Яшчэ адны горкія провады, якія адгукнуліся болем у сэрцы. Зусім нядаўна пайшлі ад нас Нінэль Шчасная ды Уладзімір Сулкоўскі. І вось, яшчэ адна страта — Уладзімір Іванавіч СТАЛЬМАШОНАК, з якім мы 10 чэрвеня развіталіся назаўсёды… І ўсё, што адбываецца ды будзе адбывацца з яго краінай, мастацтвам, з тымі, каго ён любіў, — зараз усё гэта ўжо без яго, ён завяршыў свой зямны шлях… Але розумам прыняць гэта немагчыма, я не магу падумаць, што ён аддзяліўся ад нас, жывых. Тым больш, мы не толькі ведалі адзін аднаго, але і сябравалі шмат гадоў, пачынаючы з канца 1960-х…
У.Стальмашонак. Аўтапартрэт. 1993 г.
Смерць яго — вялікая страта для нацыянальнай культуры. І не толькі таму, што за паўстагоддзя сваёй творчай работы ён стварыў мноства своеасаблівых арыгінальных твораў станковага і манументальнага жывапісу, але перш за ўсё таму, што ён быў сапраўдным Майстрам, глыбока натхнёным чалавекам.
Уладзімір Іванавіч не быў падобны на пустэльніка, які ў адзіноце працаваў над сваімі творчымі задумкамі — ён заўсёды знаходзіўся ў авангардзе бурнага і напружанага мастацкага жыцця. Вакол яго заўсёды было шмат людзей, асабліва моладзі; ён быў прыроджаным лідарам, што шукаў новыя шляхі ў нацыянальным выяўленчым мастацтве. Шукаў і знаходзіў: яго лепшыя творы, пачынаючы са знакамітага партрэта Якуба Коласа, шматфігурных карцін пра знакамітых беларусаў і заканчваючы жывапіснай галерэяй вобразаў Радзівілаў ды ганаровых грамадзян Мінска, даўно ўвайшлі ў “залаты фонд” нашай выяўленчай культуры.
У.Стальмашонак. "Славутасці Беларусі". 1993 г.
Так, сярод нас жыў выдатны беларускі талент, сапраўдны патрыёт краіны, чалавек складаны, глыбокі, неардынарны, часам жорсткі ў адносінах да сваіх апанентаў, але бясконца прыцягальны, прывабны. Чамусьці я зараз успомніў наступнае. Калісьці даўно, на пачатку ХХ стагоддзя, Канстанцін Каровін, з захапленнем гледзячы на Горкага і на Шаляпіна, з гораччу вымавіў: “Дурніца-прырода! Стварыць гэткае, а потым — у яму!..”
Цяжка паверыць, што Стальмашонка няма, — бессэнсоўна, несправядліва, няправільна. Але знікаюць майстры — застаецца музыка іхняй непаўторнай мастацкай мовы, іх пластычная інтанацыя, патрабавальны погляд, іхнія вучні, сябры… Застаецца культура… Вечная падзяка Уладзіміру Іванавічу за гэта.