“Слаўны” сфарміравалі з 49 байцоў у лютым 1942 года ў расійскім горадзе Казельск. У склад увайшлі вопытныя супрацоўнікі дзяржбяспекі, выпускнікі спецшкол НКУС, прафесійныя мінёры-падрыўнікі, 18 спартсменаў: рэкардсмен свету па гірах мінчанін Мікалай Шатаў, майстар спорту па плаванні Анры Конрад Мадэй, майстры спорту, лёгкаатлеты браты Знаменскія, сямікратны чэмпіён СССР па акадэмічным веславанні Аляксандр Далгушын і іншыя.
Асноўная задача атрада — дыверсійная і разведвальная дзейнасць у тыле праціўніка. 20 лютага 1942 года “Слаўны” перасек лінію фронту. 15 месяцаў дзейнічаў на Браншчыне, столькі ж — на тэрыторыі Гомельскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцях.
Падчас баявых дзеянняў спецатрад прайшоў больш за паўтары тысячы кіламетраў. Знішчаны 23 фашысцкія гарнізоны, 22 эшалоны, больш за тры тысячы германскіх ваеннаслужачых, здзейснена 85 дыверсій на камунікацыях і іншых аб’ектах ворага, сабраны і перададзены на вялікую зямлю вялізны аб’ём разведінфармацыі.
Начальнік штаба атрада Міхаіл Абаротаў у сваім дзённіку так ахарактарызаваў сваіх таварышаў: “Наш атрад служыць прыкладам для ўсіх партызанскіх атрадаў. Байцы нашы — дысцыплінаваныя, смелыя, знаходлівыя. Калі ў аперацыі з намі ўдзельнічае іншая група, то гэтыя партызаны адчуваюць сябе смялей, бо ведаюць, што з шастакоўцамі нідзе не прападзеш”.
Дастаўка помніка на востраў.
ПАД ВЕКАВЫМ ДУБАМ
Далей Абаротаў піша пра тое, як яны атрымалі радыёграму берагчы чэмпіёнаў, а па магчымасці пераправіць іх праз лінію фронту. Мадэй адмовіўся. Начальнік штаба назваў яго партызанскім героем. Асноўным месцам дыслакацыі спецатрада на Магілёўшчыне стаў востраў Верамееўка ва Усакінскіх балотах, размешчаны на стыку Клічаўскага і Бялыніцкага раёнаў. Тут, пад векавым дубам, байцы хавалі сваіх баявых таварышаў.
ВЕРНУТЫ З НЯБЫТУ
Нягледзячы на тое, што ў другой палове ХХ стагоддзя востраў знаходзіўся ў зоне ваеннага авіяпалігона, дзе ладзіліся вучэбныя бомбамятанні, час захаваў абрысы могілак. Вясной 1997 года ў выніку карпатлівай пошукавай работы былі вернуты з нябыту імёны пахаваных на востраве байцоў “Слаўнага”.
Памятны мемарыял у гонар загінулых партызанскіх байцоў атрада “Слаўны” створаны з ініцыятывы адміністрацыі раёна, краязнаўцаў, мінскага вытворча-камерцыйнага прадпрыемства “Рытм”. Урачыстае адкрыццё адбылося 5 мая 1997 года. На карце Клічаўскага раёна з’явіўся яшчэ адзін помнік героям мінулай вайны.
АДНАЎЛЕННЕ
Мемарыял на востраве сярод балот не забыты. Яго рэгулярна наведваюць, даглядаюць за могілкамі. Дабрацца сюды па балоце няпроста, але гэта не перашкода. У 2018 годзе воінскім могілкам партызанскага атрада “Слаўны” прысвоены статус гісторыка-мемарыяльнага месца захавання. Летась праведзена маштабная рэканструкцыя мемарыяла. Будаўнічыя матэрыялы дастаўляліся на востраў верталётам МНС. Заменена агароджа пахавання, устаноўлены мармуровыя надмагіллі, прадугледжана зона адпачынку для наведвальнікаў.
Наталля ХРАМЯНКОВА,
дырэктар Клічаўскага
краязнаўчага музея