Кумірам яго маладосці быў Джэк Лондан. Не дзіва, што спартыўная і прыгодніцкая, маладзёжная тэматыка сталі аб’ектамі яго інтарэсу ў кінематографе. Журналіст па адукацыі, выдатны спартсмен, ён трапіў у кіно пасля заканчэння БДУ і амаль дзесяцігоддзя працы ў беларускіх газетах і на тэлебачанні. У 1966-м ён першым з усіх кінематаграфістаў экранізаваў твор Васіля Быкава — кароткаметражная стужка “Пастка” стала дыпломнай работай маладога творцы на Вышэйшых курсах сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве. Потым быў “Беларусьфільм” эпохі свайго росквіту. Карціны Мартынюка сабралі ў кінатэатрах і ля тэлевізійных экранаў мільёны ўдзячных гледачоў: “Пяцёрка смелых”, “Вялікі трамплін”, “Неадкрытыя астравы”, “Сямейныя абставіны”, “Жалезныя гульні”, “Навучыся танцаваць”, “Белае возера”…
Летась, у ліпені, “Культура” адзначыла 80-годдзе Леаніда Уладзіміравіча вялікім інтэрв’ю (“К” №№ 29 — 30), дзе той падзяліўся самымі цікавымі і запамінальнымі момантамі сваёй кар’еры ды распавёў пра знаёмства з выбітнымі асобамі свайго часу, з якімі некалі супрацоўнічаў і вучыўся: Васілём Быкавым і Глебам Панфілавым, Уладзімірам Басавым і знакамітым цяжкаатлетам Юрыем Уласавым. Менавіта Леанід Мартынюк адкрыў актрысу Кацярыну Голубеву, якая потым стала зоркай сусветнага фестывальнага кіно. Нязбытнай марай рэжысёра стала задума экранізаваць быкаўскую аповесць “Мёртвым не баліць”.
У сваім інтэрв’ю “К” Леанід Уладзіміравіч казаў: "Зразумела, зрабіць усё, што хацелася і было задумана, не ўдалося. Увесь час мяне непакояць думкі аб той творчай вазе, якую я бы мог “узяць”, але да якой аказаўся не дапушчаны. Ды ні пра што не шкадую! І, нягледзячы на ўсе цяжкасці, крыўды і забароны, лічу тыя гады самымі шчаслівымі ў сваім жыцці..."
Фота Юрыя ІВАНОВА