Без сумневу, тым заўсёднікам фестывалю, якія памятаюць плошчу яшчэ ў яе старым абліччы, наканавана ў гэты свой прыезд у Віцебск перажыць моцнае здзіўленне. Бо абяцанне - спраўдзілася.
Адразу па сканчэнні працоўнага дня плошча стала запаўняцца людзьмі. Дзятву прываблівалі не столькі звычайныя атракцыёны, якіх тут дастаткова, колькі нядаўна адкрытая Алея воінскай славы, напоўненая як баявой тэхнікай часоў Вялікай Айчыннай вайны, так і сучаснымі ваеннымі верталётамі. Пакуль бацькі ўчытваліся ў тэхнічныя характарыстыкі зброі і даведваліся пра яе ўнёсак у Перамогу, малеча без боязі ўскарасквалася на браню - балазе гэта не забаронена.
У якасці альтэрнатывы можна было пасядзець пад "парасонам" адной з кавярняў, сцены якой упрыгожвалі фоны з гісторыі "эвалюцыі" плошчы, або памкнуцца да фантанаў (гэта асабліва актуальна ў трыццаці-
градусную спёку), што сімвалізуюць своеасаблівы салют у гонар Перамогі. Праўда, выкананы ў вадзе.
- Тое, што плошча спалучае два сегменты - мемарыяльны і забаўляльны, - гэта надзвычай важна і вельмі зручна для правядзення масавых мерапрыемстваў, - адзначыў начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі. - Як толькі тут скончыліся будаўнічыя работы, плошча стала сапраўдным цэнтрам гарадскога жыцця - і ў будні, і, асабліва, у святы. Раней такую функцыю выконвала плошча Свабоды, але ж маштабам горада яна ўжо відавочна не адпавядала.
Літаральна на маіх вачах акурат пасярэдзіне плошчы прыпыніўся вялізны аўтацягнік: ён прывёз першую частку сцэнічнага абсталявання, патрэбнага для правядзення беспрэцэдэнтнага ў беларускім шоу-бізнесе эксперыменту. Каб даставіць усе складнікі сцэны вышынёй амаль у дванаццаць метраў, такіх фур спатрэбілася пяць.
Платныя імпрэзы на плошчах ніхто ў нашай краіне пакуль не ладзіў. Сёлетні "Славянскі базар у Віцебску" ўвойдзе ў гісторыю як пачынальнік такой завядзёнкі. 10 ліпеня на плошчы Перамогі збяруцца зоркі "Еўрабачання" з усяго свету (уключна, вядома, і з беларускімі ўдзельнікамі конкурсу розных гадоў), а праз некалькі дзён тут выступіць Дзіма Білан.
Што прадугледжвае "фармат плошчы"? З аднаго боку, - поўны дэмакратызм (прыкладам, у адрозненне ад некаторых канцэртных залаў, танцы тут толькі вітаюцца), а з іншага - нямала практычных праблем.
Першы фактар тычыцца не толькі паводзін публікі. Памятаю той час, калі білеты на канцэрты зорак (хай сабе ўзроўню "Ласкового мая", а не "Rolling Stones") былі даступныя для кожнага студэнта. Але... Сённяшнія студэнты тое ўжо не памятаюць.
"Фармат плошчы" дазваляе разарваць гэтае замкнёнае кола. Білеты на абодва канцэрты будуць па кішэні ўсім і кожнаму! І таму арганізатары фестывалю спадзяюцца, што ў дні канцэртаў Віцебск спазнае "арганізаваны наплыў" моладзі з усёй вобласці. А месца тут хопіць усім: па ацэнках спецыялістаў, плошча можа змясціць да ста тысяч удзячных гледачоў!
Але менавіта з такой нечуванай для беларускага шоубізу масавасці вынікае і другі аспект канцэртаў на плошчы - праблемны. Ён тычыцца забеспячэння парадку, бяспекі ды і, урэшце, камфорту гледачоў.
- Для прафесіяналаў, якія ўтвараюць нашу каманду, правядзенне такіх імпрэз не з'яўляецца надта складанай праблемай. Таму вы дарэмна хвалюецеся, - парыравала намеснік дырэктара фестывалю Вольга Саннікава.
Як адзначыў Мікалай Пашынскі, комплексная прапрацоўка тых пытанняў, што самі сабой ставяць перад арганізатарамі падобныя мерапрыемствы, ужо праводзіцца на ўзроўні абласных улад:
- Службы, заангажыраваныя пад час гэтых мерапрыемстваў, ведаюць свае задачы. Мы ж прадугледзім усе патрэбы наведвальнікаў і пастараемся іх задаволіць.
Фуры са сцэнічным абсталяваннем прыехалі з Бабруйска: менавіта ў гэтым горадзе сёння базуецца ці не найлепшая на Беларусі сцэна для open-air. Сёлета Віцебску давялося яе арандаваць. Але ў хуткім часе такой патрэбы ўжо не будзе. Як адзначыў Мікалай Пашынскі, неўзабаве Віцебскі аблвыканкам аб'явіць тэндэр для набыцця ўласнай сцэны - яшчэ лепшай, паводле сваіх параметраў, за бабруйскую.
- Магчыма, якасць гэтага абсталявання вы ацэніце ўжо сёлета, - адзначыў начальнік упраўлення культуры, - бо яшчэ напрыканцы "цёплага" сезона мы спадзяёмся паспець правесці пару канцэртаў.
Такім чынам, самы час задацца пытаннем: а калі ж на гэтай шыкоўнай сцэне будуць выступаць зоркі ўзроўню, скажам, "Rolling Stones"?
- Я чую такое пытанне ўжо далёка не ўпершыню, - прызнаўся Мікалай Пашынскі. - Больш за тое: задачу прывезці на "Славянскі базар..." сапраўдную мегазорку сусветнага маштабу ставіць перад намі і Міністэрства культуры краіны. Але раней мы мелі аб'ектыўныя перашкоды: для выканаўцаў такога ўзроўню Амфітэатр усё ж замалы, і таму цэны білетаў на іх канцэрты там дасягнулі б завоблачных вышынь. Іншая справа - плошча Перамогі... Усе магчымасці будуць у нас ужо ў хуткім часе, і таму ёсць надзея, што "Славянскі базар..." дасягне новай "прыступкі" ў самай бліжэйшай перспектыве. Як вы самі можаце бачыць, фестываль не стаіць на месцы - ён паступова рухаецца наперад.
Зрэшты, сцэна на плошчы прызначана не толькі для суперзорак. Ужо пад час сёлетняга фестывалю на ёй штодня будуць выступаць і мясцовыя калектывы. Раней на пляцоўцы ля Цэнтра народных рамёстваў ім было трохі зацесна, затое цяпер прасторы будзе хапаць.
- Дарэчы, неўзабаве ад плошчы і ажно да Успенкі размесціцца добраўпарадкаваная набярэжная, - распавядае пра планы на будучыню Мікалай Пашынскі. - А былы дом губернатара, які нібы завяршае гэты праменад, ператворыцца ў музей.
Стромкія барочныя вежы, "з нуля" адбудаваныя на Успенскай гары, сталі галоўнай неспадзяванкай для гасцей леташняга фестывалю: яны настолькі выразна змянілі "профіль" Віцебска, што абмінуць увагай гэтыя новыя архітэктурныя дамінанты было немагчыма. Гэтым разам гасцей чакае новае здзіўленне: царква ўжо атынкавана, і яе белы колер цудоўна гарманіруе з асяроддзем. Бо такіх светлых будынкаў за апошні год у горадзе значна паболела, і таму нават звычайны шпацыр па цэнтры Віцебска здатны дадаць аптымізму і добрых эмоцый.
- Ведаючы характар старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Косінца, я больш чым упэўнены, што і наведвальнікі наступных фестываляў штораз будуць мець нагоды для здзіўлення, бачачы, як моцна змяніўся Віцебск усяго за адзін год, - рэзюмаваў Мікалай Пашынскі напрыканцы нашай гутаркі.
Фота Юрыя ІВАНОВА