Пра тое, чаму выстаўка носіць такую назву, распавяла сама Вікторыя Ільіна: “Гэта не выпадкова, бо майстэрні гродзенскіх мастакоў знаходзяцца ў старажытных воданапорных вежах — Касі і Басі. А вежа — гэта месца, дзе гуляюць прывіды, пакутуюць зачараваныя прыгажуні, жывуць чарадзеі і алхімікі, якія гатуюць сваё міфічнае зелле, а філосафы пішуць трактаты…”.
Зала нібы падзелена на дзве часткі. У адной — вежы замкаў і варыяцыі на тэму Вавілонскай вежы. Гэты сюжэт вельмі блізкі Вікторыі: "Некалі ў кожным беларускім мястэчку, калі яно мела менавіта такі статус, існавала свая вертыкаль — вежа. Яна належыла якому-небудзь кляштару, касцёлу ці іншай пабудове і арганізоўвала прастору, дамінуючы над горадам, надаючы сэнс навакольнаму асяроддзю”. Сярэдзіна залы — таксама імправізаваная вежа, але — з беларускіх саламяных павукоў. Прынамсі, гэтая інсталяцыя нагадвае
павука, якога калісьці вешалі ў нашых хатах. "Мая цётка кожную восень вешала ў хаце павука, бо ён збірае ўсе цёмныя сілы ды заблытвае іх у сваім сеціве. Мы яго зрабілі з такіх тоненькіх раслінак, нешта кшталту саломы. І гэтая вежа дапаўняе мае пейзажы", — дзеліцца мастачка.
Сама выстаўка стала другой часткай мерапрыемстваў, прысвечаных 25-годдзю Гродзенскай мастацкай школы. (Пра выстаўку навучэнцаў, нагадаем, "К" пісала ў № 47.)
Андрэй МЯЛЕШКА
Гродна