Народ пытаецца і прапануе
Камп'ютэр: ёсць, але і няма...
Як ва Уздзе, так і пад час паездкі па раёне пытаўся ў жыхароў пра тое, як яны ацэньваюць сацыякультурнае развіццё Уздзеншчыны. Адказы пераконваюць, што, нягледзячы на шматлікія дадатныя прыклады, у дадзенай сферы рэгіёна ўсё ж ёсць нявыкарыстаныя рэзервы.
Сяргей, студэнт, г. Узда:
- Асноўная праблема нашага горада, калі казаць пра ўстановы культуры, - будынак Раённага цэнтра культуры. Ён, на маю думку, не адпавядае найменню галоўнай установы культуры горада. Дыскатэкі і ўсе буйныя мерапрыемствы ўжо даволі даўно праводзяцца ў іншым месцы. Ці мае змяніцца сітуацыя?..
Людміла Іванаўна, жыхарка г. Узда:
- Цэнтральная бібліятэка імя Паўлюка Труса размешчана ў старым будынку. Не заўсёды хапае месца для чытачоў, маленькая чытальная зала...
Алена, 11-класніца, г. Узда:
- Я- пастаянная чытачка дзіцячай бібліятэкі. І мяне вельмі хвалюе, што тут ёсць толькі адзін, стары, камп'ютэр, якім карыстаюцца самі бібліятэкары. Вельмі хацелася б, каб быў камп'ютэр і для чытачоў. Натуральна, не пашкодзіў бы і Інтэрнет...
Святлана Сяргееўна, жыхарка г. Узда:
- Вельмі хвалююся, калі мой сын, пяцікласнік, наведвае дзіцячую бібліятэку: размешчана яна вельмі далёка ад цэнтра горада. Летам- дык яшчэ нічога, а вось зімой, калі рана цямнее, дык я яго, бывае, і не пускаю туды: далёка ад дома, і аўтамабільны рух - немалы... Можа, у нашых гарадскіх улад ёсць магчымасць перавесці гэтую ўстанову бліжэй да цэнтра? Упэўнена, тады б яе наведвала больш маленькіх чытачоў...
Сяргей і Аляксей, школьнікі з аграгарадка "Войкава":
- Вельмі добрая ў нас бібліятэка пасля рамонту. Хапае і кніг, і часопісаў. Засмучае адзінае: зламаўся камп'ютэр у бібліятэцы. Калі адрамантуюць? Да таго ж, няма ў бібліятэцы і тэлефона, таму і Інтэрнет адсутнічае...
Святлана, жыхарка аграгарадка "Войкава":
- У нашым СДК, хоць і прыгожа звонку і ўнутры, але ж не так шмат дзяцей наведвае гурткі. Можа, таму, што дырэктар Дома культуры - адзіны работнік у СДК? Да ўсяго, няма ні мастацкага кіраўніка, ні акампаніятара...
Чытальная зала на чатыры сталы
Першая наведаная мной гарадская ўстанова культуры - Уздзенская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Труса. Аднапавярховы будынак, у фондзе - каля 40 тысяч экземпляраў кніг, газет і часопісаў. Словам, выбар - ёсць, і даволі неблагі. Як распавяла мне дырэктар ЦБС Аксана Драчан, паступленне ў мінулым годзе было вельмі добрае.
- Пра гэта сведчыць і тое, што сёлета ў нас менш чытацкіх просьбаў замовіць якую-небудзь кнігу з абласной бібліятэкі, - кажа дырэктар ЦРБ. - Значыць, чытачы задаволены тым фондам, які ёсць цяпер у наяўнасці.
На платных паслугах бібліятэкары ЦБС зарабілі не так і шмат: каля 8 мільёнаў рублёў, хоць паслуг тут - дваццаць пяць найменняў. Найбольшым попытам карыстаюцца ў чытачоў ксеракапіраванне і Інтэрнет.
А цяпер - пра так званыя вузкія месцы. Будынак цэнтральнай бібліятэкі - пасляваеннай пабудовы, і не задавальняе цяпер ні бібліятэкараў, ні чытачоў. У чытальнай зале - усяго чатыры сталы, яна абсалютна не прыстасавана пад правядзенне маштабных імпрэз. Таму мясцовыя супрацоўнікі вымушаны пад час сваіх мерапрыемстваў або выносіць сталы з чытальнай залы і ставіць там банкеткі, каб змясціць усіх ахвотных, або выкарыстоўваць актавую залу суседняй школы.
Малавата тут і камп'ютэраў- усяго пяць, ды і большасць з іх ужо тэхнічна састарэла.
Патрэбны ўстанове і рамонт. Калі ў адным з пакояў кнігасховішча ён зроблены - сіламі саміх бібліятэкараў,- дык у іншым ён яшчэ і не пачынаўся.
- Канешне, нам тут цеснавата, - кажа Аксана Драчан. - Вось пабудуюць новы раённы Цэнтр культуры - і мы туды пераедзем.
Хвалюе кіраўніцтва ЦБС раёна і кадравае пытанне: у 10 з 25 сельскіх бібліятэк Уздзеншчыны працуюць на пасадах бібліятэкараў неспецыялісты. Праўда, сёлета завочна скончылі Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум чатыры бібліятэкары, а яшчэ адзін атрымаў вышэйшую адукацыю. Але гэтага відавочна недастаткова.
Дзе знайсці месца для РЦК?
І бібліятэкары, і жыхары Узды, з якімі ўдалося пагутарыць, казалі мне, што вельмі спадзяюцца на хуткі пачатак будаўніцтва новага Цэнтра культуры. Бо ў новай установе, паводле праекта, плануецца размясціць таксама "дарослую" і "дзіцячую" гарадскія бібліятэкі. Але найбольш пра будаўніцтва новага РЦК мараць, натуральна, самі супрацоўнікі галоўнай установы культуры горада.
Раённы "агмень" культуры, як ужо казаў, размешчаны ў будынку ХVІІІ стагоддзя - колішнім каталіцкім касцёле. Ягоная рэканструкцыя пад раённы Цэнтр культуры адбылася ў 1955-м, і да нядаўняга часу ўстанова паспяхова працавала і задавальняла патрэбы гараджан.
Праблемы пачаліся на пачатку 2000-х, калі, па словах дырэктара РЦК Алены Малашэвіч, прадстаўнікамі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях было забаронена правядзенне дыскатэчных вечароў на другім паверсе ўстановы. Мясцовае кіраўніцтва знаходзіла выйсце ў тым, што выкарыстоўвала глядзельную залу на першым: крэслы рассоўваліся па баках - з'яўлялася месца для танцаў. Але ў 2005-м будынак канчаткова прызналі аварыйным і зачынілі для масавых мерапрыемстваў.
Менавіта таму дыскатэкі цяпер ладзяцца ў будынку гарадскога кінатэатра: там ёсць вялікі хол, які змяшчае ўсіх ахвотных. Але кошт білета "кусаецца": сама дыскатэка каштуе тры тысячы, плюс дзве з паловай тысячы дадае кінатэатр.
- З нецярплівасцю чакаем пачатку будаўніцтва Цэнтра культуры, - казала мне ў час камандзіроўкі дырэктар РЦК Алена Малашэвіч, - бо, натуральна, з'явіцца больш магчымасцей для ўдасканалення нашай працы. Ды і білеты на танцы не каштавалі б так дорага...
Такое становішча не задавальняе і культработнікаў, і наведвальнікаў шматлікіх гурткоў ды аматарскіх аб'яднанняў. Так, напрыклад, кіраўніцтва раённага Цэнтра культуры вымушана праводзіць заняткі па харэаграфіі ў раённай гімназіі або на базе санаторнай школы.
Тая ж "аварыйная" праблема прымушае ладзіць раённыя або гарадскія мерапрыемствы таксама ў кінатэатры: зала ў РЦК хоць і ёсць, але - маленькая, разлічаная прыкладна на сто месцаў, і, натуральна, шмат людзей тут проста не змесціцца.
Але, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, Уздзенскі РЦК працуе даволі паспяхова. Ладзяцца шматлікія выязныя канцэрты не толькі па сваім раёне, а і па ўсёй Міншчыне: па Слуцкім, Нясвіжскім, Валожынскім, Стаўбцоўскім, Старадарожскім раёнах, а таксама ў Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці. А гурткоў і аматарскіх аб'яднанняў у галоўнай установе культуры горада - ажно 23.
Не магу не згадаць сапраўдны "эксклюзіў" установы культуры: у яе сценах "узраслі" чатыры вакальна-інструментальныя ансамблі, у тым ліку адзін- "ДІАС"- са званнем "народны". Дарэчы, не так даўно - у чэрвені бягучага года - удзельнікі гэтага ВІА выступалі ў літоўскай Паланзе на Фестывалі маладзёжных культур "Балтыйскія зоры".
- Работа ў нас ніколі не спынялася і не спыняецца, - кажа Алена Малашэвіч, - але, неаспрэчна патрэбны новы будынак.
Дарэчы, у галоўнай раённай установе культуры таксама ёсць кадравае "пытанне": няма харэографа. Але кіраўніцтва РЦК спадзяецца, што ў хуткім часе да іх прыйдзе малады спецыяліст. Больш складаная сітуацыя, як прызналася Алена Малашэвіч, - са спецыялістамі на раёне.
Адзін у полі - воін?
Натуральна, не мог не завітаць і ва ўстановы культуры Уздзенскага раёна. Так, напрыклад, у аграгарадку "Войкава" наведаў Камянкоўскі сельскі дом культуры.
Асноўная праблема ўстановы, сапраўды, - кадравая. Лічыце самі: тут працуе толькі адзін чалавек - дырэктар Наталля Шышко, якая не мае спецыяльнай адукацыі. Але сваю справу Наталля Яўгенаўна ведае і любіць: змагла арганізаваць ва ўстанове 6 гурткоў і аматарскіх аб'яднанняў, у якіх займаецца агулам каля 60 чалавек, з іх - 35 дзяцей.
Як прызналася мне Наталля Шышко, яна з задавальненнем саступіла б сваю пасаду маладому спецыялісту, якога ў аграгарадку вельмі чакаюць.
- Я ўжо пяць гадоў працую тут,- кажа Наталля Яўгенаўна,- і чатыры з іх - зусім адна.
Вельмі цяжка. Таму, калі прыйдзе да нас спецыяліст, стану ў якасці мастацкага кіраўніка весці свае гурткі... Вельмі патрэбны ў Камянкоўскім СДК не толькі мастацкі кіраўнік, але і акампаніятар. А з тэхнічнага абсталявання - яшчэ адзін камплект сцэнічнай апаратуры, бо наяўная выкарыстоўваецца і на дыскатэках, і на канцэртах. Да таго ж, не стае добрых светлавых прыбораў.
Можа, таму на дыскатэкі ў СДК прыходзіць не так ужо многа моладзі? І хоць у мінулую суботу яе наведала прыкладна пяцьдзесят чалавек, але, як кажа дырэктар, часцяком аказваецца нашмат меней.
Адсюль цягнецца і ланцужок іншых праблем, звязаных, напрыклад, з выкананнем плана платных паслуг. Летась установа зарабіла амаль два мільёны рублёў, на гэты ж год план узрос толькі на сто тысяч. Не буду казаць пра тое, многа гэта ці мала для аграгарадоцкага СДК. Прывяду толькі адзін факт: пазалетась на рамонт СДК ў аграгарадку "Войкава", па словах начальніка аддзела культуры Уздзенскага райвыканкама Алы Карповіч, было выдаткавана прыкладна 220 мільёнаў рублёў. І сума гэтая патрабуе паступовай аддачы. Хацелася б, каб яна была больш важкая і мэтанакіраваная.
Магчыма, з прыходам яшчэ аднаго спецыяліста ў Камянкоўскі СДК ва ўстанове культуры сапраўды павялічылася б колькасць ахвотных наведаць дыскатэкі, ды і гурткоў паболела б. Асабліва- калі сюды прыйдзе спецыяліст малады, крэатыўны, з жаданнем прымяніць атрыманыя ў вучылішчы або ва універсітэце веды на практыцы. Пакуль што пра гэта ў Войкаве толькі мараць.
Панацэя - камп'ютэр?
А калі весці гаворку пра Камянкоўскую сельскую бібліятэку, што размешчана ў гэтым жа будынку, дык, на жаль, і ў яе рабоце ёсць шмат тых праблем, пра якія ўжо згадваў цягам артыкула.
Загадчык установы культуры Ганна Пугачова таксама не мае спецыяльнай адукацыі: у свой часскончыла індустрыяльна-педагагічны тэхнікум. Але запэўнівала мяне, што мае жаданне атрымаць бібліятэчныя "корачкі" і з цягам часу збіраецца стаць завочніцай.
План сёлетніх платных паслуг установы культуры - прыкладна 170 тысяч. Пагадзіцеся, не надта многа. Выкананню і перавыкананню даведзеных паказчыкаў мог бы паспрыяць камп'ютэр, які, па словах бібліятэкаркі, усталявалі тут прыкладна месяцы тры таму.
Але, як распавяла Ганна Антонаўна, камп'ютэр... зламаўся яшчэ месяц таму і пакуль не здадзены ў рамонт. Тое не дзіўна: гэтая тэхніка, як і ў гарадской бібліятэцы, - далёка не новая. Начальнік аддзела культуры Уздзенскага райвыканкама Ала Карповіч, да якой звярнуўся па каментарый, пра камп'ютэрную праблему бібліятэкі нічога не ведала, але паабяцала разабрацца ў сітуацыі.
Няма ва ўстанове ні сканера, ні ксеракса, толькі прынтэр, які Ганна Антонаўна трымае дома, каб раздрукоўваць патрэбную для бібліятэчных спраў інфармацыю. Ёсць праблемы і з тэлефанізацыяй, таму, натуральна, ва ўстанове няма і Інтэрнета. Як распавяла начальнік аддзела культуры, у хуткім часе "тэлефонная" праблема бібліятэкі будзе вырашана. Адразу пасля гэтага ўстанова падключыцца да Сусветнага Павуціння, як таго і патрабуе Дзяржпраграма адраджэння і развіцця сяла.
А што да тэхнічнага "прыдатку" да камп'ютэра - сканера, прынтэра і ксеракса, - дык, па словах Алы Карповіч, падобная праблема ёсць амаль ва ўсіх бібліятэках раёна. Прычына - банальная: недахоп фінансаў.
Усе пытанні, якія з'явіліся ў мяне пасля наведання горада і аграгарадкоў раёна, агучыў на райвыканкамаўскай "лятучцы", зыніцыяванай "К". У ёй прынялі ўдзел старшыня Уздзенскага раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў ПАХОЛЬЧЫК і начальнік аддзела культуры Ала КАРПОВІЧ.
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:
- Вячаслаў Вячаслававіч, якія найпершыя задачы, на ваш погляд, стаяць перад работнікамі культуры Уздзеншчыны?
Вячаслаў ПАХОЛЬЧЫК:
- На маю думку, недастаткова актыўна вядзецца праца з моладдзю, асабліва - у сельскай мясцовасці. Дыскатэкі - гэта занадта проста. Патрэбна мэтанакіраваная работа па актыўным прыцягненні юнакоў і дзяўчат у гурткі. Неабходна, як кажуць, ісці ў народ...
Ала КАРПОВІЧ:
- Пагаджуся з тым, што трэба актывізаваць гэты накірунак дзейнасці аддзела культуры. Але ў нас у 20 клубных установах працуе 139 фарміраванняў, з іх для дзяцей - 84. Праводзяцца тэатралізацыі, канцэрты, выстаўкі...
Вячаслаў ПАХОЛЬЧЫК:
- Не кажу, што праца не вядзецца, але трэба яе, паўтаруся, актывізаваць. Лічу, што не хапае гурткоў па інтарэсах. Даўно прыспеў час змяніць сітуацыю, бо маладое пакаленне прывучана "тусавацца", а не культурна адпачываць... Таксама варта гадаваць свае кадры, ісці ў школы, заахвочваць да культуры навучэнцаў.
Ала КАРПОВІЧ:
- Але ў школах ёсць свае гурткі, якія зрэдку дубліруюць нашы. І школам, канешне ж, лягчэй зацікавіць сваімі гурткамі сваіх навучэнцаў. А той падлетак, які ходзіць у школьны гурток, ужо нават фізічна не ў стане наведаць аналагічны ў СДК. Да таго ж, ва ўстановах адукацыі праводзяцца і свае дыскатэкі.
Вячаслаў ПАХОЛЬЧЫК:
- Згодны: ёсць у гэтым накірунку шмат пытанняў. Але, да прыкладу, спартыўны трэнер ідзе ў школу і заахвочвае вучняў прыйсці да яго займацца, - і да яго ідуць, адзін з дваццаці-трыццаці. Так трэба дзейнічаць і культработнікам. Чалавек жа з цягам часу сам робіцца майстрам сваёй справы. Чаму гэтага няма ў сферы культуры?
Ала КАРПОВІЧ:
- Трэба, каб дырэктар СДК або мастацкі кіраўнік быў высакакласным спецыялістам, "хварэў" за справу. Як ты вызначыш, ёсць талент у хлопца або дзяўчыны, калі ты сам не спецыяліст, не прафесіянал у сваёй дзейнасці? Рытарычнае пытанне.
Вячаслаў ПАХОЛЬЧЫК:
- Тут - яшчэ адзін бок медаля: калі будзе больш моладзі наведваць гурткі, дык будзе і больш патэнцыйных будучых кадраў для сферы культуры, з наяўнасцю якіх у нас ёсць пэўныя праблемы. Вось таму гэтая дзейнасць павінна стацца для сферы культуры прыярытэтнай. Бо ў аддзеле культуры ёсць праблемы і па недахопе кадраў, і па прафесійнай падрыхтоўцы нашых мастацкіх кіраўнікоў, дырэктараў СДК. Напрыклад, калі спецыяліст - харавік, умоўна кажучы, дык ён не можа стаць танцорам. І наадварот. А шкада...
Ала КАРПОВІЧ:
- З кадрамі сапраўды - праблема... Выдаём накіраванні ў вышэйшыя і спецыяльныя навучальныя ўстановы. Летась да нас прыйшло шэсць маладых спецыялістаў, сёлета чакаем яшчэ восем, тры з іх - нашы мэтавікі. Дваццаць тры чалавекі займаюцца без адрыву ад вытворчасці. Дарэчы, недастатковая праца з моладдзю вядзецца з прычыны той жа неспрыяльнай кадравай сітуацыі.
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:
- Сапраўды, пабываў у аграгарадку "Войкава": там і дырэктар СДК, і бібліятэкар не маюць спецыяльнай адукацыі. І такая сітуацыя, як распавяла дырэктар ЦБС раёна, - у многіх сельскіх бібліятэках... Няма мастацкага кіраўніка, акампаніятара ў тым жа аграгарадку "Войкава"...
Ала КАРПОВІЧ:
- Заўсёды ставім пытанне перад нашымі супрацоўнікамі, каб яны атрымлівалі спецыяльную адукацыю, і завочна, і на дзённым аддзяленні. Супрацоўнікі Камянкоўскага СДК абяцалі мне, што паступяць...
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:
- Мне яны казалі, што ў гэтым годзе паступаць не плануюць. Мажліва, у наступным...
Ала КАРПОВІЧ:
- Значыць, накіруем туды тых маладых спецыялістаў, што прыйдуць да нас сёлета. І ў бібліятэку, і на пасаду дырэктара СДК.
Вячаслаў ПАХОЛЬЧЫК:
- Канешне, больш праблемных пытанняў у нас - на сяле, а не ў гарадскіх установах культуры. Багата гурткоў у горадзе, у вёсцы - менш. Але, згодна з Дзяржпраграмай адраджэння і развіцця сяла, усе СДК у аграгарадках былі прыведзены ў парадак.
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:
- Аднак ёсць пытанні па тэхнічным забеспячэнні тых жа аграгарадоцкіх СДК: як я ведаю, звычайна ва ўсіх сельскіх установах культуры адзін камплект музычнай апаратуры выкарыстоўваецца і пад час канцэртаў, і пад час дыскатэк. Не стае камп'ютэраў, светлавой апаратуры, часам у бібліятэках няма тэлефона і, адпаведна, Інтэрнета...
Ала КАРПОВІЧ:
- На рамонт СДК у аграгарадку "Войкава" мы выдаткавалі прыкладна 220 мільёнаў рублёў. Камп'ютэры і там, і ў іншых бібліятэках раёна - сапраўды старыя. Наогул, тэхнічнае абсталяванне пакідае жадаць лепшага. Але гэтыя праблемы ёсць у кожным раёне Беларусі. Мы працуем над паляпшэннем матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры, і яна паступова абнаўляецца. Сёлета набылі DVD-прайгравальнік для Талкачэвіцкага СК, тэлефон для Хатлянскай сельскай бібліятэкі, музычную апаратуру для РЦК. Канешне, няма мяжы дасканаласці, бо запыты моладзі - растуць. Амаль у кожнага ёсць DVD, камп'ютэр, таму, вядома, хочацца, каб падобная апаратура была ў СДК і выкарыстоўвалася на дыскатэках.
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:
- Пагаворым пра горад. Быў у цэнтральнай бібліятэцы Узды: там - даволі стары будынак, супрацоўнікі сваімі сіламі робяць рамонт памяшканняў, старыя камп'ютэры - карацей, тыя ж праблемы, што і на сяле... Ці плануецца перавесці цэнтральную бібліятэку ў іншы будынак? А асноўная праблема філіяла дзіцячай бібліятэкі - тое, што яна аддалена ад цэнтра горада, і многія жыхары проста не пускаюць туды сваіх дзяцей... Яшчэ адна вялікая гарадская праблема: раённы Цэнтр культуры. Якія планы ў гарадскіх улад наконт гэтага аб'екта культуры?
Вячаслаў ПАХОЛЬЧЫК:
- Ставім цяпер пытанне аб будаўніцтве раённага Цэнтра культуры, бо, як вядома, усе масавыя мерапрыемствы праходзяць у кінатэатры. Ужо падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя, яна аплачана аблвыканкамам. Але на пачатак будаўніцтва, улічваючы сённяшняе эканамічнае становішча, грошай пакуль што няма... Плануем зрабіць не проста Дом культуры, а цэлы культурны комплекс, дзе, акрамя РЦК, размесцяцца цэнтральная і дзіцячая бібліятэкі ды ЗАГС. Таму шукаць новы будынак пад цэнтральную бібліятэку цяпер проста немэтазгодна. Вось адбудуем ва Уздзе культурны комплекс - тады ўсе праблемы здымуцца.
Пасляслоўе да райвыканкамаўскай "лятучкі"
Пакуль - аплата дакументацыі
Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Святлана БАРАНОК:
- На сёння мы пагасілі запазычанасць за праектна-каштарысную дакументацыю новага будынка Уздзенскага раённага цэнтра культуры ў памеры 626,9 мільёна рублёў. Такім чынам, уся ПКД каштавала абласному бюджэту прыкладна 800 мільёнаў рублёў.
Калі весці гаворку пра пачатак будаўніцтва новага гмаху гэтай надзвычай патрэбнай Уздзе ўстановы культуры, дык дакладная дата пакуль не вызначана, бо цяпер з абласнога бюджэту фінансуецца будаўніцтва або рэканструкцыя шэрагу іншых аб'ектаў культуры Міншчыны: будуем новы будынак Любанскай ДШМ, актыўна вядзём рамонтныя работы другой чаргі Мар'інагорскай ДШМ, а таксама рэканструкцыю аб'ектаў у Радашковічах, Калодзішчах, Дворышчах і Мачулішчах.
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск - Уздзенскі раён - Мінск
Фота аўтара