Па словах дырэктара каледжа Алены Сераковай, на сувязі гэтых двух устаноў культуры, а таксама Беларускай акадэміі музыкі, можна ўбачыць айчынную сістэму творчай адукацыі “школа-каледж-ВНУ”. Але, вядома, не толькі навагрудскія таленты запатрабаваныя ў Лідзе, тут прафесійнымі музыкантамі становіцца моладзь з усёй Гродзеншчыны і нават найбліжэйшых абласцей.
“У нас здаўна ідзе здаровая канкурэнцыя па адборы ды падрыхтоўцы моладзі з усімі каледжамі мастацтваў краіны, — кажа Алена Серакова. — Я бачу нашу перавагу ў тым, што мы ў пэўнай ступені арыентаваны на працу з сельскімі дзецьмі, у тым ліку са шматдзетных і маламаёмных сем’яў, для якіх навучанне ў нас дае будучыню ў жыцці і музыцы. Напрыклад, выпускнікі працягваюць іграць у аркестрах сілавых структур, замацоўваюцца ў гарадах, становяцца выкладчыкамі.
Як правіла, у каледж едуць вучыцца, арыентуючыся на моцнага выкладчыка ці таго, хто курыраваў будучых навучэнцаў на працягу некалькіх гадоў. Таму нашы педагогі працуюць з рэгіёнамі, адсочваюць на конкурсах самых розных узроўняў таленты, ідуць за імі ў глыбінку. У складаным мінулым годзе, калі шмат якія ўстановы адукацыі не выканалі план набору, мы закрылі ўсе свае месцы, таму што ведалі загадзя нават па імёнах, хто да нас прыйдзе вучыцца.
Цяпер у каледжы 189 навучэнцаў на трох спецыяльнасцях: інструментальнае выканальніцтва, дырыжыраванне і музыказнаўства. Набіраем першакурснікаў пасля 9 класаў. Тыя, хто арыентаваны на сур’ёзную працу, працягваюць вучобу ў Акадэміі музыкі, якая развівае як прыкладное валоданне інструментам, так і агульны кругагляд у галіне мастацтва. Многія працягваюць вучыцца ў БДУКМ, ГДУ імя Я. Купалы і БДПУ імя М. Танка”.
Алена Серакова сама скончыла ў свой час Акадэмію музыкі і дакладна ведае, што там сабрана самая здольная моладзь з усіх рэгіёнаў. У 2003-м яна пачала працаваць у Лідскім музычным каледжы выкладчыкам, потым намеснікам дырэктара, а з 2011 года — дырэктарам. Цяпер яна вучыцца на юрыдычным факультэце ГДУ імя Я. Купалы. Чалавек вялізнага энтузіязму, Алена Віктараўна лічыць, што для кіраўніка асабліва важна разбірацца ў законах. Тым больш што жыхары рэгіёна выбралі яе ў Гродзенскі абласны савет дэпутатаў, каб прадстаўляць іх інтарэсы і вырашаць самыя розныя праблемы і канфліктныя сітуацыі.
“Мы імкнёмся зараз дапаўняць наш калектыў маладымі спецыялістамі, а таксама спрыяем іх замацаванню, — працягвае Алена Серакова. — Галоўнае тут — забяспечыць годную аплату працы. Таму аплачваем выкладчыкам пазабюджэтную дзейнасць, як канцэрты, так і дадатковыя заняткі, а таксама прапануем нагрузку вышэй за стаўку. Маладыя спецыялісты, а таксама ўсе навучэнцы ў нас забяспечаны камфортным інтэрнатам”.
Малады спецыяліст Алена Савіцкая пачала працаваць тут год таму. Яна са Смаргоні, дзе вучылася цымбалам у прадаўжальнікаў справы кампазітара Міхаіла Клеафаса Агінскага. Алена не планавала звязваць жыццё з музыкай, але зноў жа дзякуючы педагогу і ўдзелу ў конкурсах зрабіла для сябе гэты выбар. Ды так, што двойчы станавілася лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Вучылася ў Мінскім каледжы ім М. Глінкі, а потым у Акадэміі музыкі, супрацоўнічала з аркестрам імя Жыновіча. Таму яна ведае шмат тонкасцей валодання інструментам, якім можна навучыць.
У Лідскім каледжы сапраўды высокі ўзровень выкладання цымбалаў. Гэта пацвярджае Галіна Пушкіна, мастацкі кіраўнік і дырыжор аркестра беларускіх народных інструментаў. Неаднаразова іх калектыў выступаў і прывозіў дыпломы з самага вядомага фестывалю дадзеных інструментаў “Звіняць цымбалы і гармонік”. На шматлікіх конкурсах у еўрапейскіх гарадах Галіне Барысаўне дзякуюць за тое, што ў Беларусі не забыліся на цымбалы і вучаць моладзь валодаць імі.
Знаёмячыся з калектывамі Лідскага музычнага каледжа, не так і проста расказаць пра ўсе гарады свету, дзе высока ацанілі іх узровень. Вось, напрыклад, камерны аркестр, які ў 2017 годзе атрымаў званне народнага, прывозіў гран-пры з конкурсаў у Бельгіі, Сербіі, Аўстрыі, Чэхіі, Украіны, Расіі, Польшчы, Літвы, шмат разоў перамагаў у Беларусі. Кіруе ім дырыжор і выкладчык Ларыса Уладзіміраўна Рута.
Ансамбль “Вербіца” існуе тут 22 гады і каля 15 гадоў носіць званне народнага. Яго кіраўнік Тамара Пятроўна Харашылава кажа, што з дапамогай песні, танца і акампанементу ў яе вучняў атрымліваецца ствараць вельмі чуллівыя нумары. Займаецца ансамбль толькі беларускай музыкай і песнямі, у асноўным тымі, якія выконваюцца ў Гродзенскай вобласці. Тамара Харашылава вучыць адчуваць свет праз народнае мастацтва, станавіцца яго часткай, хаця, бывае, многія навучэнцы спачатку саромеюцца і не ўмеюць спяваць на беларускай мове. Між тым, адна з вучаніц педагога — салістка хору імя Цітовіча Наталля Базарэвіч.
Людмілу Фёдараўну Пясецкую, кіраўніка і дырыжора камернага жаночага хору, я застаў на занятках. Яна дакладна сфармулявала думку аб тым, што, колькі б узнагарод ні ўдавалася заслужыць з якім-небудзь складам вучняў, трэба працягваць працу і з іншымі дзецьмі ў наступных наборах, задзейнічаць іх на конкурсах, выхоўваць іх, вучыць майстэрству.
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Эдуардаўна Сячко арганізоўвае вучэбную і прафарыентацыйную работу, рыхтуе калектывы да ўдзелу ў розных конкурсах, праводзіць метадычную работу. На гэтай пасадзе яна працуе больш за 25 гадоў і каля 40 гадоў у каледжы. Акрамя таго, Алена Эдуардаўна кіруе аркестрам рускіх народных інструментаў, адна з галоўных перамог якога адбылася ў французскім Бельфоры, дзе больш за 160 калектываў з усяго свету ўдзельнічалі ў адкрытым адборы. Як кіраўнік з доўгай і шырокай практыкай, яна гаворыць, што да кожнага дзіцяці ў Лідскім каледжы ставяцца з павагай, улічваюць асобу і тэмперамент. Ёсць дзеці праблемныя, ёсць тыя, хто нацэлены на вучобу, але з кожным з іх вядзецца вялізная выхаваўчая работа. Галоўнае, каб будучы музыка здолеў арганізаваць сябе і вучыўся набываць майстэрства, пастаянна практыкаваўся.
“Што і казаць, вучыцца складана, — кажа Алена Сячко. — Затое таму, хто пераадолеў сябе, будзе лягчэй у дарослым жыцці. У нас працуюць прафесіянальныя псіхолагі, якія дапамагаюць прайсці адаптацыю на новым месцы. Наша дзятва праяўляе сябе і ў спорце, гуляе ў футбол, баскетбол, настольны тэніс, але ўся ўвага засяроджана на творчасці”.
Прыкладам такіх вучняў могуць служыць першакурснікі Аляксей Троцкі і Вадзім Ладынін, якія вось ужо двойчы сталі лаўрэатамі Прэзідэнцкай стыпендыі. Хлопцы з невялікіх населеных пунктаў. Іх талент цяпер развівае выкладчык Канстанцін Сцяпанаў. Аляксей і Вадзім пакуль не думаюць, куды занясе іх жыццё, зараз уся іх увага накіравана на тое, каб удасканаліць валоданне інструментам. У вольны час яны любяць пазаймацца спортам, а зараз рыхтуюцца на конкурс духавых інструментаў імя Глебава.
А вось трэцякурсніцы Анастасія Станько і Валерыя Малахоўская хутка плануюць паступаць у Акадэмію музыкі. Анастасія — шматразовы лаўрэат стыпендыі Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі і адораных навучэнцаў, Валерыя — пакуль аднаразовы. Абедзве дзяўчыны з Навагрудка, дзе атрымалі выдатную базу ігры на баяне, і яны шчыра любяць гэты інструмент.
Так, калектывы каледжа заслужылі мноства ўзнагарод самога рознага ўзроўню, але сапраўдны гонар для настаўнікаў — таленавітыя навучэнцы. Дык няхай ні цяперашнія вучні, ні будучыя выпускнікі ніколі не падвядуць сваіх выкладчыкаў. І возьмуць свае вышыні ў гармоніі музыкі.
Павел САЛАЎЁЎ
Фота аўтара.
Мінск — Ліда — Мінск