Сустрэча адбылася ў сталічнай дзіцячай харэаграфічнай школе № 1 пад час прэзентацыі майстэрні беларускіх народных інструментаў кандыдата філасофскіх навук Віктара Кульпіна. Калектыў майстроў, які ён збірае не першы год, у свой час спрычыніўся да рэвіталізацыі (вяртання ў побыт) на мяжы ХХ - ХХІ стагоддзяў такіх каранёвых інструментаў беларусаў, як дуда, чаротка, саломка, жалейка, а таксама зрабіў паспяховыя спробы рэканструяваць тэхналогію вытворчасці парных дудак, трубы (сурмы), гуслей, гудка. У планах майстроў - удасканаленне тэхналогій прамысловай (масавай) вытворчасці дуды, дыятанічных цымбалаў, жалеек.
Адзінкавыя штучныя інструменты, якія вырабляюць некалькі майстроў-энтузіястаў, сканцэнтраваных збольшага паблізу ад сталіцы, не забяспечваюць перманентную патрэбу ў інструментах, што існуе па ўсёй краіне. Асабліва гэты недахоп адбіваецца на дзейнасці навучальных устаноў (каледжаў і ВНУ). Таму Віктар Кульпін бачыць майстэрню як навукова-вытворчую лабараторыю тэорыі і практыкі інструментазнаўства, што пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях будзе мэтанакіравана забяспечваць музычныя калектывы навучальных устаноў народна-музычным інструментарыем, удзельнічаць у падрыхтоўцы спецыялістаў па фальклорных інструментах, рэвіталізаваць тыя з іх, чыё існаванне сёння знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Энгельс ДАРАШЭВІЧ, доктар філасофскіх навук, прафесар БДУКіМ