Калектыву Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны праект абноўленай Канстытуцыі прадставіў начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Віталь Бейлін. Ён агучыў інфармацыю пра асноўныя змяненні і дапаўненні, патлумачыў важнасць правядзення рэспубліканскага рэферэндуму. Натуральна, найбольшую цікавасць у музейных спецыялістаў выклікалі тэзісы пра захаванне гістарычнай праўды і памяці, прышчапленне дзецям павагі да законаў і традыцый нашай краіны, бо менавіта на гэта скіравана праца музея.
Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў на чале з рэктарам Наталляй Карчэўскай зрабілі акцэнт на артыкулах, звязаных з сямейнымі каштоўнасцямі і выхаваннем маладога пакалення, захаваннем культурных традыцый, роллю Прэзідэнта і Усебеларускага народнага сходу ў грамадска-палітычным жыцці.
Больш за 80 чалавек на абмеркаванне праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі сабрала малая сцэна Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатры імя Максіма Горкага. Намеснік дырэктара Анастасія Шырай расказала супрацоўнікам пра гісторыю Асноўнага Закона і звярнула ўвагу на асаблівасці новай рэдакцыі. На пытанні прысутных адказалі дырэктар тэатра Эдуард Герасімовіч і мастацкі кіраўнік Сяргей Кавальчык.
Адкрыты дыялог таксама адбыўся ў Маладзёжным тэатры эстрады. З праектам змяненняў і дапаўненняў калектыў пазнаёмілі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч, палітычны аглядальнік тэлеканала «СТБ» Юлія Арцюх і другі сакратар Маскоўскага раённага камітэта БРСМ Павел Лапацінскі. Супрацоўнікі тэатра ахвотна выслухалі дакладчыкаў і выказалі пазіцыю наконт замацавання ў Канстытуцыі традыцыйных сямейных каштоўнасцей і адказнасці за захаванне памяці пра гераічны подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Абмеркаванне разгарнулася і ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. На сустрэчы калектыву з кіраўніцтвам установы і прадстаўнікамі Міністэрства культуры гаворка ішла пра зберажэнне традыцый, гістарычную памяць беларусаў, выхаванне моладзі, працу заканадаўчай і выканаўчай галін улады.
Плённай атрымалася размова пра абнаўленне Асноўнага Закона ў Музеі абароны Брэсцкай крэпасці. Сустрэча пачалася гістарычным экскурсам. Дацэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, кандыдат палітычных навук Эдуард Севярын асвятліў шлях станаўлення дакумента, звярнуў увагу слухачоў на пераемнасці перадавога вопыту і нязменнасці асноўных прынцыпаў, адлюстраваных у сучаснай Канстытуцыі. Запрошаныя спецыялісты далі вычарпальныя адказы на пытанні супрацоўнікаў. Падводзячы вынікі, дырэктар мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Рыгор Бысюк адзначыў, што частка ранейшых прапаноў ад калектыву знайшла адлюстраванне ў праекце Канстытуцыі і іншых заканадаўчых актах.
Таксама дыялогавыя пляцоўкі зладзілі ў Вялікім тэатры Беларусі, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы і дзясятках іншых устаноў рэспублікі. Актыўнае абмеркаванне абноўленай Канстытуцыі ў арганізацыях сведчыць, што дзеячы культуры разумеюць сваю адказнасць за будучыню краіны, падтрымку грамадзянскай згоды і зберажэнне спадчыны.