Карціны Эдуарда Мацюшонка — гэта ода бацькам, роднай зямлі, гісторыі, культуры. Для работы “Каўчэг” Эдуард Уладзіміравіч выкарыстаў палатно, якое выткала яго маці, дошкі для падрамніка зрабіў са стальніцы, за якой сядзелі яго продкі. У раму карціны “Бацькоўскія сады” ўмацаваў дошчачку, на якой адзначалі рост дзяцей. Як патлумачыў мастак, гэта лінейка, па якой ішоў яго род.
На экспазіцыі прадстаўлены і работы-рэканструкцыі. Па старых фотаздымках, архіўных дакументах, аповедах сведкаў мастак адраджае былую архітэктуру Беларусі, гістарычныя падзеі. На палотнах ёсць і вядомыя гістарычныя асобы — Эмілія Плятэр, Іахім Літавор Храптовіч, Міхал Клеафас Агінскі.
А РУКА РОБІЦЬ
Для Эдуарда Уладзіміравіча кампазіцыя — твор мастацтва. На выставе аўтар прадставіў 20 кампазіцый. Але ж не можа творца ўвесь час ствараць толькі шэдэўры. І гэту думку пацвярджае сам мастак: “У маім заплечніку ёсць працы, створаныя на эмоцыях. Калі прыязджаю на Глыбоччыну, мне падабаецца, дапусцім, стан надвор’я, — я пішу. Магу напісаць эцюд за 2-3 дні, а можа, і за адзін сеанс. Для мяне гэта патрэбна для ачышчэння палітры і для адпрацоўкі нейкіх тэхнік. Каб быць тэхнічна падкаваным, трэба выязджаць на пленэры, рабіць штудыі, даводзіць сваё майстэрства да таго, што галава адчувае, сэрца кажа, а рука робіць”.
У скарбонцы нашага героя — каля сотні кампазіцый. Захоўваюцца яны ў майстэрні мастака, у музеях у Глыбокім, Вілейцы, Паставах, Петрапаўлаўску-Камчацкім і Гутэрслоў (Германія), а найбольш — у прыватных калекцыях, у тым ліку і за мяжой. Выпадковых людзей сярод уладальнікаў работ няма.
“ГОРАД — ГЭТА НЕ МАЁ”
Многія лічаць, што ў правінцыі людзі маюць нашмат менш магчымасцей для самарэалізацыі, чым у сталіцы. Што некаторым правінцыялам самім нечага не хапае, каб “дацягнуцца” да вялікага горада. Мой субяседнік жыве больш за трыццаць гадоў у Вілейцы. Кожная яго персанальная выстава — гэта як “наш адказ Чэмберлену”, дакладней, вельмі варты адказ сталіцы. І не толькі. Бо такія выставы ў Эдуарда Мацюшонка праходзяць рэгулярна, пачынаючы з 1986 года, у тым ліку і за межамі Беларусі.
Сталіца ніколі не была самамэтай мастака. “У свой час, калі я заканчваў педінстытут, мяне настойліва пакідалі ў Віцебску выкладаць у ВНУ. Але я не пагадзіўся. Для мяне нават Вілейка вялікаватая, — прызнаецца майстра. — У кожнага чалавека ёсць момант, калі ён адчувае: зямля і ён — і не павінна быць ніякай заслонкі. Калі я станаўлюся нагамі на зямлю, адчуваю яе энергію. У гэты час з’яўляюся тым чалавекам, цераз якога — космас да зямлі, а зямля да космасу.
Найбольш люблю сваю малую радзіму — Глыбоччыну, родную вёску Мнюта. Мне там цудоўна. Я магу хадзіць басанож, купацца ў возеры ноччу — калі ты плывеш і бачыш, як зоркі адлюстроўваюцца ў вадзе, ты цалкам — у космасе. Я павінен выязджаць у вёску, каб атрымоўваць гэту энергетыку”.
ВУЧЫЦЬ НЕ МАЛЯВАЦЬ, А ДАПАМАГАЕ АДЧУЦЬ СЯБЕ
Мой суразмоўца ўпэўнены: калі чалавек не адчувае сябе — ён не мастак, у лепшым выпадку — рамеснік. Не павінен над чалавекам стаяць іншы, хто будзе гаварыць: “Ты не так малюеш”. Настаўнік не той, хто шукае памылкі ў маляванні, а той, хто дапамагае выявіць і развіць творчы патэнцыял дзіцяці. Інакш не вырасце мастак, мастаком будзе той, волю каго выконвае дзіця.
Эдуард Уладзіміравіч працуе настаўнікам выяўленчага мастацтва ў гімназіі №1 “Логас”. З 1984 года ў Вілейцы адкрылася гарадская студыя выяўленчага мастацтва, якой увесь час кіруе Эдуард Мацюшонак. У 1999-м і ў гімназіі пачала працаваць студыя выяўленчага мастацтва “Вясёлка”, якая на працягу апошніх дзесяці гадоў з’яўляецца ўзорнай. Ёй кіруе Эдуард Уладзіміравіч разам з жонкай Аленай Іванаўнай. Каля 150 вучняў майго субяседніка сталі мастакамі, дызайнерамі, архітэктарамі.
ПРАВА НА ПРАСТОРУ
“Мудрасць маёй жонкі — найперш у тым, што яна ўспрымае мяне як мастака, у якога ёсць права на асабістую прастору, дзе ён жыве сам, там больш нікога не павінна быць. У гэтай прасторы ствараецца мастацтва”, — робіць важны акцэнт мой суразмоўца. Дарэчы, сын мастака стаў архітэктарам, а дачка — дызайнерам. Такая вось творчая сямейная дынастыя.
“Кожны міг, як і Душа, непаўторны. Беражы яго”. Гэтыя словы маэстра — яго крэда. І гучаць яны як настаўленне ці парада вучням, як запавет нашчадкам.
Галіна АНТОНАВА
Фота аўтара