тэлевізійнага праекта, які прапаноўвае ўдзельніку і гледачу не крытыканскі падыход да сённяшняй сітуацыі, а канструктыўныя прапановы па ўдасканаленні супольнасці, што паважае і цэніць інтэлект, праявы якога — бязмежныя…
Дык вось, «культурны слой» ствараюць не два і не тры чалавекі. Ягоная якасць залежыць ад сумеснага суперажывання тысяч людзей з вёсак і гарадоў нашай краіны. Пішыце нам пра перспектыўныя тэмы!
Сённяшняя культура — рэвалюцыйная па сваёй сутнасці. Ці з яе дапамогай перабудуемся і будзем жыць доўга ды шчасліва, ці знікнем знянацку ад злоўжывання алкаголем і півам. Тайна жыцця павінна быць адкрыта кожнаму без выключэння і менавіта праз прызму культуры сузірання, разваг, спажывання, руху, узаемаадносін. Гэта на сёння, спадарства, — рэч ключавая. Таму і пагадзіўся весці перадачу. Таму і чакаю ад тэлевізійнага гледача неабыякавасці і суперажывання. Урэшце, свой свет мы павінны ствараць самі. Многія гэтаму пакуль не вераць. Дарэмна! Між тым, для пустых разваг, «як добра жывецца ў Швейцарыі ці Германіі», проста няма часу. Дзеці і ўнукі не даруюць.
Спроба наладжвання дыялога — крок наперад. Раскатурхаць грамадскую ўвагу — найпершая задача тэлевізійнага праекта, які прапаноўвае ўдзельніку і гледачу не крытыканскі падыход да сённяшняй сітуацыі, а канструктыўныя прапановы па ўдасканаленні супольнасці, што паважае і цэніць інтэлект, праявы якога — бязмежныя…
Фота tvr.by
Каментарыі: