Плюсы і мінусы
Антон СІДАРЭНКА: - Конкурс маладых талентаў "Зорка ўзышла над Беларуссю" стаў значнай падзеяй для сферы культуры нашай краіны. Ужо сёння відавочна, што ён пакінуў след не толькі ў памяці 4200 сваіх удзельнікаў і арганізатараў. Пэўна, вынікі яго больш як маштабныя, а карысная інфармацыя, атрыманая пад час мерапрыемства, будзе апрацоўвацца не адзін тыдзень. Тым не менш, ужо сёння можна казаць аб пэўных высновах, істотных пытаннях, што ўзняў конкурс, праблемах, якія вывеў на першы план...
Тадэуш СТРУЖЭЦКІ:
- Галоўны вынік конкурсу - ён спраўдзіў ускладзеныя на яго надзеі. Спаборніцтва маладых талентаў, якое ўпершыню ў такім маштабе праходзіла на Беларусі, атрымалася цікавым і разнастайным. Безумоўна, яно мае будучыню, бо дазваляе паглядзець на тых маладых творцаў, якія звычайна застаюцца па-за ўвагай шырокай аўдыторыі. Гэта датычыць такіх намінацый, як "Сацыяльная рэклама", "Рэжысура масавых святаў, тэатралізаваных прадстаўленняў і шоу-праграм", "Дызайн". Па дадзеных намінацыях рэспубліканскія конкурсы ў такім маштабе раней не праводзіліся. "Зорка..." была вельмі карыснай для тых, хто не спрабаваў сябе ў сітуацыі творчага спаборніцтва.
Станоўчай адметнасцю конкурсу стаў яго дэмакратычны характар: у ім маглі прыняць удзел як аматары, так і прафесіяналы ў шырокім узроставым дыяпазоне - ад 16 да 31 года. Сведчаннем папулярнасці "Зоркі..." стала вялікая колькасць ахвотных на адборачных турах. Яшчэ адзін "плюс" - конкурс прайшоў паэтапна, закрануўшы ўсе, без выключэння, раёны краіны, потым - абласныя цэнтры і, нарэшце, сталіцу. Такая схема творчых аглядаў выкарыстоўвалася ў часы існавання СССР і мела свой плён. Падобныя спаборніцтвы заклікаюць патэнцыйных удзельнікаў да творчай актыўнасці. На жаль, большасць сучасных рэспубліканскіх конкурсаў не прытрымліваецца гэтага парадку: мясцовыя прадстаўнікі арганізатараў самі праводзяць адбор, у выніку чаго на фінальныя туры ў сталіцу трапляюць далёка не ўсе лепшыя і цікавыя прадстаўнікі. "Зорка ўзышла над Беларуссю" выпраўляе гэтую хібу: на раённым ўзроўні была праведзена шырокая інфармацыйная работа, у выніку якой усе ахвотныя займелі магчымасць паспрабаваць сябе.
Плюсам з'яўляецца і тое, што на абласным узроўні да працы падключылася рэспубліканскае журы, куды пагадзіліся ўвайсці лепшыя прафесіяналы і майстры сваёй справы. Удалося наладзіць іх паўнавартасную працу, выезды на конкурсныя пляцоўкі. Мяркую, сама прысутнасць журы рэспубліканскага ўзроўню на абласных турах вельмі дысцыплінавала ўдзельнікаў, а карысныя парады, своеасаблівыя "майстар-класы" дапамагалі маладым людзям лепш ацэньваць свае магчымасці. Зразумела, ацэнка канкурсанта журы на любым творчым спаборніцтве ўтрымлівае ў сабе элемент суб'ектывізму. Аднак, упэўнены, што на конкурсе "Зорка ўзышла над Беларуссю" верагоднасць гэтага, дзякуючы выдатнай арганізацыі і кампетэнцыі членаў рэспубліканскага журы, сталася мінімальнай.
Антон СІДАРЭНКА:
- Ці можна ўжо сёння казаць пра маладыя таленты, адкрытыя пад час конкурсных мерапрыемстваў?
Тадэуш СТРУЖЭЦКІ:
- Безумоўна, упэўнена казаць пра тое было б занадта саманадзейна, але сцвярджаць, што на ім былі створаны надзвычай спрыяльная абставіны для гэтага, - можна. Пераможцы "Зоркі..." маюць усе магчымасці для далейшага развіцця і творчага росту. Няма сумненняў: спаборніцтва займела права на існаванне і абавязкова будзе праводзіцца ў далейшым.
Трэба сказаць, што любы конкурс, у тым ліку наш, - як жывая істота, якая можа значна змяняцца. Відавочна, існуюць пэўныя моманты, у тым ліку і ў Палажэнні аб правядзенні конкурсу, якія падлягаюць карэкціроўцы. Ёсць пытанні, датычныя непасрэдна арганізацыі, напрыклад, тэрміны правядзення. Так, відавочна, гэтым разам не хапіла часу на правядзенне інфармацыйнай і рэкламнай кампаній.
Нарэшце, трэба адзначыць і тое, што поспех нашага конкурсу залежаў і ад настрою, з якім ён праводзіўся непасрэдна на месцах. Калі ў большасці раёнаў "Зорка ўзышла над Беларуссю" стала сапраўднай падзеяй, яркай і запамінальнай, то ў некаторых конкурсныя мерапрыемствы праводзіліся фармальна, без усведамлення сітуацыі, без адчування адказнасці за вынікі. Тое, на жаль, здарылася па некаторых намінацыях і ў сталіцы: выбар сярод удзельнікаў, здавалася, быў вялікі, але надзвычай яркіх сярод іх знайшлося мала. Вядома, ад паведамленняў у сродках масавай інфармацыі шмат што залежала, але ў шэрагу рэгіёнаў неабходна было правесці больш інтэнсіўную працу намаганнямі саміх арганізатараў па папулярызацыі конкурсу сярод патэнцыйных удзельнікаў. Аднак, спадзяюся, гэта ўсё - так званыя "праблемы росту".
Антон СІДАРЭНКА:
- А што да іншых вынікаў?
Тадэуш СТРУЖЭЦКІ:
- Рубам паўстала пытанне рэпертуару ў сцэнічных намінацыях. Высветлілася, што існуе пэўны дэфіцыт новых якасных твораў. Таксама адбілася адсутнасць грунтоўнай падрыхтоўкі ўдзельнікаў. Найперш гэта датычыць зусім новай намінацыі - "Сацыяльная рэклама". Падрыхтоўка спецыялістаў па гэтым напрамку творчасці толькі пачалася, таму чакаць вялікай колькасці канкурсантаў і высокага ўзроўню іх работ не даводзілася.
Галоўны вынік "Зоркі..." - мы атрымалі вялікі масіў матэрыялу для абмеркавання, аналізу, усё неабходнае, каб ісці і развівацца далей. Падставы для далейшага развіцця і росту Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў - ёсць! Спадзяюся, атрыманая ў выніку яго інфармацыя пойдзе на карысць мясцовым аддзелам і ўпраўленням культуры, навучальным установам, усім, хто зацікаўлены ў наступных творчых спаборніцтвах. Упэўнены, многія з сёлетніх канкурсантаў маглі б выступіць нашмат лепш, калі адчувалі б больш мэтанакіраваную падтрымку з боку сваіх землякоў-спецыялістаў.
Інфармацыя - гэта і ёсць поспех
Святлана ГУТКОЎСКАЯ:
- Цалкам згодная з тым, што поспех канкурсантаў залежаў, у тым ліку, і ад высілкаў арганізатараў на месцах, ад таго, як праводзілася інфармацыйная работа. Прадстаўнікі некалькіх калектываў потым казалі, што нават не ведалі ўсіх умоў спаборніцтва, таму не прадэманстравалі лепшую частку сваёй праграмы. З апошняй акалічнасцю звязана, напрыклад, тое, што мы амаль не пабачылі харэаграфічных кампазіцый нацыянальнай тэматыкі. Між тым, мэтай любога конкурсу рэспубліканскага ўзроўню з'яўляецца культывацыя айчыннай культуры.
Незразумелым для многіх засталося і тое, што такое разнажанравыя і рознастылёвыя нумары. У выніку "інфармацыйных" недапрацовак шэраг моцных калектываў не трапіў у фінал.
Таму прапаную перад такімі буйнымі мерапрыемствамі праводзіць спецыяльныя выязныя семінары, дзе мясцовым арганізатарам будуць тлумачыць, як найлепшым чынам фарміраваць склад удзельнікаў, іх рэпертуар.
Лічу таксама неабходным унесці некаторыя змяненні ў Палажэнне. Мэтазгодным будзе стварыць асобную харэаграфічную намінацыю "малой формы", дзе будуць спаборнічаць салісты, дуэты і трыо. Бо ў любым харэаграфічным калектыве ёсць яркія асобы, якіх таксама трэба выяўляць і заахвочваць.
Фігура балетмайстра-пастаноўшчыка вельмі важная ў харэаграфіі. Таму трэба абавязкова праводзіць конкурс і сярод прадстаўнікоў гэтай прафесіі. Тым больш, узрост канкурсантаў - ад 16 да 31 года - дазваляе шукаць таленты хутчэй сярод пастаноўшчыкаў, чым сярод танцораў, бо апошнія праяўляюць свае здольнасці нашмат раней. На жаль, сёлета прозвішчы балетмайстраў нават не пазначаліся ў праграмках. Як, дарэчы, і аўтарства музыкі, на якую ставіліся кампазіцыі. Гэтую, здавалася б, невялікую акалічнасць мусім абавязкова выправіць наступным разам.
Сярод задач, якія былі заяўлены ў рэгламенце конкурсу, ці не першай стаяла папулярызацыя мастацтва. Таму тое, што аматары выступалі побач з прафесіяналамі, - вельмі добра. Конкурс стаў нагодай ацаніць узровень майстэрства прадстаўнікоў мясцовых навучальных устаноў, заахвоціў выпускнікоў, якія ўжо працуюць, на далейшае развіццё ў прафесіі. Пад час спаборніцтва праведзена і вялікая прафарыентацыйная праца.
Харэаграфічныя калектывы атрымалі магчымасць яшчэ раз зразумець, наколькі вялікую ролю адыгрывае адзінства музыкі, касцюма, макіяжу. Дарэчы, чаму б не прапанаваць наступным разам канкурсантам у намінацыі "Фатаграфія" паспрабаваць сябе ў здымках танцавальных нумароў? Мяркую, гэта было б вельмі ўдалым ходам арганізатараў і добра павысіла б відовішчнасць конкурсных мерапрыемстваў.
Цікавым падаецца і стварэнне своеасаблівых "каманд" з прадстаўнікоў розных намінацый, перад якімі ставіліся б задачы падрыхтоўкі асобных нумароў: малады кампазітар піша музыку, мастак рыхтуе касцюмы, харэограф ставіць танец, фатограф робіць здымкі, рэжысёр манціруе стужку...
Антон СІДАРЭНКА:
- Пад час папярэдніх абмеркаванняў часцей за іншыя паўставала пытанне аб узросце ўдзельнікаў. Пагадзіцеся, калі ў 31 год мастак або танцоўшчык - ужо прызнаны майстар, то для прыхільніка аўтарскіх спеваў, напрыклад, гэта толькі пачатак...
Уладзімір ЗІНКЕВІЧ:
- Мяркую, у "мастацкіх" намінацыях трэба падзяліць канкурсантаў на дзве ўзроставыя групы: ад 16 да 21 года і ад 21 да 31. У першай могуць спаборнічаць навучэнцы сярэднеспецыяльных устаноў, заданні для іх будуць прыкладна адпавядаць праграме паступлення ў Акадэмію мастацтваў. Што да другой, дык яна будзе прызначана для прафесіяналаў з вышэйшай адукацыяй - тых самых маладых выкладчыкаў, якія скончылі Акадэмію мастацтваў, але павінны займацца далейшым удасканальваннем свайго рамяства.
Самым галоўным вынікам конкурсу лічу магчымасць для маладых творцаў "паспрабаваць" сябе на рэспубліканскім узроўні, мець зносіны з такімі ж, як і яны, пачаткоўцамі з іншых рэгіёнаў. Надзвычай важным тут стала стварэнне спрыяльнага творчага асяроддзя, такога неабходнага для мастакоў з раёнаў. Дзяржава выдаткоўвае на падрыхтоўку мастакоў вялікія грошы, і трэба, каб веды, атрыманыя пад час навучання, не страчваліся. Лічу, менавіта наш конкурс можа стаць стымулам для адраджэння творчага асяроддзя па ўсёй краіне.
Вялікім плюсам стала магчымасць для журы наведваць абласныя адборачныя туры. Тым самым была атрымана карысная інфармацыя аб узроўні падрыхтоўкі, у тым ліку, нашых патэнцыйных абітурыентаў. Цалкам падтрымліваю ідэю папярэдніх кансультацый. Трэба таксама падзяліць намінацыю "Жывапіс і графіка", бо ў нас дастаткова талентаў як у адным, так і ў другім відзе выяўленчага мастацтва, і губляць некага з іх толькі з-за таго, што не хапіла месца, - залішняя раскоша.
Антон СІДАРЭНКА:
- Многія адзначалі, што праграма менавіта па "мастацкіх" дысцыплінах была занадта акадэмічнай, нагадвала правілы паступлення ў Акадэмію мастацтваў, што не лепшым чынам адбівалася на відовішчнасці, самім духу спаборніцтва...
Уладзімір ЗІНКЕВІЧ:
- А праграма і павінна быць акадэмічнай! Прынамсі, тая яе частка, што тычыцца малодшай узроставай групы, прадстаўнікі якой толькі рыхтуюцца да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Абітурыент павінен выконваць абавязковыя "стандарты", такія, напрыклад, як рысунак галавы. Малады мастак можа вельмі добра праявіць сябе, ствараючы кампазіцыю, але потым, калі будзе дапушчаны да навучання, сутыкнецца з вялікімі цяжкасцямі - менавіта таму, што не ведае элементарных рэчаў, той самай анатоміі. Таму заданне па стварэнні кампазіцыі, відавочна, трэба пакінуць для старэйшай узроставай групы, а малодшых арыентаваць на тое, што спатрэбіцца пры акадэмічным навучанні. Падзяляць канкурсантаў па ўзросце трэба абавязкова: спаборнічаць з мастакамі з вышэйшай адукацыяй пачаткоўцы не могуць. Таму сярод сёлетніх пераможцаў апошніх амаль што няма.
Што да відовішчнасці, дык выйсце можна знайсці ў цесным супрацоўніцтве з тэлебачаннем. Магчымасцей тут - багата.
Конкурс павінен быць відовішчным
Антон СІДАРЭНКА:
- Яшчэ наконт узросту ўдзельнікаў. Пытанні з узроставымі межамі ўзнікалі ў членаў журы розных намінацый. Калі для аднаго віду мастацтва 16 - 31 год - час росквіту, то для іншых гэты ўзрост непаказальны. Можа, варта вызначыць асобныя ўзроставыя межы для кожнай намінацыі?
Надзея МІКУЛІЧ:
- Цалкам падтрымліваю. Прыхільнікаў аўтарскай песні відавочна больш сярод тых, каму за трыццаць. А што да інфармацыйнай папярэдняй падрыхтоўкі, дык яна папросту неабходная. Бо ў спаборніцтвах па нашай намінацыі прынялі ўдзел шмат выканаўцаў, якія вельмі слаба ўяўлялі сабе, што такое аўтарская песня наогул. Асобныя маладыя людзі былі нават упэўнены, што маюць права на ўдзел толькі таму, бо самастойна напісалі да песні словы і музыку, а потым самі яе выканалі. На жаль, і дарослыя, тыя, хто адбіраў удзельнікаў, відаць, самі элементарна блытаюць жанры: у прыватнасці, аўтарскую песню - з эстраднымі спевамі.
Сярод моладзі, якая прымала ўдзел у спаборніцтвах, тым больш не аказалася разумення самога паняцця аўтарскай, бардаўскай творчасці. Апошняя патрабуе ад чалавека пэўнага жыццёвага досведу, які прыходзіць толькі з узростам. Можа, наступным разам трэба будзе арганізаваць спаборніцтвы па выканальніцкім майстэрстве, што значна аблегчыць задачу маладым людзям?
Але сам конкурс - вельмі неабходны. Давайце ўзгадаем, з якім поспехам праходзілі колішнія конкурсы артыстаў эстрады, колькі сапраўдных зорак яны адкрылі! І такія патэнцыйныя зоркі ёсць і сёння, іх нават не трэба шукаць, - дастаткова звярнуцца ў тыя самыя клубы аўтарскай песні, што існуюць пры ўстановах культуры. На жаль, іх удзельнікі амаль не звярнулі ўвагі на наша спаборніцтва.
Антон СІДАРЭНКА:
- Сярод "праблемных" намінацый трэба назваць і "Сацыяльную рэкламу", удзел у якой прыняла зусім невялікая колькасць ахвотных. Наколькі разумею, гэта звязана і з тэхнічнымі цяжкасцямі: фактычна, канкурсанты павінны былі прадставіць на абмеркаванне журы гатовы фільм.
Павел ІВАНОЎ:
- З вылучэннем у праграму рэспубліканскага конкурсу "экраннай" намінацыі ніякай памылкі не было. Відэатэхніка на сённяшні дзень вельмі даступная, здымаць стужкі, пры вялікім жаданні, можна і на мабільны тэлефон, не кажучы ўжо пра надзвычайную папулярнасць кінаі тэлеэкрана сярод моладзі. Іншая справа - была зроблена памылка ў вызначэнні самога жанру. Сацыяльная рэклама патрабуе высокага прафесіяналізму, ведаў, добрай адукацыі тых, хто жадае ёй займацца. Значна лягчэйшым і для канкурсантаў, і для ацэньвання журы было б заданне стварыць невялічкі фільм на адпаведную тэму. Менавіта такія, вельмі простыя, тэсты праходзяць студэнты Акадэміі мастацтваў у першыя месяцы свайго навучання. Калі малады чалавек можа рэалізаваць свае ідэі праз набор візуальных вобразаў - ён можа стаць рэжысёрам. Падобнае заданне спрыяла б і відовішчнасці спаборніцтваў: фінал у такім выпадку выглядаў бы як паказ стужак фіналістаў.
Што да сёлетняга конкурсу, то, на маю думку, яму бракавала актыўнай рэкламы. Конкурс трэба прапагандаваць больш энергічна, карыстаючыся пры гэтым найноўшымі сродкамі. Тады і эфект ад яго будзе больш выразны.
Хацелася б таксама пашырыць працу рэспубліканскага журы і на раённыя этапы. Мяркую, нават адзін яго прадстаўнік будзе вельмі садзейнічаць таму, каб на абласны ўзровень траплялі найбольш цікавыя ўдзельнікі, тыя самыя "самародкі", каго мы шукалі гэтым разам.
Святлана ГУТКОЎСКАЯ:
- Цалкам падтрымліваю гэтую ініцыятыву! Не абавязкова, каб гэта быў член рэспубліканскага журы, але прафесіянал павінен прысутнічаць ужо на самым пачатку адбораў.
Анатоль МУКАЛАЎ:
- Як прадстаўнік арганізатараў магу адразу сказаць, што такая схема будзе выклікаць пэўныя цяжкасці. Нашмат больш эфектыўнай можа стаць арганізацыя дадатковых занальных тураў у кожнай вобласці, дзе і будуць прымаць удзел прадстаўнікі рэспубліканскага журы. Трэба адзначыць, што такія адборы былі праведзены ў некалькіх абласцях ужо гэтым разам і прынеслі відавочную карысць.
Таленты шукаюць у раёнах
Антон СІДАРЭНКА:
- Сёння неаднаразова гучала меркаванне аб тым, што прафесійная планка, зададзеная гэтым конкурсам, была вельмі высокая. Але "самародак", якіх мы і шукалі, ужо па азначэнні не можа быць прафесіяналам, бо не мае належнай адукацыі і вопыту...
Павел ІВАНОЎ:
- У выпадку з экранным мастацтвам галоўнымі могуць быць ідэі і "незамыленае вока". Сваім студэнтам у Акадэміі мастацтваў я заўсёды прыводжу за прыклад аднаго англійскага студэнта, які зняў стужку з удзелам сябра ў якасці акцёра на звычайную аматарскую відэакамеру, даслаў яе ў дырэкцыю Канскага фестывалю і - быў адабраны ў конкурсную праграму кароткаметражных стужак.
Антон СІДАРЭНКА:
- Пад час першага этапа конкурсу прадстаўнікі раённых аддзелаў культуры казалі, што знайсці ў сябе маладыя таленты па ўсіх дванаццаці намінацыях было неверагодна цяжка. Магчыма, нізкі ўзровень падрыхтоўкі некаторых канкурсантаў можна растлумачыць гэтымі абставінамі. Тады паўстае пытанне аб неабходнасці раённых тураў. Можа, варта адразу пераходзіць да занальных, аб'яднаўшы ўдзельнікаў з сямі - васьмі раёнаў?
Тадэуш СТРУЖЭЦКІ:
- "Пазбавіцца" ад раённых адбораў было б непрадбачліва, бо менавіта на гэтым узроўні вядзецца асноўная першапачатковая праца з маладымі талентамі ў нашай краіне.
Уладзімір ЗІНКЕВІЧ: - Калі ў ранейшыя часы мастацкімі навучальнымі ўстановамі праводзіўся адбор патэнцыйных абітурыентаў, то камісіі з ліку выкладчыкаў выязджалі менавіта ў раённыя цэнтры, што прыносіла вельмі добрыя вынікі. Таму раённыя этапы трэба абавязкова захаваць.
Пад "зорным небам" маладога мастацтва
Антон СІДАРЭНКА:
- Дык ці выканаў першы конкурс маладых талентаў сваё першапачатковае прызначэнне: адшукаць маладых "зорак" мастацтва?
Надзея МІКУЛІЧ:
- Можа, і не "зорак", але "зорачак" мы дакладна знайшлі. Калі мы хочам пабачыць сапраўдных "зорак" на наступным конкурсе, напрыклад, праз тры гады, рыхтавацца да яго трэба ўжо сёння. Найперш - інфармаваць патэнцыйных удзельнікаў і іхніх настаўнікаў аб патрабаваннях да будучых канкурсантаў.
Уладзімір ЗІНКЕВІЧ:
- Лічу, нават калі не ўсе патэнцыйныя "зоркі" знойдзены, дык годны "небасхіл" для іх створаны менавіта з дапамогай нашага конкурсу. Знайсці таленты - яшчэ не ўсё: трэба змагацца за іх лёс, стварыць для іх развіцця ўсе неабходныя ўмовы. Апошняе, бадай, важнейшае за выяўленне канкрэтных пераможцаў.
Анатоль МУКАЛАЎ:
- У гэтым накірунку Міністэрства культуры робіць усё магчымае. Так, тыя лаўрэаты конкурсу, якія не маюць вышэйшай адукацыі, пры жаданні, будуць мець магчымасць вучыцца ў ВНУ. Прадастаўляць ільготы пры паступленні ў творчыя ВНУ - наша даўняя традыцыя, як і тая, што лаўрэаты разнастайных конкурсаў атрымліваюць дапамогу ад спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Праўда, пры атрыманні льгот на паступленне ўзнікае пытанне, бо ёсць намінацыі, навучанне па якіх не вядзецца. Тое тычыцца, напрыклад, "Аўтарскай песні"...
Святлана ГУТКОЎСКАЯ:
- ...І намінацыі "Сучасны танец" - таксама. Бо, калі чалавек перамог з нумарам у стылі брэйк-данс, каб вучыцца па праграме нашай кафедры, ён усё роўна павінен валодаць праграмай харэаграфічнага каледжа. Вельмі добра, што большасць фіналістаў такім патрабаванням адпавядала. Трэба адзначыць высокі ўзровень падрыхтоўкі харэаграфічных кадраў менавіта ў рэгіянальных навучальных установах. Але хацелася б, каб нашы студэнты мелі яшчэ і магчымасць практыкі ў рэгіёнах, усведамлялі, дзе і ў якіх умовах ім давядзецца потым працаваць. Гэтыя нюансы адкрыліся дзякуючы конкурсу "Зорка ўзышла над Беларуссю".
Анатоль МУКАЛАЎ:
- Што, на ваш погляд, трэба рабіць з назвай намінацыі? Ці трэба яе скарэкціраваць?
Святлана ГУТКОЎСКАЯ:
- Трэба абавязкова пакінуць самі назвы "Сучасны танец" або "Сучасная харэаграфія". Эстрадныя і народныя танцы больш распаўсюджаны, іх добра ведаюць, а сучасныя, на якія прагназуецца вялікі попыт, трэба развіваць і падтрымліваць з дапамогай такіх мерапрыемстваў, як наш конкурс.
Наступны конкурс пачнецца ўжо вельмі хутка!
Тадэуш СТРУЖЭЦКІ:
- Трэба дакладна вызначыць мэты і задачы конкурсу, каб ён не быў падобны на іншыя. Перш за ўсё - скіраваць яго на папулярызацыю айчыннай культуры. Нацыянальная адметнасць можа стаць галоўнай рысай конкурсу. Неабходна больш шырокае выкарыстанне пад час спаборніцтва аўтарскіх задумак у самым шырокім сэнсе. На конкурсе павінны вылучацца неардынарныя мастацкія задаткі, якія потым можна было б развіваць, каб "Зорка ўзышла над Беларуссю" стала вельмі важнай прыступкай у прафарыентацыі маладых людзей, каму вопытныя прафесіяналы будуць дапамагаць рэалізоўваць іх творчыя магчымасці.
Па-другое, гэтым разам нам відавочна не хапіла часу, каб падысці да падрыхтоўкі конкурсу сістэмна. Наступным разам патрэбна зладзіць шэраг падрыхтоўчых семінараў з удзелам арганізатараў і членаў журы. Гэта тычыцца адбору на самым першым, раённым, этапе, дзе магчымасць суб'ектыўнага падыходу да адбору канкурсантаў - самая вялікая.
Па-трэцяе, сённяшняя гутарка пацвердзіла, што трэба ўдакладняць назвы некаторых намінацый, карэкціраваць узроставы цэнз.
Па-чацвёртае, конкурс павінен быць па магчымасці самадастатковым, самастойна рэалізоўваць сваю ідэю праз пэўныя намінацыі. Думка наконт працы фатографаў-канкурсантаў пад час сцэнічных праглядаў у гэтым сэнсе вельмі ўдалая. Можна пашырыць гэтую ідэю, напрыклад, на намінацыю "Рэжысура масавых святаў...", прапанаваўшы яе ўдзельнікам стварыць сцэнарый цырымоній самога конкурсу.
Безумоўна, усе гэтыя высновы знойдуць месца ў рашэннях аргкамітэта будучага конкурсу, падрыхтоўку да якога, дарэчы, трэба пачынаць ужо сёння, каб праз два-тры гады, калі стартуюць новыя адборачныя этапы, яны праводзіліся з улікам сёлетняга досведу.
Фота Юрыя ІВАНОВА