Стылістычны дыяпазон шоу будзе куды шырэйшы, чым у "Песні года". Удзел у ім узялі і зоркі эстрады, і зусім "нефарматныя" маладыя калектывы. Звыклы музычны тэлефармат на "ЛАДзе" будзе парушаны на карысць не толькі эксперыментатараў, але і традыцыяналістаў: у пераднавагодні вечар з экрана прагучыць канцэрт ансамбля народнай музыкі "Бяседа". Прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі звяртае ўвагу на тое, што гаспадыні здолеюць рабіць апошнія прыгатаванні да святочнага стала пад добрую музыку. Увогуле, музычны складнік навагодняга эфіру на "ЛАДзе" будзе асабліва адчувальны.
Гледачы ўбачаць канцэртныя праграмы Браяна Адамса і гурта "Сплін". Першы адбыўся ў аўстралійскім замку Слэйн, а другі - у мінскім Палацы спорту, і быў запісаны самой Белтэлерадыёкампаніяй. Вядома, някепска было б, каб гэты спіс дапоўніў і хтосьці з айчынных выканаўцаў... Дзед Мароз у навагоднім тэлеэфіры будзе мільгаць штохвіліну - якое ж свята без барадатага дзядулі? А вось яго айчынны калега Зюзя Паазерскі зробіцца эксклюзівам: ён з'явіцца толькі на "ЛАДзе". 2 студзеня праграма "Свая кампанія" завітае ў ягоную рэзідэнцыю на Пастаўшчыне.