КАМПАЗІТАРСКІЯ ТАЯМНІЦЫ
— Алег Міхайлавіч, калі вашы песні ведаюць лепей, чым вас самога, гэта радасна ці ўсё ж крыху крыўдна?
— За што ж крыўдзіцца? Сябры-музыканты неаднойчы мне казалі, маўляў, ты самы спеўны беларускі кампазітар, бо твае песні часцей за якія іншыя гучаць у замежжы. Чаму так? Пэўна, таму, што яны ёсць у рэпертуары бадай кожнага народнага ансамбля ці гурта. А тыя часцяком выступаюць у іншых краінах, дзе запатрабавана беларускае музычнае мастацтва, і выконваюць мае песні і ў заяўленых праграмах, і на біс. Колькі гадоў таму выпускаўся збор беларускіх песень для Кітая — на кітайскай мове. Мая творчасць там таксама прадстаўлена. А “Крупіцкія музыкі” з маёй песняй “Сена маладое” выступалі ў Маскве на з’ездзе калгаснікаў — перад тагачасным Палітбюро, і Міхаіл Гарбачоў там таксама прысутнічаў. Як мне перадавалі, усміхаўся, слухаючы іх выступленне. “Сена маладое” ўвогуле стала своеасаблівай візітоўкай, хаця некаторыя не здагадваюцца, што гэта мая песня, і лічаць яе народнай. А яна скрозь аўтарская — і па музыцы, і па словах.
— Наконт музыкі — я заўжды ведала, што песня ваша. А словы — лічыла, народныя. Бо ў свой час Нацыянальная акадэмія навук друкавала некалькі тамоў фальклорных песенных тэкстаў, і вашы калегі часцяком звярталіся да тых выданняў, ствараючы ўласныя кампазіцыі, асабліва для хору. А “Сена маладое”, атрымліваецца, стылізацыя?
— Многія, як і вы, здзіўляюцца, але словы напісаў Валянцін Мыслівец, больш вядомы як журналіст і пісьменнік. Ён родам з вёскі ў Пухавіцкім раёне, добра зведаў і сялянскую працу, і песенны фальклор — не па кнігах, а непасрэдна з жыцця. Таму, мабыць, і патрапіў так выдатна ў народны струмень. Калі разабрацца, дык любыя фальклорныя прыклады спачатку былі аўтарскімі. А падхопленыя народам, пачалі перадавацца з вуснаў у вусны, адшліфоўвацца далей.
— У вас шмат песень і для дзяцей, і для вайскоўцаў — для ўсіх.
— Так, ёсць і дзіцячая опера, і музычная казка. У свой час ставілася мая народная музычная камедыя “Калі заспявае певень” на лібрэта вядомага пісьменніка і драматурга Георгія Марчука. Дый з Ансамблем песні і танца Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь шмат супрацоўнічаю. Ёсць і песні пра афганцаў. На нядаўніх урачыстасцях да Дня абаронца Айчыны выконваўся мой “Славянскі набат” на словы Сяргея Змітровіча. Тэматыка самая разнастайная.
— Словы песні “Янка”, якую мы друкуем у гэтым нумары, належаць Івану Цітаўцу, што таксама нядаўна святкаваў юбілей — 85-годдзе.
— Мы знаёмыя з ім больш як 30 гадоў. І столькі ж супрацоўнічаем і сябруем. Ён падышоў да мяне пасля аднаго з маіх канцэртаў, гаворыць: “У мяне ёсць вершы — паглядзіце”. Я іх пачытаў, некаторыя мне спадабаліся — і мы пачалі супрацоўнічаць, разам напісалі вельмі многа песень. “Янку” я яму замовіў: папрасіў штосьці вясёлае для народнага голасу, і ён прапанаваў мне гэты верш. А з песняй “Там каля крыніцы” ўвогуле была цікавая гісторыя. Імпульс там быў народны — першыя два радкі пра тое, як дзеўчына ходзіць да крыніцы па ваду сцежкай лугавой. Можна сказаць, гэтакі песенны архетып у тэматыцы і сюжэтным развароце: крыніца, сцежка і дзяўчына, якая павінна сустрэць сваё каханне. А ўсё далейшае я сам прыдумаў — і словы таксама, “паводле народных”. Прычым спачатку песня была без прыпеву. І шмат выконвалася ў такім выглядзе. Але я адчуваў, быццам чагосьці не стае, нейкі абарваны ў ёй фінал — так і просіцца працяг. І разам з ансамблем “Свята” мы зрабілі новы варыянт, ужо з прыпевам пра тое, што шчасце — у каханні, у любові. З прыпевам песня атрымалася нават больш “народнай”, чым раней.
— А для вас гэтая формула дзейсная? Пра тое, што шчасце — у любові.
— Канешне! Я пачаў песні складаць у падлеткавым узросце, калі ўпершыню закахаўся. Я ж дзетдомаўскі хлапец. Нарадзіўся ў час вайны. Маці вельмі хварэла. Дый наглядзелася жудаснага: на яе вачах хлопца танкам “прасавалі”. Як вызвалілі Мінск, патрапіла ў шпіталь: у яе на целе зоркі былі выпалены. А мяне адправілі ў дзіцячы дом — у Глуск. Ведаеце, праз сорак гадоў я прыехаў у Глуск, наведаў той дзіцячы дом. Там усё захавалася, як было, успаміны нахлынулі... Потым былі іншыя прытулкі, пасля 16-ці — самастойнае жыццё. Пайшоў у будаўнічае ПТВ, пасля заканчэння працаваў слесарам на заводзе. І ўвесь час спяваў у самадзейнасці, дый на гармоніку добра граў: усе танцы пад яго ішлі. А ўжо потым былі і Мінскае музычнае вучылішча, і Беларуская дзяржаўная кансерваторыя, дзе я канчаткова ўсвядоміў сябе кампазітарам. Спачатку вучыўся ў Пятра Падкавырава, пасля яго смерці заканчваў навучанне ў класе Дзмітрыя Смольскага.
— А на гармоніку ў дзіцячым доме граць навучыліся?
— Там былі балалайкі, домры, я самастойна іх засвоіў. У класе чацвёртым, як толькі Беларускае тэлебачанне з’явілася, спяваў там “Арлёнка”, які ўзлятаў “вышэй за сонца”, і “Санта Лючыю” — як Энрыка Каруза. А гармонік мне маці падарыла. Яна, як са шпіталя выходзіла, мяне знаходзіла і да сябе забірала. А як зноў ёй горш станавілася і ў шпіталь клалі, я ўжо сам ішоў у дзіцячы прыёмнік, і адтуль мяне ў які-небудзь дзіцячы дом накіроўвалі. Маці мела інваліднасць, але падпрацоўвала, эканоміла на ўсім. І купіла мне гармонік, а потым яшчэ і акардэон.
— Мабыць, захоўваеце тыя інструменты як рарытэты?
— Ды скралі іх. Гармонік знік у будаўнічым інтэрнаце, мы пакой ніколі не зачынялі. Акардэон я пазычыў, а мне яго не вярнулі. Што рэчы? Галоўнае — памяць. Ніколі не забудуся, як я пазнаў сваю маці. Я ж зусім маленькі быў, калі мяне ў дзіцячы дом забралі, нічога тады не памятаў, не разумеў. А вось як мы сустрэліся праз нейкі час — памятаю. Бачу, жанчына ідзе. І штосьці мяне ў сэрца адразу торкнула: мама! Сапраўды аказалася маці. Але ж як я яе пазнаў? Не ведаю. Мабыць, сэрца бывае больш мудрэйшым, чым усё астатняе.
— Песні вы таксама сэрцам пішаце, а не алоўкам?
— Натхненнем. Здараецца, музыка адразу складаецца. А бывае іначай: я і так і гэтак, а штосьці не атрымліваецца. Мучышся-мучышся, а мелодыя не ідзе. Месяц пройдзе — і раз, усё на адным дыханні. Калі гавораць, што творчасць — гэта найперш штодзённая праца, дык гэта тычыцца чаго заўгодна, акрамя ўласна мелодыі. Мелодыі нараджаюцца самі — па натхненні. Ад Бога гэта ідзе! А цяпер я працую над балетам, ды падрабязнасці не хачу пакуль раскрываць.
ВЫКАНАЛЬНІЦКІ ПАДЫХОД
Сярод пастаянных выканаўцаў песень Алега Чыркуна — ансамбль народнай музыкі “Свята”. Невыпадкова менавіта гэты творчы калектыў праводзіў юбілейны вечар кампазітара ў філарманічнай зале імя Рыгора Шырмы. Рыхтуецца выданне зборніка, куды патрапяць песні Алега Чыркуна з рэпертуару калектыву. Мастацкі кіраўнік ансамбля “Свята” Вячаслаў СТАТКЕВІЧ з вялікай павагай ставіцца да кампазітара і яго творчасці:
— Алег Чыркун — цудоўны меладыст. Дый чалавек добры: лагодны, справядлівы. Не ведаю, каб у яго былі “ворагі”, як часцяком здараецца ў творчым асяродку. Яго песні запамінальныя, адразу западаюць у душу. Мы як пачынаем якую песню вучыць, дык яна з галавы не выходзіць, круціцца ды круціцца: і не хацеў бы, а сама спяваецца. Такая блізкасць да народнай мелодыкі ў яго ў крыві, таму і спяваць яго песні мы лічым за шчасце. Ён з вялікай адказнасцю ставіцца да выканання, не кідае свае творы на волю лёсу, удзельнічае ў рэпетыцыях. Унікае ва ўсе дэталі зробленай аранжыроўкі, падказвае, дзе і што можна змяніць, каб атрымалася лепей: дзе якую сінкопу дадаць, дзе яшчэ штосьці дапісаць. Здаецца, у яго самога творчы працэс не спыняецца ніколі. Песня ўжо зроблена, выконваецца, пайшла ў народ, а ў яго яшчэ нейкія ідэі з’яўляюцца, як удасканаліць. Таму і мы натхняемся на творчы падыход, і ён, у сваю чаргу, заўсёды гатовы выслухаць нашы прапановы. Думаю, так у яго і з паэтамі складаецца — атрымліваецца сапраўднае творчае супрацоўніцтва, па духу блізкае фальклору.