...Зразумела, што мала хто носіць у кішэні ўласны здымак - так бы мовіць, на ўсялякі выпадак. А для пасведчання ён неабходны. І таму арганізатары фестывалю стварылі ўласную студыю экспрэс-фота. Прычым сапраўды - "экспрэс": як адзначыла загадчык службы акрэдытацыі Вольга Сакалова, уся працэдура стварэння бэджа займае максімум 15 - 20 хвілін. І нават самыя капрызлівыя зоркі ставяцца да гэтых фармальнасцей з разуменнем.
Значная калекцыя такіх эксклюзіўных валошкавых фота назапасілася ў своеасаблівым музеі фестывалю, які змешчаны ў Духаўскім кругліку. Адзін з яго стэндаў, на якім выяўлены бэджы знакамітых гасцей мінулых гадоў, папаўняецца з кожным фестывалем.
Форм акрэдытацыі на фестывалі існуе 27. Адна з іх тычыцца работнікаў пяра. Па словах кіраўніка фестывальнага прэс-цэнтра Аркадзя Шульмана, сёлета такія бэджы атрымаюць звыш 460 журналістаў - не толькі з нашай краіны, але таксама і з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Узбекістана, ЗША, Аўстрыі, Германіі і нават Кітая.
За чэрвень фестывальны сайт наведала каля 46 тысяч карыстальнікаў з Інтэрнета. Прычым, як адзначыў Аркадзь Шульман, асабліва яго ўразіла запатрабаванасць англійскай версіі рэсурсу: людзі завітваюць на сайт, не раўнуючы, з усяго свету!
На форуме журналістаў чакае вельмі напружаны графік працы: у першыя дні будзе праходзіць па 3 - 4 прэс-каферэнцыі, уключна з традыцыйнымі "Зорнымі часамі". Адпаведна, браку інфармацыі не прадбачыцца. І таму нязменны кіраўнік прэс-цэнтра заўсёды дзівіцца, што знаходзяцца тыя "акулы пяра", якія едуць у Віцебск праз многія сотні кіламетраў, каб потым перапісваць слова ў слова прэс-рэлізы, якія рыхтуюцца на кожны фестывальны дзень.
- Пасля заканчэння фестывалю мы прыступаем да аналізу публікацый пра яго ў СМІ, - кажа Аркадзь Шульман. - Сярод іх бываюць як грунтоўныя аналітычныя матэрыялы, адкуль можна пачарпнуць цікавую думку, так і, даруйце, поўны плагіят...
З іншага боку, не сакрэт, што некаторыя журналісты з суседніх краін прыязджаюць у Віцебск выключна ў пагоні за "смажанымі" фактамі з жыцця зорак.
- Ёсць і тыя, каго цікавіць не мастацкі ўзровень праграм, а тое, што дзесьці ў гатэлі раптам здарыўся перабой з гарачай вадой, - кажа Аркадзь Шульман. - І тады даводзіцца тлумачыць калегам: вы звярніце ўвагу на назву нашага форуму! Гэта - міжнародны фестываль мастацтваў! Наша ж задача - прадаставіць журналістам як мага больш матэрыялу ды стварыць камфортныя ўмовы для іх працы. Ды і мікрафон на прэс-канферэнцыях даступны для ўсіх. Вас могуць перапыніць толькі ў тым выпадку, калі вы паспрабуеце ператварыць прэс-канфэрэнцыю ў эксклюзіўнае інтэрв'ю, ігнаруючы патрэбы больш чым сотні сваіх калег...
Паводле назіранняў Аркадзя Шульмана, зоркі не надта баяцца вострых пытанняў: з той простай прычыны, што гэтыя пытанні ім даводзіцца чуць рэгулярна.
***
...Веб-камера, усталяваная ў Амфітэатры, дазваляла кіраўніцтву фестывалю сачыць за ходам падзей, не пакідаючы сцен кабінетаў Дырэкцыі. Прычым падзеі ў рэжыме "он-лайн" адбываліся вельмі цікавыя. Акурат завяршаўся мантаж новага сцэнічнага абсталявання, якога на Беларусі пакуль і не бачылі.
- Гэта інтэлектуальныя лябёдкі, якія маюць тры секцыі і здатныя ўтвараць на сцэне нешта накшталт жырандолі або... торта, - распавёў загадчык філіяла "Летні амфітэатр" Цэнтра культуры "Віцебск" Анатоль Васенда, - выконваючы адначасова і ролю шырмы, каб наступны калектыў мог паспець падрыхтавацца і выйсці на сцэну. Для рэжысёраў гэта - дадатковыя магчымасці. Як і тыя святлодыёдныя элементы, якія сёлета былі ўманціраваны ў сцэну: яны здатныя надаць імпрэзе тую дадатковую дынаміку, якую мы адчуваем, скажам, пад час "Еўрабачання"...
Бачачы на сцэне грувасткія металічныя канструкцыі, было цяжка ўцяміць, як яны праявяць сябе ў "працы". Зрэшты, ад нас, шараговых гледачоў, гэта і не патрабуецца.
- Што да гукавога абсталявання, - прадоўжыў Анатоль Васенда, - дык яно застаецца ранейшым, бо ніякіх удасканаленняў пакуль не патрабуе. Можаце так і напісаць: гук у нас - самы лепшы ў свеце! І гэта тычыцца не толькі апаратуры, але і каманды прафесіяналаў, якая з ім працуе. Нам на сваю каманду наракаць не выпадае: яны здатныя выканаць любы "капрыз" выканаўцы...
Як адзначыў начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі, апошняе тычыцца не толькі тэхнічнага райдэру, але і побытавага. Ніхто з удзельнікаў фестывалю - які зорны статус ён ні меў бы - ніколі не выказваў сваё незадавальненне з нагоды прыёму. Адсутнасць пяцізоркавых гатэляў у Віцебску кампенсуецца датклівай увагай і прыязнасцю з боку арганізатараў.
- Нашы госці часта кажуць: па тэлебачанні пра Беларусь мы чуем адно, а на свае вочы бачым зусім іншае, - кажа начальнік упраўлення культуры. - Маўляў, у вас тут - сапраўдная Еўропа! Прычым госці адзначаюць не толькі чысціню і дагледжанасць аграгарадкоў, але таксама - і ўзровень культуры віцябчан.
...На сцяне аднаго з кабінетаў Дырэкцыі заўважыў каляндарык "для ўнутранага карыстання", які пачаў нецярпліва адлюстроўваць дні, што засталіся да сканчэння фестывалю, яшчэ нават да яго адкрыцця. І сапраўды: нягледзячы на спраўную працу кандыцыянераў, у гэтых кабінетах было спякотней, чым на вуліцы. Адпаведна, каляндарык меўся выяўляць заканамерную стому.
- Ды нічога ён не выяўляе, гэта ўсяго толькі жарт! - пасміхнулася намеснік дырэктара фестывалю Вольга Саннікава. - Тым болей, ужо на наступны дзень па сканчэнні гэтага форуму для нас пачнецца чарговы. А стамляцца... Што вы, у нас на гэта няма часу!..
Мабыць, я буду не першым журналістам, які адзначыць адну прыемную акалічнасць: удзельнікаў каманды "Славянскага базару..." ніколі не пакідае пачуццё гумару - нават на самым піку перадфестывальных клопатаў. Рыса, уласцівая толькі сапраўдным прафесіяналам!
На здымках: апошнія тэхнічныя ўдакладненні ў Летнім амфітэатры.
Фота Юрыя ІВАНОВА