Кошт ініцыятывы — 61 мільён
Восеньская аўтавандроўка па роднай Беларусі — адхланне для сэрца і душы: барва і золата лясоў, неабдымнасць лугавых абсягаў, купанне сонца ў рачных затоках… Едзем і разважаем: калі неўзабаве краіна не прырасце дывідэндамі ад турызму, дык нашчадкі нас не зразумеюць. Вобразна кажучы, беларуская матухна-прырода карціну стварыла непераўзыдзеную, наша ж задача — “раму” належную зрабіць, гэта значыць — прывабную і зручную для вандровак інфраструктуру. І ў сельскіх устаноў культуры, на наш погляд, абавязак тут не з апошніх: стварэнне ды “раскрутка” брэндаў, якія турыст (і ўнутраны, і знешні) ніяк не абміне. Прынамсі, здаровы сэнс развіцця любой еўрапейскай дзяржавы пераконвае менавіта ў гэтым. Дарэчы, як нам распавялі ў Вяззеўскім СДК, што падтрымлівае творчыя стасункі з замежжам, ва Украіне абласныя і раённыя структуры роднаснага нам міністэрства называюцца “ўпраўленнямі і аддзеламі культуры, турызму і аховы культурнай спадчыны”. Але, пагадзіцеся, справа не ў назве, а — у змесце сістэмнай працы, скіраванай на папулярызацыю ды развіццё менавіта беларускай спаконвечнай традыцыі. Між тым, “хваробы” нашы на брэндавых, здавалася б, маршрутах застаюцца ранейшымі: і кавы не заўжды папіць можна, і рэклама культурнай дзейнасці альбо цалкам адсутнічае, альбо не адпавядае рэчаіснасці. У той жа Глушы на Бабруйшчыне, як нам распавялі вяскоўцы, турыст на джыпе, падпарадкоўваючыся ўказальніку “Музей рамёстваў”, паслухмяна збочыў з трасы, але, пабачыўшы заняпад скансена, плюнуў, развярнуўся і знік…