Ціха гучыць музыка (Янка Купала, “Спадчына”).
На фоне музыкі вядучыя чытаюць тэкст.
В1. Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія — мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі.
В2. Па дадзеных ЮНЕСКА, у свеце існуе больш за 6000 моў, 95% з якіх знаходзіцца ва ўжытку ў насельніцтва планеты. Частка моў не мае сваёй пісьменнасці. Больш за палову існуючых моў свету знаходзяцца на мяжы вымірання. Тысячы моў не выкарыстоўваюцца ў сістэме адукацыі і не прадстаўлены ў Інтэрнэце.
В1. Кожны месяц знікаюць дзве мовы. Яшчэ нядаўна налічвалася да 8000 самастойных моў. Сёння іх на 2000 менш.
В2. Мова — частка чалавечай культуры, гістарычнай спадчыны. Дзякуючы ёй працягваюць жыць традыцыі. Мова абуджае цікавасць да пазнання свету, садзейнічае праяўленню павагі да нашага мінулага і служыць элементам аб’яднання людзей, незалежна ад месца і часу іх пражывання.
В1. Чытае верш Ігара Пракаповіча.
Пагавары са мной на мове,
На нашай роднай, не чужой.
Адчуеш ты — у кожным слове
Душа яднаецца з душой.
І сэрца сэрцу адкрывае
Свае духоўныя сады —
Там салаўіны хор спявае,
Там смак крынічнае вады.
Там рэха продкаў прамаўляе
Малітвы светлыя здалёк,
Нібыта нас благаслаўляе
На добры шлях, на лёгкі крок.
У словах тых — надзеі нашы
І нашы мары пра жыццё.
Калі мы з мовай —
Нас не страшыць
Ні гвалт, ні мор, ні забыццё.
Пагавары са мной на мове,
Забудзь на час пра “языкі”.
Няхай гучаць у кожным слове
І продкі нашы, і вякі!
В2. Добры дзень, дарагія госці, удзельнікі бібліятэчнага інтэлектуальнага спрынт-конкурсу!
В1. Мы рады бачыць вас, шаноўныя сябры! І сёння мы пагаворым з вамі на роднай мове. І не проста пагаворым, мы з вамі паўдзельнічаем у конкурсе, каб выявіць найлепшых знаўцаў беларускай мовы.
В2. Пачынаем наш інтэлектуальны спрынт-конкурс. У нас ёсць тры каманды. За тры хвіліны вам патрэбна прыдумаць назву каманды.
Гучыць музыка.
Праз тры хвіліны ўдзельнікі агучваюць назвы сваіх каманд.
Кожная каманда вітае іншую апладысментамі.
В1. Давайце вызначым капітанаў. І дамовімся, што на пытанні адказваць будуць менавіта яны. Падчас конкурсу вам трэба будзе выканаць пэўнае заданне, і за правільныя адказы вы атрымаеце пэўную колькасць балаў. У чыёй скарбонцы іх акажацца больш, тая каманда і перамагае. Уважліва слухайце ўмовы кожнага задання. Гатовыя? Тады ў добры шлях!
В2. РАЗМІНКА “ЗАГАДКІ”.
Перш чым пачаць конкурс, правядзём невялічкую размінку — будзем адгадваць загадкі. Адказваюць капітаны, перад гэтым паднятай уверх рукой папярэдзіўшы аб гатоўнасці да адказу. За правільны адказ будзе залічаны адзін бал. Мы праверым вашу гатоўнасць да сур’ёзнага конкурсу.
1. Усе яго любяць, чакаюць, а глянуць, убачаць — адразу заплачуць. (Сонца)
2. У вадзе нараджаецца, а вады баіцца. (Соль)
3. Было жоўтым, вырасла зялёным, сонца пацалавала, зноў жоўтым стала. (Пшаніца)
4. Зранку ходзіць на чатырох нагах, удзень — на дзвюх, а ўвечары — на трох. (Чалавек у розныя ўзросты)
5. Вадкае, а не вада, белае, а не снег. (Малако)
6. У бацькоў і дзетак адзенне з манетак. (Рыба)
7. Што размаўляе на ўсіх мовах? (Рэха)
8. Кішэні не мае, а сонца хавае, страху не мае, але ад ветру ўцякае, вачэй не мае, але слёзы пралівае. (Хмара)
9. Не есць, не п’е, ходзіць і б’е. (Гадзіннік)
Падводзяцца вынікі.
В1. КОНКУРС “ПЕРАКЛАДЧЫКІ”.
Кожнай камандзе па чарзе я буду называць рускае слова, якое трэба хутка перакласці на беларускую мову. Першыя тры словы першай камандзе. Калі яна перакладае ўсе тры словы, то за кожны правільны адказ атрымае адзін бал.
1. Черника — чарніцы
Обида — крыўда
Одуванчик — дзьмухавец
2. Движение — рух
Неделя — тыдзень
Диван — канапа
3. Ковёр — дыван
Тряпка — ануча
Карандаш — аловак
1. Расписание — расклад
Уважение — павага
Оттепель — адліга
2. Варежка — рукавіца
Серёжки — завушніцы
Цепь - ланцуг
3. Учительская (комната) — настаўніцкі (пакой)
Грязь — бруд
Журнал — часопіс
1. Пылесос — пыласос
Брюки — штаны
Каблук — абцас
2. Ежевика — ажыны
Колокольчик — званочак
Забор — плот
3. Пол — падлога
Одеяло — коўдра
Воротник — каўнер.
Падводзяцца вынікі.
В2. КОНКУРС “ШАРАДА ПРАЛЕСКА”.
Умовы конкурсу: з літар, што ёсць у слове, за 3 хвіліны скласці новыя словы. Каманда, якая больш за ўсіх запіша слоў, атрымае адразу 3 жэтоны, наступная каманда — 2, у каго меней за астатніх — 1 бал.
Музыка.
ПРАЛЕСКА (палка, лес, парк, лепка, раса, пара, рака, лак, сера, лекар, кара, сала, ласка, рак, лапа, каса і інш.)
Падводзім вынікі.
В1. КОНКУРС “СЛОВАВЕДЫ”.
Я чытаю для кожнай каманды па чарзе словы і даю тры варыянты іх значэнняў. Камандзе неабходна выбраць правільны адказ, капітан агучыць яго. За правільнасць — 1 бал.
1. Поплаў — гэта…
а) выдатны плывец;
б) рачная трава;
*в) луг у пойме ракі.
2. Грэбля — гэта…
*а) насціл з бярвення або галля для праезду па гразкім месцы;
б) металічная насадка з размешчанымі пад прамым вуглом зуб’ямі;
в) становішча, якое выклікае пагарду і асуджэнне або прыніжае чыю-небудзь годнасць.
3. Каснік — гэта…
а) чалавек з касою або той, хто косіць;
*б) вузкая палоска, істужка;
в) травяністая шматгадовая расліна з мечападобнымі лістамі і вялікімі кветкамі сіняга, жоўтага і фіялетавага колеру.
4. Дыямент — гэта…
а) вялікі яркі метэор;
б) мера вагі, роўная 160 кілаграмам;
*в) алмаз, брыльянт.
5. Альтанка — гэта…
*а) летняя пакаёвая або садовая пабудова для адпачынку;
б) парода маленькіх хатніх сабачак з доўгай мяккай поўсцю;
в) тонкая празрыстая тканіна.
6. Знічка — гэта…
а) жывёліна або расліна, якая перастае існаваць, вымірае;
*б) зорка, якая падае;
в) рэч, якая згубілася, схавалася з віду, стала нябачнай.
Падводзяцца вынікі.
В2. КОНКУРС “ЛІТАРАТУРНАЯ КРЫЖАВАНКА”.
Гэтае заданне на хуткасць. Таму, як толькі здагадваецеся, пра што ідзе гаворка, паднімайце руку, але не ўсе, а толькі капітан. Перш абмяркоўваем у камандзе, а потым даём камандную версію.
1. Як называецца карціна прыроды ў літаратурным творы? (Пейзаж)
2. Фантастычнае апавяданне, заснаванае на паэтызацыі, услаўленні гістарычных падзей і народных герояў. (Легенда)
3. Невялікі, часцей вершаваны твор сатырычнага зместу з алегарычным сюжэтам і павучальнай канцоўкай (мараллю). (Байка)
4. Наданне нежывым прадметам ці з’явам прыроды ўласцівасцей жывых істот. Разнавіднасць метафары. (Адухаўленне)
5. Мастацкі твор, пераважна празаічны, у якім расказваецца пра шэраг падзей, што адбываюцца на працягу значнага перыяду жыцця галоўнага героя, паказваюцца яго ўзаемаадносіны з іншымі персанажамі. (Аповесць)
6. Сугучнасць канчаткаў вершаваных радкоў. (Рыфма)
Падводзяцца вынікі.
В1. КОНКУРС “ЗНАЎЦЫ БЕЛАРУСКАГА ФАЛЬКЛОРУ”.
Крынічнымі словамі, залацінкамі мудрасці называюць прыказкі. З іх дапамогай мы засвойваем і перадаём нашчадкам духоўныя скарбы народа. У іх — думкі цэлых пакаленняў, якія перадавалі адно аднаму сваю філасофію, вопыт, паэзію, моўнае майстэрства. Кожнай камандзе мы ўручым канверт з заданнем. У канверце прыказкі, але дзе тут пачатак, дзе канец — усё пераблыталася паміж сабой. Ваша задача — скласці правільныя адказы, злучыць лініяй пачатак і канец. Капітан каманды, якая справілася з заданнем, падымае руку для адказу. Конкурс спыняецца. Каманды даюць адказы. За кожны правільны адказ — 1 бал.
1. Адною рукою і вузла не завяжаш.
2. Госць на парог — гаспадыня за пірог.
3. Дзе розумам не дайду, то ў кніжцы знайду.
4. Ладзь калёсы зімой, а сані летам.
5. Лепей мець вераб’я ў руцэ, чым арла на суку.
6. Не раскусіўшы арэх, зерня не з’ясі.
7. Новых сяброў нажывай, але старых не забывай.
8. Са свайго языка спусціш — на чужым не зловіш.
9. Слухай многа, а гавары мала.
10. У добрую часіну сказаць, а ў ліхую прамаўчаць.
Падводзяцца вынікі.
В2. КОНКУРС “ПАЗНАЙ ПАРТРЭТ ПІСЬМЕННІКА”.
Умовы: кожнай камандзе мы паказваем 2 партрэты. Патрэбна назваць імёны (або псеўданімы) пісьменнікаў і паэтаў. Правільны адказ — 1 бал. Калі яшчэ назавяце твор, які належыць гэтаму майстру слова, то атрымаеце дадатковы бал.
1. Янка Купала, Уладзімір Караткевіч.
2. Якуб Колас, Пятрусь Броўка.
3. Максім Багдановіч, Рыгор Барадулін.
Падводзяцца вынікі.
В1. КОНКУРС КАПІТАНАЎ “ВЕРУ — НЕ ВЕРУ”.
Мы запрашаем капітанаў каманд. На мае сцверджанні вам трэба толькі адказаць “веру” ці “не веру”. Адказваем па чарзе. Правільны адказ — 1 бал.
• Усіх часцін мовы 10. (Веру)
• Слова “дзве” пішацца з мяккім знакам. (Не веру)
• Гук “р” звонкі. (Веру)
• Марфалогія — гэта раздзел навукі аб мове, у якім вывучаюцца словы як часціны мовы. (Веру)
• Назоўнік “дзверы” мае і адзіночны, і множны лік. (Не веру)
• Слова “клюква” з рускай мовы перакладаецца на беларускую як “ажыны”. (Не веру)
• У назоўніках “струменьчык, каменьчык, агеньчык” пішацца мяккі знак. (Веру)
• Азначэнне адказвае на пытанні “які? якая? чый? чыя? чыё?” (Веру)
• Слова “булён” пішацца з мяккім знакам. (Не веру)
• Слова “клоўн” пішацца з ў. (Веру)
• Радзіма, Бацькаўшчына, Айчына - амонімы. (Не веру)
• Прыметнік “хатынскі” пішацца з мяккім знакам. (Не веру)
• Зваротак з’яўляецца членам сказа. (Не веру)
• Фанетыка вывучае гукі, а арфаграфія — правапіс слоў. (Веру)
• “Боль, надпіс, палын, медаль” — назоўнікі жаночага роду. (Не веру)
Падводзяцца вынікі
В2. КОНКУРС “СТАРОНКІ МІНУЛАГА І СУЧАСНАГА”.
Запрашаем аднаго ўдзельніка ад кожнай каманды. Зрабіце некалькі крокаў уперад. Я буду задаваць пытанні вам па чарзе, на якія вы павінны даць адказы. За найбольшую колькасць правільных адказаў каманда атрымае на свой рахунак 3 балы, 2 і 1 — за найменшую колькасць правільных адказаў.
1. Як афіцыйна называецца наша краіна? (Рэспубліка Беларусь)
2. Другi хлеб беларусаў. (Бульба)
3. Птушка — сiмвал беларусаў. (Бусел)
4. Рэспублiканская дзiцячая газета на беларускай мове. (“Ранiца”)
5. Часопіс, якi з’яўляецца пасля дажджу. (“Вясёлка”)
6. Кнiга для першапачатковага навучання грамаце. (Буквар)
7. Марфема, якая стаiць перад коранем. (Прыстаўка)
8. Колькі галосных гукаў у беларускай мове? (6)
9. Даданы член сказа, які адказвае на пытанні: дзе? калі? куды? як? колькі? — гэта дапаўненне ці акалічнасць? (Акалічнасць)
10. Галоўныя члены сказа. (Дзейнiк і выказнiк)
11. Частка слова без канчатка. (Аснова)
12. Слова “аб’ява” пішацца праз апостраф ці мяккі знак? (Апостраф)
13. Па-руску — месяц июнь, а па-беларуску… (Чэрвень)
14. Па-руску — утро, а па-беларуску … (Раніца)
15. Па-руску — бумага, а па-беларуску… (Папера)
16. У гэтым горадзе ткалі знакамітыя паясы. (Слуцк)
17. Назавіце самы старажытны горад Беларусі. (Полацк)
18. Гэты горад — самы паўночны абласны цэнтр Рэспублікі Беларусь. (Віцебск)
19. Гэтая мінская рака — сімвал крывавых войнаў мінулага і трагедыі 1999 года. (Няміга)
20. Гэтае возера называюць беларускім морам. (Нарач)
21. Якая рака працякае ў Гомелі? (Сож)
22. У Пінкавічах знаходзіцца музей, які носіць імя гэтага народнага паэта Беларусі. (Якуб Колас)
23. У Вязынцы пад Мінскам знаходзіцца музей гэтага класіка беларускай літаратуры. (Янка Купала)
24. Першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага… (Навагрудак)
25. Колькі колераў мае беларускі сцяг? (Тры — зялёны, чырвоны, белы)
26. Якія кветкі маюцца на беларускім гербе? (Канюшына, лён)
27. Як называецца галоўная песня краіны? (Гімн)
28. Полацкая князёўна, дачка Рагвалода. (Рагнеда)
29. Беларуская святая, нябесная заступнiца зямлi беларускай. (Ефрасіння Полацкая.)
30. Незамужняя дачка князя. (Князёўна)
Падводзяцца вынікі.
В1. Паважаныя сябры! Наша спаборніцтва заканчваецца. Давайце падвядзём вынікі — падлічым балы.
В2. Заключнае слова
Каб белы свет не здаўся вузкім,
Каб годна жыць паміж людзей,
Любіце мову беларускую,
Любіце з кожным днём мацней.
Яна — жыцця першааснова,
Яна стагоддзяў зорны дым.
Калі забудзем, згубім мову,
Што скажам праўнукам сваім?
Музыка.
В.1 У нашай гульні перамагла каманда _________________.
Мы віншуем удзельнікаў і ўзнагароджваем іх дыпломамі. Гэтыя апладысменты таксама вам!
Але так проста ніхто ад нас не пойдзе. Для ўсіх удзельнікаў конкурсу мы падрыхтавалі сюрпрыз: вялікі смачны торт! Запрашаем на гарбату!
В2. Дзякуем усім за добрую гульню, за вашы веды! Да новых сустрэч!
Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі