Заканчэнне. Пачатак у №№10-11.
6. “ВОГНЕННАЯ ПАХОДНЯ” АД СЛУЧЧАНІНА
Сямён Арыевіч Косберг быў уганараваны найвышэйшымі ўзнагародамі СССР, але дзе і чым ён займаўся, не ведалі нават бліжэйшыя родныя.
Яго сын, таксама канструктар, Рыгор Сямёнавіч расказваў мне, што бацька ганарыўся вучобай у славутай Слуцкай гімназіі, пабудаванай яшчэ фундатарам Чырвонага касцёла ў Мінску Эдвардам Вайніловічам.
— Не сакрэт, што на пачатку вайны савецкія самалёты ў хуткасці саступалі фашысцкім. Бацька распрацаваў прыстасаванне для ўзмоцненага ўпрыску паліва ў поршневыя маторы — і нашы самалёты “Ла-5” сталі лёгка абганяць нямецкія “фокеры”.
Затым наступіла эра рэактыўных рухавікоў, і Сямён Косберг стаў працаваць, як тады казалі, над “вогненнай паходняй”. У 1959-м Сяргей Каралёў зацікавіўся канструктарскім бюро, дзе Косберг быў галоўным канструктарам. На той час рухавікі Глушко для першай і другой ступеняў ракеты не дазвалялі наблізіцца да космасу.
— У мяне аказалася групавое фота, дзе бацька ў белым плашчы, з кіёчкам побач з Каралёвым на Байкануры адразу пасля запуску “Усходу” Гагарына, — працягвае ўспаміны сын. — У бацькі пропуск на Байканур быў пад нумарам “2”. Мы перадалі яго ў Слуцкі музей…
Пропуск “№ 1” быў, вядома ж, у Каралёва.
— А з кіёчкам бацька вось чаму: дома палез кудысьці па вуды, упаў і пашкодзіў нагу, хадзіў з кіёчкам. Але калі ўзляцеў Гагарын, там, на старце, яго адкінуў і пайшоў у скокі!
“Вогненная паходня” КБ Сямёна Косберга давала моцны імпульс ракетным рухавікам другой ступені для выхаду на арбіту. Без гэтага пераадолець зямное прыцягненне немагчыма. Кожны касманаўт пасля Гагарына меў права выкрыкнуць: “Косберг спрацаваў!”
Моцныя рухавікі для аўтаматычных міжпланетных станцый, што напраўляліся да Венеры, Марса, Месяца, рухавікі для “Пратонаў”, для ракет “Р-9”, што дваццаць год стаялі на ўзбраенні савецкай арміі, — усё гэта стваралася ў сакрэтным Асаблівым КБ Лаўрэата Ленінскай прэміі, Героя Сацыялістычнай працы Сямёна Косберга.
У студзені 1965 года Сямён Арыевіч загінуў у аўтакатастрофе пад Варонежам.
Радыёстанцыя “Бі-бі-сі” паведаміла аб гэтым у той жа вечар, назваўшы і месца здарэння. Газета “Праўда” змясціла некралог толькі на пяты дзень. Нават скон галоўнага канструктара ракетных рухавікоў быў засакрэчаны.
Прысвечаны яму і астатнім случчанам, прылучаным да космасу, стэнды ў Слуцкім музеі.
Прозвішчамі не ўсіх 22-х слуцкіх “космаасоб” названыя ў райцэнтры вуліцы. Але вуліца Косберга ёсць. Хто задумае наведаць: гэта з цэнтра горада адразу налева, да Т-скрыжавання, амаль насупраць царквы.
А дом яго — у маім фільме “Слуцкая анамалія”.
7. ЗАПЛАНАВАНАЯ СУСТРЭЧА З ВЯЛІКІМ БЕЛАРУСАМ
Даследаванні і гісторыя па тэме — азначым яе ўмоўна як “Беларускі космас” — пашыраюцца, дапаўняюцца, дадаюцца незвычайнымі і нечаканымі фактамі.
У 20-я гады ХХ стагоддзя ў беларускай гімназіі Навагрудка выкладаў Язэп Драздовіч — зямлянін, валацуга з мальбертам, з вачыма, узнятымі да нябёс. Што яму бачылася, уяўлялася — касмічныя летуценні, — пераносіў на палатно ці на цырат і пакідаў у хатах, дзе давалі начлег, кароткі прытулак. Незвычайныя творы гэтыя ў нашы часы пачалі збіраць па вясковых паддашшах беларускія мастакі, якія лічаць Язэпа Драздовіча заснавальнікам касмічнага жывапісу.
Тады ж у той гімназіі вучыўся хлапец Барыс Кіт — у будучым матэматык, фізік, хімік сусветнага маштабу. Ён мог бачыць жывапісныя касмічныя фантазіі Драздовіча.
8. НЕРАСКРЫТАЯ “КАСМІЧНАЯ” ТАЯМНІЦА
Уладзімір Васільевіч Кавалёнак без агалашэння, інкогніта прыехаў на лячэнне ў падземныя саляныя пячоры Салігорска. Я, канешне, прыехаў туды з камерай і аператарам.
У размове пра “беларускі космас”, што мяне цікавіла, ён дапоўніў мае веды:
— У Георгія Грэчкі продкі з Віцебшчыны. Род Шоніных з Гомельскай вобласці. У нашай дарагой “Чайкі” Валі Церашковай продкі з вёскі Цярэшкі з Віцебшчыны. І вось яшчэ, каб ты ведаў: сярод савецкіх касманаўтаў усяго чатыры генерал-палкоўнікі: Герман Цітоў — рускі, Леанід Кізім — украінец, Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак — беларусы.
Мо цяпер іх і больш, гэта інфармацыя на пачатак ХХІ стагоддзя.
Нагадаю кранальны эпізод са свайго фільма “Зямля і зоры”. Кавалёнак і Аляксандр Іванчанкаў ужо не першы месяц працуюць на станцыі “Салют-6”. Кожны вячэрні выпуск тэленавін ЦТ СССР пачынаецца з інфармацыі аб становішчы на касмічнай станцыі. І кожны вечар у хаце Кавалёнкаў у вёсцы Белае збіраюцца суседзі. Цяпер ужо ў хатах суседзяў тэлевізары, але ж глядзець і абмяркоўваць касманаўта-аднавяскоўца хочацца разам.
Мы паставілі здымачную камеру па-за тэлевізарам, каб здымаць твары, рэакцыю гледачоў.
Бабуля Улляна сядзела бліжэй за ўсіх да тэлевізара, а значыць, да камеры.
Пайшлі пазыўныя тэленавін, мы ўключылі камеру. Дыктар:
— Сёння касманаўты адпачываюць. У іх — банны дзень.
І пайшлі далей наступныя навіны: эканоміка, рэкорды, палітыка.
Бабуля гэтага не слухала, разважала задумліва:
— У Валодзі банны дзень… Цікава: дзе ж яны там ваду бяруць? — пасля паўзы рашыла: — Мусіць, з дажджу.
Добра, што камеру не выключылі, і гэты “навуковы” роздум бабулі Улляны ўвайшоў у карціну.
На караблі “Саюз-29” прыляцелі на станцыю “ў госці” Пётр Клімук і паляк Міраслаў Гермашэўскі. Клімук здымае французскай камерай “Балье”, як ён з напарнікам “плыве” з пераходнага адсека на станцыю. Атабарыліся, задраілі люк-заслонку, і тут высветлілася, што камера сапсавалася, не працавала, “гістарычнага” эпізоду сустрэчы і абдымкаў чатырох касманаўтаў няма. А люк ужо задраены.
Лірычны ўспамін Кавалёнка:
— Ляцім над Еўропай. Сашу Іванчэнкава пакідаем сачыць за прыборамі. А ўтрох падплываем да ілюмінатараў. Вось Варшава, вось Брэст, вёска Клімука, вось Мінск, шаша Мінск — Масква, мае мясціны…
Далучаецца Клімук:
— Я ў космасе сніў, нібы грыбы збіраю, кош набраў, іду з імі…
Пятру з Міраславам трэба адлятаць. Падрамантавалі “Балье”, аддраілі люк-заслонку ў пераходны модуль і знялі, быццам яны толькі што прыляцелі, прыстыкаваліся і абдымаюцца пры сустрэчы з Кавалёнкам і Іванчанкавым, хаця гэта было развітанне.
Клімук смяецца:
— Усё, як у вас у кіно: здымаеце спачатку скон, а потым вяселле!
А на заканчэнне страшэнная таямніца, якую даверыў мне Кавалёнак з просьбай аб неразгалошванні.
Перад самым стартам карабля да яго пад’язджае цыстэрна-запраўшчык і далівае ў рухавік ракеты праз шланг-рукаў чысты спірт. Калі ёмкасці рухавіка напоўнены, шланг ад ракеты адстыкоўваюць — і тут… ілюзіённы трук! Немаведама адкуль з’яўляюцца дзесяць чыстых пластыкавых вёдраў, у якія зліваецца спірт са стыковачнага рукава: роўна сто літраў роўна ў дзесяць 10-літровых вёдраў. І другі трук: поўныя вёдры тыя таксама “па-ілюзіённаму” імгненна некуды знікаюць.
Валодзя смяецца, маўляў, колькі ад старту Гагарына змянілася канструкцый караблёў, сістэм ракет-носьбітаў, стартавых прылад, а гэтую прымітыўную “дазапраўку” праз доўгі шланг канструктары і не думаюць удасканальваць. Навошта?
Мо і канструктарам адліваюць?
З нагоды 80-годдзя з дня нараджэння героя трох маіх фільмаў Уладзіміра Васільевіча Кавалёнка на старонках аўтарытэтнай і паважанай мною газеты “Культура” я распавёў таксама пра ўдзел і далучэнне ўраджэнцаў Беларусі да разведвання і засваення космасу.
Я шчыра дзялюся часткай сабранай гадамі інфармацыі: можа, хто напіша кнігу пра “беларускі космас” — матэрыялу дастаткова.
Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр
Фота з архіва аўтара