Любоў да вышыўкі Зінаідзе Іванаўне прывіла яшчэ ў дзяцінстве бабуля. Карціны майстрыхі, вышытыя гладдзю і крыжыкам, уражваюць разнастайнасцю тэматыкі, палётам фантазіі, шырынёй уяўлення. З прафесійным майстэрствам выкананы на палатне пейзажы, выявы знакаў задыяка. У 2008 годзе, пад час Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", адбыўся першы вернісаж майстрыхі. Тады ж выстаўку "Цудадзейная нітка" ў аграгарадку "Ноўка" наведалі не толькі мясцовыя жыхары, але і госці з Расіі ды Польшчы. "Цудадзейная нітка" прадоўжыла вандроўку па Віцебскім раёне, наступным прыпынкам якой стаў Варонаўскі інтэрнат для людзей сталага веку і інвалідаў. У 2008-м Зінаіда Іванаўна была залічана ў калектыў народных майстроў Віцебскага раённага цэнтра народных рамёстваў "Адраджэнне". А ў кастрычніку мінулага года работы З.Купчанка экспанаваліся ў выставачнай зале Цэнтра рамёстваў.
Вольга ПАЛУНЧАНКА, загадчык бібліятэкі аграгарадка "Кіраўскі" Віцебскі раён На здымку: Зінаіда Купчанка і яе работы.