- Тэатр ХХ стагоддзя - гэта тэатр бачання. І адкрыцці венгерскага тэатра наўпрост звязаны з развіццём еўрапейскага мастацтва. Але ж венгерскі тэатр пабудаваны не на рэжысуры, а на школе акцёрскай ігры - і на жанрах містэрыі, аперэты і зінгшпіля, якія могуць лічыцца нацыянальнымі здабыткамі. Гэта не псіхалагічны тэатр, а тэатр дзеяння і характараў, дзе вельмі важныя жэст, пластыка. Але калі кожны ствараў свой характар, яны часта не сутыкаліся паміж сабой: артысты не ўмелі слухаць адно аднаго, займаючыся кожны сваім вобразам.
Новы віток развіцця стартаваў у 1980-я, калі пачалася актыўная студыйная праца. Адна з такіх студый увогуле месцілася ў звычайнай кватэры, але аб'ядноўвала рэжысёраў ды акцёраў з кампазітарамі, мастакамі і ўсімі, хто ўдзельнічае ў падрыхтоўцы спектакля. Шмат узнікла і пластычных эксперыментальных студый ды тэатраў. Чэхаў, Мальер і Шэкспір сталі амаль "нацыянальнымі" драматургамі Венгрыі, настолькі часта пачалі іх там ставіць.
У рэжысуры ж была зроблена стаўка на лепшых майстроў, запрошаных з усяго свету. І паступова з'явіліся свае цікавыя пастановачныя работы, асабліва плённа сталі працаваць у тэатры кінарэжысёры. Ну, а вечную дылему- хто ў тэатры галоўны: акцёр ці рэжысёр?- лепш за ўсё адлюстроўвае наступная, амаль містычная, гісторыя. Вядучая актрыса паабяцала запрошанаму рэжысёру выпусціць з ім спектакль. Той прыехаў працаваць, а яна- у коме: сітуацыя абсалютна непрадбачаная. Рэжысёр прысеў на яе ложак у шпіталі і з горычам сказаў: "Як жа так? Вы мяне падвялі!" Наступным днём артыстка раптам апрытомнела, загаварыла, - і неўзабаве адбылася прэм'ера...