Хоць і інструментаў якасных тады не хапала, — распавядае Сяргей Барысавіч, — але гала-канцэрты, што ладзіліся ў рок-барах, збіралі ўвесь Брэст. Дзесяць гадоў прайшло, цяпер у кожнай рок-каманды — вельмі прыстойныя інструменты...
— У Кобрынскім палацы культуры нам паказвалі студыю гуказапісу. Апаратура і інструменты — таксама самыя сучасныя. Дый сам Палац — шыкоўны. Але гэта буйны раённы цэнтр. Вёска ў дадзеным плане яўна адстае... У якасці начальніка ўпраўлення, якой вам бачыцца будучыня сельскай моладзі?
— Цяпер у кожным сельсавеце ёсць аграгарадок. Ад любой вёскі да яго — да дзесяці-дванаццаці кіламетраў. Кожнае буйное эстраднае ці фальклорнае мерапрыемства ладзім па “кустах”, у звязцы — два-тры раёны. Збіраецца журы. Падключаюцца, натуральна, школы мастацтваў. Ідзе пастаянны адбор юных талентаў. Іх вельмі шмат. Праца з такой моладдзю — адзін з галоўных кірункаў нашай дзейнасці... Вы казалі пра кобрынскую студыю гуказапісу — такія і ў раёнах павінны быць. Без якаснай фанаграмы — якое развіццё для маладых спевакоў? Але дасведчаных гукааператараў — адзінкі. І гэта — праблема...
— Гукастудыя ёсць у Баранавічах...
— Так, але мы цяпер абсталёўваем аналагічную студыю абласной філармоніі. Яна будзе самай сучаснай у тэхнічным плане.
— Ведаю, пэўныя паслугі такіх студый — платныя. Ваша стаўленне да развіцця пазабюджэтнай дзейнасці, у тым ліку і на сяле.
— Планы па аказанні платных культурных паслуг мы выконваем. Але галоўнае — духоўнасць.
— “К” пра гэта піша. Стаў творчы калектыў народным ці ўзорным, абараніў званне, увёў стаўку мастацкага кіраўніка — і адразу ж план камерцыйнай дзенасці...
— Не забыцца б пры гэтым, што адзін з выканаўцаў такога калектыву дзень у полі працаваў, другі прыйшоў з заводскай змены, а трэці — урач ці настаўнік…
— Гаворка — пра “залатую сярэдзіну”, пра той мінімум пазабюджэту, без якога ўстанова не зможа адчуць сябе больш-менш самастойнай у выбары сваёй “тэхнічнай” будучыні…
— Усё залежыць ад распарадчасці кіраўніка той установы. Калі ён зацікаўлены ў развіцці, дык будзе зарабляць на энергазберагальныя лямпачкі, на сучасную апаратуру... І — без шкоды для творчасці. Такой пастаноўцы спраў можна павучыцца ва Украіне, у Польшчы. Там ладзяцца платныя канцэрты на прадпрыемствах…
— У сельскіх бібліятэках камп’ютары збольшага ёсць, а ў клубах?
— Безумоўна, упраўленне ўсяляк да гэтага імкнецца. Але выкананне намечанага залежыць і ад мясцовых улад. Калі старшыня райвыканкама пазначае ў сваім фінансавым патоку грошы для развіцця сельскай культуры, дык там і праблем няма з набыццём клубных ноўтбукаў. Безумоўна, той-сёй з датацыйных раёнаў адстае ў гэтым плане. Там, дзе хапае вытворчых прадпрыемстваў, справы рухаюцца хутчэй.
— А вы можаце папракнуць пэўных начальнікаў аддзелаў культуры ў адсутнасці аўтарскіх праектаў, увогуле, — у безыніцыятыўнасці?
— Я добра ведаю кола абавязкаў начальніка аддзела культуры: з гэтай сферы прыйшоў і ведаю дэталёва яе знутры... Пасіўны ў творча-вытворчых пытаннях начальнік можа пратрымацца на пасадзе месяц-два. Без учэпістасці ды крэатыўнасці цяпер не абысціся…
— Але ж не ўсе такія актыўныя, як, скажам, Надзея Жук з Кобрына, Уладзімір Шэляговіч з Іванава ці Васіль Заруба са Століна…
— Ну дык не ўсе ж аддзелы вобласці знаходзяцца ў роўных умовах…
— Маю на ўвазе не эканоміку раёнаў, а шматстайнасць творчага праектавання, яркую рэалізацыю нестандартных ідэй…
— Жабінкаўскі раён “паставіў” спевака на дзіцячае Еўрабачанне. Лунінецкі — “засвяціўся” з вакалістам на АНТ. Гэта вынік планамернай работы і ўпраўлення, і абласнога Грамадска-культурнага цэнтра... Так, гэта планамерная дзейнасць па падтрымцы таленавітай моладзі. Але і іншыя праекты не менш выніковыя. У Іванаўскім раёне 22 працэнты школьнікаў навучаецца ў школах мастацтваў — самы высокі паказчык на Брэстчыне... Шмат цікавага знойдзеце ў Івацэвіцкім, Камянецкім, Пружанскім, Драгічынскім, Ляхавіцкім раёнах…
— Цікавага сапраўды шмат. Як, зрэшты, і ў сферы прафесійнага мастацтва. А чаму вашы брэсцкія Акадэмічны тэатр драмы з яго цудоўнымі спектаклямі, Тэатр лялек са шматлікімі замежнымі перамогамі, самабытны Палескі драмтэатр так рэдка гастралююць па Беларусі, у тым ліку і ў Мінску?
— З аднаго боку, гастролямі нашы тэатры не пакрыўджаны: мяжа — побач. З іншага ж, у Мінску пры гэтым яны бываюць рэдка… Папрок на адрас і адміністратараў, і піяр-менеджараў. Але ў нас невялікая краіна, каб выязджаць штогод на гастролі ў сталіцу. Ды і непаўторных таленавітых тэатраў вельмі шмат... Тым не менш, я ўлічу вашу заўвагу ў сваёй далейшай дзейнасці.
— Пабачыўшы Абласны краязнаўчы музей, мы зрабілі адназначную выснову: у сталіцы такіх шыкоўных устаноў пакуль няма…
— Даўно кажу: аб’екты культуры могуць прыцягнуць патрабавальных наведвальнікаў толькі крэатыўнасцю. Але і без належнай рэкламы не абысціся. Разам з кіраўніком музея Аляксеем Міцюковым запрасілі начальнікаў аддзелаў адукацыі (а гэта дванаццаць раёнаў, тры буйныя гарады), правялі бясплатную экскурсію, раздалі буклеты. У музеі ці не кожны клас пабываў. Павучыўся тут крэатыўнасці і кожны начальнік аддзела…
— Дырэктар музея даплачвае сваім супрацоўнікам за арыгінальныя ідэі ды іх рэалізацыю. Ці стала гэта нормай у аддзелах?
— Ну, вось такі наш менталітэт: іншым разам і за руку трэба весці... Калі жадаеш дабіцца поспеху — бяры сцяг, ідзі ў народ, даказвай і пераконвай асабістым прыкладам!.. Але, пагадзіцеся, людзі ў культуры працуюць, па сутнасці, без выхадных далёка не за заробак…
Рэзюмэ “К” у дарозе
Пытаемся на завяршэнне сустрэчы:
— Тым не менш, Сяргей Барысавіч, у чым “тэхналогія” творчага поспеху?
— Кожны на сваім месцы павінен быць прафесіяналам, — адказаў нам суразмоўца.