Задоўга да асабістай сустрэчы з маэстра і яго славутым калектывам удакладняўся рэпертуар, які яны выканаюць з аркестрам, дасылаліся запісы песень, паводле іх рабіліся аркестроўкі...
І вось - сустрэча ў беларускай сталіцы!
А сустрэча з аркестрам для кожнага саліста бывае хвалюючай. Для канкурсантаў - гэта хваляванне ўдвая. Але добразычлівая атмасфера на рэпетыцыі і ўжо само тое, як сардэчна сустрэла іх Беларусь, здымае ўсе трывогі. Прэтэндэнты на званні лаўрэатаў і дыпламантаў з ліку тых, каго карэспандэнты "К" заспелі ў дзень здачы нумара ў друк на рэпетыцыі ў маэстра Фінберга, шчыра дзеляцца сваімі ўражаннямі.
Куба ўдзельнічае ў нашым фестывалі ўпершыню, даслаўшы на конкурс маладую спявачку Даніуску Пачэку.
- Пра "Славянскі базар у Віцебску", - кажа Даніуска, - я даведалася ўжо некалькі гадоў таму ад нашага журналіста Альберта Лорэйдыса Перэса. Альберт з'яўляецца своеасаблівым паслом культуры Беларусі ў нас на Кубе: дваццаць гадоў таму ён скончыў Мінскі індустрыяльны педагагічны тэхнікум, вельмі любіць і шануе Беларусь, апантана папулярызуе беларускую культуру на Кубе. У прыватнасці, у горадзе Баяма, дзе я жыву, на базе гарадскога Дома культуры ён стаў фундатарам праекта "Славянскі голас": невялічкай школы, у якой маладыя выканаўцы могуць навучыцца спяваць на рускай і беларускай мовах. На наступны год запланаваны нават фестываль "Славянская песня"! Мне ж падабаецца ў славянскай песні ўсё: мелодыка, рытміка, характар... А фестываль для мяне - гэта, па-першае, стасункі, зносіны з артыстамі з розных краін свету. Па-другое, магчымасць пазнаёміцца з той краінай, пра якую я столькі чула ад Альберта. Уражанні - вельмі прыемныя: па сваёй чысціні, лагоднасці, нейкай нетаропкасці ў рытме жыцця Мінск падобны да Баямы. Беларусы ж - вельмі адкрытыя і музычныя. І я зразумела, што нашы народы вельмі блізкія...
- 7 ліпеня, - дадаў Альберт Лорэйдыс Перэс, - спаўняецца акурат 20 гадоў, як я пакінуў Беларусь. Для мяне гады, што правёў у вашай краіне, - папраўдзе залатыя. І я вельмі рады, нарэшце, зноў прыехаць сюды і ўбачыць Мінск, які ў свой час стаў для мяне родным...
Да нашай размовы далучаецца армянская канкурсантка Анаід Шахбазян.
- Выбар канкурсанта ад Арменіі вырашаўся сёлета на самым высокім узроўні, і вельмі прыемна і пачэсна, што гэты гонар даверылі мне, салістцы Дзяржаўнага тэатра песні. Я шмат чула аб вашым форуме, таму, безумоўна, хвалююся, але пачуваць сябе больш упэўнена мне дапамагае мой зямляк, музычны прадзюсер Сяргей Грыгаран, які пазалетась сам прыязджаў да вас канкурсантам.
- Гэта быў для мяне неацэнны досвед. Цяпер, - тлумачыць Сяргей, - я кансультую Анаід, дапамагаю ёй адчуць, зразумець шматлікія нюансы выканання, звяртаю яе ўвагу на розныя дробязі. "Славянскі базар у Віцебску" - адзін з наймацнейшых міжнародных конкурсаў. Мне давялося ўдзельнічаць у многіх, але падобны ўзровень маюць адзінкі. Добра і тое, што тут звяртаецца ўвага не толькі на знешнасць артыста, рэжысуру нумара, а менавіта на прафесіяналізм музыканта...
Не менш як сем разоў назірала за ходам "Славянскага базару..." па тэлебачанні канкурсантка з Санкт-Пецярбурга Ганна Малышава. І прыезд на конкурс маладых выканаўцаў фестывалю стаў для яе першым падарожжам у Беларусь.
- "Славянскі базар у Віцебску", - разважае Ганна, - тое месца, дзе сустракаюцца добрыя выканаўцы з многіх краін. Што да маладых спевакоў, якія спрабуюць сябе на конкурсе... Увесь час варта развівацца! Летась на Міжнародным конкурсе "Новая хваля" я пазнаёмілася з вашым земляком Максам Лоўрэнсам, і мне вельмі хацелася б пачуць выступленні на "Славянскім..." іншых беларусаў...
Для Дзінары Султангаліевай з Казахстана "Славянскі базар..." не стаў нечаканым сюрпрызам:
- Мае знаёмыя, сяброўкі па вучобе ў Казахскай акадэміі мастацтваў не раз спаборнічалі ў гэтым конкурсе маладых выканаўцаў. Адна з іх нават заваявала II месца. Мы тады вельмі ўзрадаваліся яе поспеху! Бо гэта надзвычай прэстыжны форум. Мяне вельмі кранула чысціня сталіцы і шчырая добразычлівасць беларусаў. Тут усе - такія ўважлівыя і добрыя!
Вукашын Брайіч з Босніі і Герцагавіны прыехаў у Мінск толькі гадзіну таму і адразу выправіўся на рэпетыцыю:
- Мае ўражанні ад Беларусі - вельмі станоўчыя. Спадзяюся, што цягам конкурсных дзён змагу пазнаёміцца бліжэй з Мінскам і Віцебскам, а таксама з жыхарамі гэтых гарадоў. І, канешне, я настроены на перамогу. Да мяне даволі шмат спевакоў з краін былой Югаславіі прымалі ўдзел у "Славянскім базары ў Віцебску". Яны займалі прызавыя месцы, неаднойчы бралі Гран-пры. Таму я вельмі рад удзельнічаць у конкурсе і спадзяюся паўтарыць поспех сваіх землякоў...
Дамір Кеджа з Харватыі таксама шчаслівы, што прыехаў у Беларусь:
- На жаль, мы ў Харватыі больш ведаем пра іншыя еўрапейскія краіны - Іспанію, Італію, а вось пра Беларусь - куды менш. Таму я вельмі рад, што змагу, вярнуўшыся дадому, распавесці пра вашу краіну ўсім маім сябрам і знаёмым. Мне тут вельмі падабаецца. У Мінску вельмі чыста і ўтульна, паўсюль - зеляніна, усё радуе вока і душу. "Славянскі базар у Віцебску" збірае выдатных выканаўцаў, і я ганаруся, што ўдзельнічаю ў вашым форуме разам з імі. Нават па тых спеваках, з якімі я сустрэўся на рэпетыцыі, відавочна, што конкурс мае высокі прафесійны ўзровень. Усе ўдзельнікі - вельмі таленавітыя людзі. Таму перамога на такім фестывалі - гэта вялікі гонар і прэстыж для кожнага...
Вельмі рады ўдзельнічаць у конкурсе і Лаша Рамішвілі з Грузіі:
- Я ўпершыню ў Беларусі, у Мінску, але ўжо паспеў закахацца ў гэты горад, у тых людзей, з якімі даводзілася сустракацца і гутарыць. Хвалююся, бо выконваю песню з рэпертуару "Песняроў" - "Зачарованая мая". Спадзяюся, маё выступленне спадабаецца, бо звяртацца да песень гэтага славутага калектыву на яго радзіме, у Беларусі, - справа вельмі адказная. І, натуральна, мне вельмі прыемна працаваць з Нацыянальным канцэртным аркестрам Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам знанага маэстра Міхаіла Фінберга.
Калі будзе магчымасць, абавязкова наведаю і іншыя праграмы фестывалю. Бо гэта таксама досвед, магчымасць пераняць штосьці новае ў іншых выканаўцаў, каб павысіць свой узровень і развівацца надалей. Увогуле ж, выступленне на "Славянскім базары ў Віцебску" - сапраўдны іспыт для кожнага выканаўцы з любой краіны свету...
Дадамо, што гэта - чарговы "экзамен" і для нашага аркестра.
- Прызнацца, я хвалююся не менш за саміх канкурсантаў, - гаворыць народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг. - Бо гэта вельмі адказна і сур'ёзна: суправаджаць конкурсныя выступленні моладзі з розных краін свету. Мы правялі вялікую падрыхтоўчую, рэпетыцыйную працу, і я магу запэўніць, што канкурсанты будуць задаволены акампанементам, які яны пачуюць у Беларусі. Яны яшчэ раз змогуць пераканацца, што іх спевы суправаджае адзін з лепшых аркестраў нашай краіны і свету. Удзельнічаць у конкурсе - вельмі складана, бо сёння эстрадныя спевы ацэньваюцца па самых розных, часам супярэчлівых, крытэрыях. Хай канкурсантам крыху пашанцуе! Хай кожны выступіць удала, знайшоўшы сваіх прыхільнікаў! І хай сапраўдным падарункам і, адначасова, майстар-класам для ўсіх іх стане творчы вечар непераўзыдзенага маэстра Райманда Паулса. Я сустракаюся з ім на сумесным канцэрце ўжо трэці раз, і вельмі шчаслівы, што за раялем будзе сапраўдны майстар, музыкант і кампазітар, які паважае аркестр, ведае цану жывому гучанню. І ва ўсім гэтым можа служыць прыкладам для творчай моладзі.
...Пакуль мы на час завалодалі ўвагай творчай моладзі з розных краін свету ад хвалюючага знаёмства з аркестрам, ужо вось-вось мела распачацца рэпетыцыя. Сонечныя праменьчыкі адбіваліся не толькі ў шыбах навакольных дамоў, але і ва ўсмешках канкурсантаў: мо якраз хтосьці з іх, а можа, і тыя артысты, што прыехалі ў Беларусь наступнымі днямі, возьме Гран-пры "Віцебска-2010". Конкурс пакажа...
А пакуль - распеўка з аркестрам!
Фота Юрыя ІВАНОВА