Яшчэ напрыканцы мінулага года актывістка “Сяброў” Таццяна Макаранка задумала праект “Наш Шагал”, які адразу ж атрымаў падтрымку Міністэрства культуры Эстоніі. Названы праект прысвечаны знакамітаму ўраджэнцу Беларусі, сусветна вядомаму мастаку Марку Шагалу, якому сёлета 7 ліпеня споўнілася 135 гадоў з дня нараджэння.
— Зразумела, што родны Віцебск заўсёды быў той крыніцай, з якой Марк Шагал доўгія гады чэрпаў натхненне і сілы, — кажа старшыня праўлення беларускага нацыянальна-культурнага таварыства “Сябры” Людміла Аннус. — Аднак знакаміты мастак у 1908—1910 гадах спыняўся і жыў у Нарве, пра што сведчаць напісаныя ім у гэты перыяд карціны. На месцы, дзе знаходзіўся дом, у якім пражываў Марк Шагал (на жаль, цяпер ад гэтага дома захавалася толькі частка падмурка), сёння ўсталяваны памятны камень.
Для рэалізацыі праекта ўжо са студзеня 2022 года быў аб’яўлены міжнародны конкурс дзіцячых малюнкаў у стылі Шагала “Я жыццё правёў у прадчуванні цуду…”, а таксама анлайн-конкурс чытальнікаў вершаў Шагала “Ці памятаеш ты мяне, мой горад…”. Бо мала хто ведае, але Марк Шагал быў не толькі вялікім мастаком, але і з дзяцінства захапляўся паэзіяй ды пісаў вершы.
Варта таксама адзначыць, што падчас праекта “Наш Шагал” ладзіліся майстар-класы, на якіх каля ста ахвотных змаглі праявіць сябе і стварыць уласны твор па матывах карцін вялікага майстра. А 28 мая ў інтэрнэце, на платформе Zoom, была праведзена міжнародная анлайн-канферэнцыя, у якой прынялі ўдзел мастацтвазнаўцы Віцебскага музея Марка Шагала, музея гісторыі і культуры пасёлка Малахоўка з Падмаскоўя, пляменніца мастака Ірына Маркава-Шагал, госці з Ізраіля, Расіі, Латвіі, Малдовы ды іншых краін.
— А ў сам дзень нараджэння майстра, 7 ліпеня, аб 11-й гадзіне ў Нарваўскай гарадской бібліятэцы адкрылася Міжнародная выстава дзіцячых малюнкаў “Я жыццё правёў у прадчуванні цуду…”, — расказаў “К” член праўлення беларускага нацыянальна-культурнага таварыства “Сябры” Віктар Байкачоў. — А крыху пазней, а 13-й гадзіне, каля памятнага каменя Марку Шагалу прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае юбілею вялікага мастака.
Дадам, што правядзенне праекта падтрымалі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Эстонскай Рэспубліцы, Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, а таксама Фонд інтэграцыі Эстоніі, Міністэрства культуры Эстоніі і ўлады горада Нарва.