- Трапляючы на розныя канферэнцыі, семінары, прэзентацыі, даведваюся, што архівы пісьменніка знаходзяцца ў самых розных месцах. Па версіі Адама Мальдзіса, Караткевіч сам быў за тое, каб ягоны фонд быў размеркаваны па ўстановах. Яшчэ ў 70-я гады мінулага стагоддзя, калі Адам Осіпавіч настойваў на тым, каб усе матэрыялы трапілі ў бібліятэку Нацыянальнай акадэміі навук, пісьменнік яму адказаў: "Нават яйкі ў адным кошыку не носяць", - і аддаў частку сваіх дакументаў у наш архіў-музей. Гэта прыкладна паўтары тысячы адзінак тэкстаў, фотаздымкаў. На тым камплектаванне архіва Караткевіча спынілася, і толькі цяпер набыло новы штуршок.
Нядаўна мы атрымалі лісты Караткевіча. Але гэта не проста прыватная перапіска з сябрам: там і вершы, і малюнкі, і ўнікальныя паштоўкі з архітэктурнымі краявідамі Беларусі. Прыкладна год таму ў нас з'явілася славутая "амбарная кніга" з малюнкамі пісьменніка.
У архіве кінастудыі "Беларусьфільм" захоўваюцца ўсе дакументы, звязаныя з пастаноўкамі твораў Караткевіча, а ў тэатрах, дзе ставіліся п'есы, маюцца іх арыгіналы з праўкамі. Прыкладам можа стаць Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску. Шмат дзе яшчэ працуюць даследчыкі, аматары творчасці нашага пісьменніка. І калі ўсім аб'яднацца для выдання запланаванага Поўнага збору твораў Уладзіміра Караткевіча, дык кола аднадумцаў будзе вельмі шырокім.
На ілюстрацыях: старонкі са знакамітай "амбарнай кнігі".