— Можаце лічыць сябе першапраходцам, — усміхнулася Алена Віктараўна, — бо я даю першае інтэрв’ю ў маім жыцці. Дагэтуль толькі сама іх брала, яшчэ калі вучылася ў кансерваторыі і кіравала Студэнцкім навуковым таварыствам.
— А чаму вы абралі музыку і сталі менавіта музыказнаўцам? Мабыць, бацькі былі звязаны з мастацтвам?
— Яны былі энергетыкамі, родам з Пензы, але музычныя гены меліся. Бацька самавукам навучыўся граць на баяне і граў на ім да канца жыцця — па паўтары гадзіны на дзень. Казаў: "Пайду разамну пальчыкі". Яшчэ калі вучыўся ў Ленінградзе, наведваў філарманічныя канцэрты, оперныя спектаклі. Па размеркаванні патрапіў у Калінінград, я нарадзілася на Калініградчыне, у горадзе Чарняхоўску. А музыкай пачала займацца пад уплывам сястры. Яна старэйшая за мяне на дзевяць гадоў, і калі грала на піяніна, я прыкладала вуха да інструмента. А ў чатыры гады папрасіла, каб яна навучыла мяне. І адразу пачала сачыняць. У восем гадоў нават замахнулася на оперу, але ўсё абмежавалася некалькімі арыямі. У рэшце рэшт, перамагло музыказнаўства: у школе яно перамагло фартэпіяна, а далей — кампазіцыю, якой я працягвала займацца ў музычным вучылішчы. Тады здавалася, што гэтая спецыяльнасць дае больш прафесійных магчымасцей. А сёння, верагодна, наадварот. Таму мы думаем пра пашырэнне спецыялізацый. Так, было б мэтазгодна навучаць музыказнаўцаў і кампазітараў гукарэжысуры. Магчыма, адкрыць спецыялізацыю прыкладнога музыказнаўства, рыхтуючы менавіта лектараў, музычных крытыкаў. Але трэба рабіць гэта зыходзячы з кантынгента абітурыентаў. У адрозненне ад многіх іншых ВНУ, мы задоўга да іспытаў ведаем тых, хто прыйдзе да нас паступаць. Бо цягам года ладзяцца кансультацыі, педагогі выязджаюць у музычныя каледжы краіны на дзяржаўныя іспыты, для аказання метадычнай дапамогі. І, вядома, адсочваюць найбольш таленавітую моладзь. Таму калі ў кагосьці ёсць схільнасці да лектарскай і музычна-крытычнай дзейнасці, чаму б не сканцэнтраваць на гэтым увагу?
— У замежжы прыкладное музыказнаўства развіваецца паралельна з навуковым.
— Так, але ёсць адрозненні ў падрыхтоўцы. У многіх краінах яно выкладаецца не ў кансерваторыі, а ва ўніверсітэце, не прадугледжвае абавязковае валоданне фартэпіяна, уменне сачыняць тыя ж фугі — самую, бадай, складаную поліфанічную форму. А нашы музыказнаўцы абавязаны быць яшчэ і крыху кампазітарамі. І гэта, лічу, правільна, бо дае магчымасць спазнаць музычнае мастацтва знутры, паглыбіцца ў заканамернасці самога яго стварэння — і з гэтых пазіцый зусім іначай слухаць і ўспрымаць музыку, ставіцца да яе з большым разуменнем, што з’яўляецца неад’емнай часткай прафесіяналізму.
— Вы неяк вельмі плаўна і лагічна, проста-такі па законах сімфанічнага развіцця выйшлі на вытворчую праблематыку. Якія напрамкі дзейнасці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі з’яўляюцца на сёння для вас прыярытэтнымі? Уласна вучэбны працэс, навуковая, канцэртна-выканальніцкая дзейнасць, развіццё міжнародных сувязяў, міжвузаўскіх кантактаў, пашырэнне плошчаў за кошт дадатковага корпуса і многае іншае — на што будзеце звяртаць асаблівую ўвагу?
— На маю думку, кіраванне ўстановай адукацыі — у поўным сэнсе поліфанічны від дзейнасці, заснаваны на камплементарнасці, узаемадапаўненні складнікаў. Як у поліфаніі — усе галасы важныя, ніводны не дамінуе, кожны ў пэўны момант выходзіць на першы план.
— І што сёння на гэтым першым плане?
— Як ні банальна гучыць, матэрыяльна-тэхнічнае забяспечанне — у прыватнасці, капітальны рамонт, які чакае нас у 2023—25 гадах.
— Не баіцеся, што замест фуг вам давядзецца займацца будаўнічымі момантамі?
— Музыказнаўцу цяжка чымсьці спужаць. Бо калі ты засвоіў усе хітраспляценні гармоніі, поліфаніі, музычнага формаўтварэння, дык і ў будаўнічыя пытанні пры неабходнасці зможаш унікнуць.
— Як увогуле вы ўспрынялі сваё прызначэнне рэктарам, з якімі пачуццямі?
— Прызнацца, са складанымі. Найперш з пачуццём вялікай адказнасці. А яшчэ з сумневамі, уласцівымі ўсялякаму творчаму чалавеку. З агромністым жаданнем, каб музычная адукацыя развівалася як мага больш плённа. Каб усім музыкантам: і прафесарска-выкладчыцкаму складу, і студэнтам, магістрантам, аспірантам — было камфортна, каб сама атмасфера натхняла іх на творчыя здзяйсненні. Да гэтага абавязваюць і тыя поспехі, што ўжо дасягнуты ў нашай краіне ў галіне музычнай адукацыі. Самае галоўнае — створаны кластар, які ахоплівае навучанне на розных узроўнях, утварае пераемнасць між пачатковым, сярэднім і вышэйшым звёнамі.
— Жанчын-кіраўнікоў становіцца ўсё больш. І не толькі ў нас: гэта характэрна для ўсяго свету. У чым, на ваш погляд, плюсы і мінусы такой з’явы для калектыва і для самой жанчыны?
— Павелічэнне колькасці жанчын амаль ва ўсіх прафесіях і на ўсіх пасадах — гэта запыты цяперашняга часу, наступства агульных змяненняў ва ўсім чалавечым грамадстве. Навукоўцамі даказана, што ў жанчын дасягаецца большая гармонія між правым і левым паўшар’ямі галаўнога мозгу. Самой прыродай мы запраграмаваны на стратэгічнае бачанне, прыстасаваны да “турбулентнасці”. У нас развіта ўменне трымаць баланс, нягледзячы на неспрыяльныя знешнія ўмовы, узважваць усе “за” і “супраць”, што вельмі важна ў наш час. Ну а складанасці кіраўніцтва ўласцівы кожнаму, незалежна ад гендара.
— Творчыя людзі звычайна вельмі эмацыйныя, часам занадта. Кожны “ведае, як трэба”. Да таго ж сярод вашых цяперашніх “падначаленых” ёсць і вашы педагогі: вы з імі практычна памяняліся месцамі. Гэта дапамагае ці замінае?
— Адназначна дапамагае. Мы жывём адной сям’ёй, у калектыве многа вопытных педагогаў, прафесараў, і гэта не можа не дапамагаць. У маім лёсе, можна сказаць, здзейснілася так званая амерыканская мара, калі чалавек прыходзіць у фірму на самую сціплую вакансію, праходзіць усе прыступкі кар’ернага росту і становіцца “босам”.
— У вашым варыянце — хутчэй, “боса-новай”, калі закрануць музычную мову. Спачатку вы скончылі гэтую навучальную ўстанову, следам — аспірантуру пры ёй. Прыйшлі працаваць сюды выкладчыкам, сталі дацэнтам, потым — дэканам факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, нарэшце, першым прарэктарам і, як вяршыня лагічнай піраміды, — рэктарам.
— Тут ёсць прапушчанае звяно ланцужка: мой першы запіс у працоўнай кніжцы — лабарант кабінета сальфеджыа кафедры тэорыі музыкі. Так-так, раней была такая пасада! У 1990-я шмат чаго пераглядалася, уводзіліся новыя падраздзяленні. І мяне ўзялі на гэтую пасаду. Я выконвала метадычныя функцыі, рыхтавала аўдыядапаможнік па сальфеджыа, сістэматызавала вопыт вядучых выкладчыкаў. Нават праводзіла дадатковыя заняткі з тымі студэнтамі, у каго не надта добра складаліся адносіны з гэтай вельмі важнай для развіцця музычнага слыху дысцыплінай.
— А як вы ў Беларусь патрапілі?
— Можна сказаць, выпадкова. Калінінградцы — людзі мабільныя: калі хочаш вучыцца і чагосьці дасягнуць, трэба выязджаць. Прычым спектр кірункаў даволі вялікі: непадалёк і Санкт-Пецярбург (былы Ленінград), і ўся Прыбалтыка. Музычнае вучылішча я заканчвала ў Латвіі, таму бліжэйшы шлях быў у Рыжскую кансерваторыю, я нават ездзіла туды на кансультацыю. Але захварэла, паступленне давялося адкласці на год, і гэты час я выкладала ў сябе дома, у адной з музычных школ Калінінградскай вобласці. Пра Мінск не ведала нічога — і прывяла мяне сюды цікаўнасць, нават пэўны авантурызм. Ведаеце, што мяне тут уразіла больш за ўсё? Колеравая гама. Раней я жыла сярод гэтакай чырвона-шэрай палітры: цагляныя збудаванні, дождж быў з’явай самай звыклай. А тут — адчуванне, што пераважаюць белы і блакітны: блакітнае неба, белыя аблокі.
— Беларуская музыка таксама здалася вам гэткай “бела-блакітнай”? Вы, як і многія прадстаўнікі нашай музычнай культуры старэйшага пакалення, сутыкнуліся з ёю ўжо ў свядомым узросце, з добра развітым аналітычным, крытычным мысленнем.
— Я толькі паступіла ў кансерваторыю, і амаль адразу праходзіў пленум Беларускага саюза кампазітараў. Я ўсе канцэрты наведала! І прыйшла да высновы, што беларускія кампазітары рухаюцца ў рамантычным кірунку, абапіраючыся на меладычнасць, песеннасць. Яшчэ мяне вельмі ўразіла талерантнасць. Памятаю, тэлефаную маці: “Уяўляеш, мяне тут адразу за сваю лічаць! Ніхто не тыцкае, што я руская, а не мясцовая”. Але здзіўляла, што амаль ніхто па-беларуску не размаўляў. Ніяк уцяміць не магла, чаму так, ва ўсіх пра гэта запытвалася. І першае, што зрабіла — пачала вучыць беларускую мову. А як іначай? Гэта ж натуральна — ведаць мову краіны, дзе жывеш.
— І ўсё ж — што такое для вас Акадэмія музыкі?
— Дакладна не проста месца працы. Гэта, я сказала б, натуральны асяродак пражывання, не адзіны, бо ёсць яшчэ хатнія клопаты, але неабходны. У гэтым сэнсе я — бы чалавек-амфібія, які не мог жыць без вады: у адпачынку адчуваю, што чагосьці не хапае, нестае паветра. Бо тут пануе не вытворчасць, а шчырая творчасць, дзе выпадковых людзей папросту няма.